— японскі дыпламат, віцэ-консул Японскай імперыі ў Літве. Падчас Другой сусветнай вайны ён дапамог тысячам яўрэяў пакінуць краіну, выдаўшы ім транзітныя візы, дзякуючы якім яны трапілі ў Японію. Большасць бежанцаў былі яўрэямі з акупаванай немцамі Польшчы, якія пераехалі ў Літву. Сугіхара выдаваў візы, рызыкуючы ўласнай кар’ерай і жыццём сваім і членаў сваёй сям’і. У 1985 годзе Ізраіль назваў яго Праведнікам народаў свету.
Біяграфія Ціунэ Сугіхара нарадзіўся ў сям’і сярэдняга класа, быў другім сынам сярод пяці хлопчыкаў і дзяўчынкі. У 1912 годзе скончыў з адзнакай пачатковую школу і працягнуў навучанне ў аб’яднанай базавай і сярэдняй школе. У 1918 годзе паступіў ва ўніверсітэт Васэда, дзе вывучыў англійскую мову. У гэты ж час ён далучыўся да хрысціянскага братэрства баптысцкага пастара Гары Бакстэра Бенінгофа.
У 1919 годзе, здаўшы экзамен на стыпендыю Міністэрства замежных спраў, быў запрошаны на працу ў Харбін, дзе вывучыў таксама рускую і нямецкую мовы і стаў спецыялістам па дачыненнях з Расіяй. У Харбіне Сугіхара перайшоў у праваслаўе і ажаніўся з Клаўдыяй Сямёнаўнай Апалонавай. Пазней Ціунэ Сугіхара звольніўся з пасады прадстаўніка Японіі ў Маньчжурыі на знак нязгоды са стаўленнем японцаў да кітайскага насельніцтва. Працаваў таксама ў аддзеле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, перакладчыкам у японскай дыпмісіі ў Хельсінках.
У 1935 годзе Сугіхара і Клаўдыя Сямёнава развяліся; вярнуўшыся ў Японію, Ціунэ ажаніўся другім разам з Юкіка Кікучы (1913—2008), з якой мелі чатырох сыноўAnne Frank au Pays du Manga — Diaporama : Le Fils du Juste , Arte, 2012.
У 1939 годзе Сугіхара быў прызначаны віцэ-консулам Японіі ў Каўнасе (Літва). Сярод яго задачаў былі таксама даклады пра перамяшчэнні савецкіх і нямецкіх войскаў. Пасля далучэння Літвы да Савецкага Саюза ў 1940 годзе шматлікія яўрэйскія бежанцы з Польшчы і літоўскія яўрэі намагаліся атрымаць выязныя візы, без якіх было немагчыма пакінуць краіну і знайсці новую, дзе іх маглі б прыняць. Адным з дыпламатаў, хто займаўся дапамогай яўрэям, быў прадстаўнік нідэрландскага пасольства Ян Звартэндэйк, які дапамагаў ім выехаць праз Кюрасаа, карыбскую калонію Нідэрландаў, якая не патрабавала ўязной візы, а таксама яшчэ праз адну калонію Сурынам. Японскі ж урад на той час патрабаваў ад ахвотных атрымаць уязную візу выканання пэўных іміграцыйных працэдур і наяўнасці пэўнай сумы грошай, чаму значная большасць яўрэяў не адпавядалі. Сугіхара тройчы звязваўся з Міністэрствам замежных спраў па інструкцыі, і тройчы Міністэрства адмаўлялася змякчыць іміграцыйныя патрабаванні.
З 18 ліпеня 1940 года Сугіхара, адчуваючы, што заяўнікі апынуцца ў небяспецы, калі застануцца ў СССР, параіўшыся з сям’ёй, вырашыў выдаваць візы на ўласны страх і рызыку. Насуперак інструкцыям ён пачаў выдаваць яўрэям дзесяцідзённыя транзітныя візы праз Японію. Улічваючы ягоную пасаду і бюракратызм МЗС Японіі, гэта быў нечуваны акт непадпарадкавання. Ён таксама дамовіўся пра дазвол на праезд яўрэяў па Транссібірскай магістралі з савецкімі ўладамі, якія бралі за квіток пяцікратны кошт.
