Дом па Піянерскай вуліцы, 18 — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва.
Гісторыя Пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя па вул. Малой Садовай. Прыватнаўласніцкі, жылы, даходны дом. У 1920-х гг. нацыяналізаваны, узяты на ўлік Гарадскім жыллёвым камітэтам і перададзены пад камунальнае жытло.
Будынак быў пашкоджаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. У канцы 1940-х гг. падчас аднаўленчых работ былі атынкаваныя фасады. У далейшым дом належаў Гаржылкамунгасу і выкарыстоўваўся як камунальнае жытло (з частковымі камунальнымі выгодамі). У другой палове 1980-х гг. пасля адсялення жыхароў быў праведзены капітальны рамонт.
Праводзіліся таксама археалагічныя даследаванні, у тым ліку прылеглай тэрыторыі. З 1996 г. у будынку размяшчаўся Магілёўскі рэгіянальны цэнтр занятасці насельніцтва. У 1998 г. была зроблена цагляная чатырохпавярховая прыбудова з боку вул. Піянерскай. З 2014 г. там месціцца ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама.
Архітэктура
Помнік архітэктуры ў стылі эклектызму. Двухпавярховы мураваны сіметрычны будынак, прамавугольны ў плане. Галоўным фасадам арыентаваны на чырвоную лінію вул. Піянерскай. Гладкія, атынкаваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі лучковымі аконнымі праёмамі з дугападобнымі сандрыкамі, на першым паверсе вокны з замковым каменем. Вокны другога паверха дэкарыраваны падаконнымі нішамі. На другім паверсе — прафіляваны гзымс. Унутраная планіроўка першапачаткова калідорнага тыпу. Сучасная планіроўка зменена. Дах двухсхільны.
Спасылкі
Катэгорыя:Піянерская вуліца (Магілёў) Катэгорыя:З’явіліся ў XIX стагоддзі Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Магілёве Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва Катэгорыя:Збудаванні Магілёва ў стылі эклектыкі