Сугіхара працаваў над выдачай віз 18-20 гадзін у дзень да 4 верасня, пакуль консульства не было закрыта. За гэты час ён паспеў выдаць японскія візы тысячам яўрэяў, якія таксама мелі права па іх вывезці ўласныя сем’і. Цэнтр Сімона Візенталя ацэньвае агульную колькасць выратаваных з ягонай дапамогай бежанцаў прыблізна ў 6000, а колькасць іхніх нашчадкаў, што засталіся жывымі дзякуючы ягонай ахвярнасці — у 40 000. Не ўсе з тых, хто атрымаў японскія візы, паспелі з’ехаць з СССР, і пазней былі схоплены нацыстамі і напаткалі той жа лёс, што і іншыя ахвяры Халакоста.
Дыпламатычны архіў Міністэрства замежных спраў апублікаваў два дакументы пра дзейнасць Сугіхары ў Літве. У першай ноце, датаванай 5 лютага 1941 года, Ціунэ Сугіхара паведамляе тагачаснаму міністру замежных спраў Ёсукэ Мацуоку, што 1500 з 2139 транзітных віз ён выдаў яўрэям і палякам. Другі дакумент згадвае пра яшчэ 3448 выдадзеных у Каўнасе віз, што агулам складае 5587. Больш за тое, «некаторыя іезуіты ў Вільнюсе працягнулі выдаваць візы з пячаткай і подпісам Сугіхары, якія ён пакінуў перад ад’ездам», што яшчэ павялічвае колькасць патэнцыйных бежанцаў з Еўропы дзякуючы ягонай дзейнасці.
Мноства бежанцаў па выдадзеных візах перасеклі Савецкі Саюз да Уладзівастока, адкуль пераправіліся ў японскі Кобэ, дзе існавала суполка расійскіх яўрэяў. Тут імі апекаваўся польскі пасол у Токіа Тадэуш Ромер. Са жніўня 1940 да лістапада 1941 года ён прадастаўляў візы для палітычнага прытулку ў Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, М’янме, іміграцыйныя сертыфікаты ў Брытанскі мандат у Палесціне, іміграцыйныя візы ў Злучаныя Штаты Амерыкі і некаторыя лацінаамерыканскія для больш як дзвюх тысяч польска-літоўскіх яўрэяў з Кобэ і Шанхайскага гета. Астатнія бежанцы, якія заставалася ў Японіі, пазней былі дэпартаваны ў Шанхай (тады пад уладай Японіі), дзе існавала вялікая яўрэйская суполка. Большасць з 20 000 жыхароў Шанхайскага гета перажылі Другую сусветную вайну.
Пасля Літвы Ціунэ Сугіхара працягнуў дыпламатычную службу ў Празе (Чэхаславакія), Кёнігсбергу (Усходняя Прусія, 1941—1942) і Бухарэсце (Румынія, 1942—1944). Пасля ўваходу ў Румынію савецкіх войскаў дыпламат з сям’ёй быў арыштаваны і правёў 18 месяцаў у лагеры для ваеннапалонных. Яны былі вызвалены ў 1946 годзе і праз Савецкі Саюз выехалі ў Японію. У 1947 годзе Міністэрства замежных спраў паспрасіла яго сысці ў адстаўку па скарачэнні штатаў. На думку некаторых, у тым ліку жонкі Сугіхары Юкіка, ён быў звольнены праз «той інцыдэнт» у Літве.
У кастрычніку 1991 года міністэрства паведаміла сям’ю Сугіхары, што яго адстаўка была часткай кадравых перастановак, якія адбываліся неўзабаве пасля заканчэння вайны. У дакладной запісцы 24 сакавіка 2006 года Міністэрства замежных спраў Японіі дадало, што слядоў спагнання з Сугіхары дысцыплінарнага пакарання не знойдзена, ён звольніўся дабраахвотна, аднак прычыны гэтага «цяжка высветліць». У сваім мемарандуме міністэрства ўхваліла ўчынак Сугіхары, назваўшы яго «мужным і чалавечным рашэннем».
Сям’я Сугіхараў пасялілася ў Фудзісаве (прэфектура Канагава). Каб пракарміць сям’ю, Ціунэ працаваў на розных некваліфікаваных працах, кшталту продажу лямпачак па хатах. У 1947 годзе адбылася трагедыя: у сямігадовым узросце памёр ягоны наймалодшы сын. Пазней Ціунэ ўладкаваўся генеральным дырэктарам у аддзяленне замежнай кампаніі. Карыстаючыся сваім веданнем рускай мовы, 16 гадоў сціпла жыў і працаваў у СССР, а сям’я заставалася ў Японіі.
Урэшце ў 1968 годзе яго знайшоў Ешуа Нішры, эканамічны аташэ ізраільскага пасольства ў Токіа і адзін з выратаваных Сугіхарам яўрэяў. У 1940-я Нішры быў падлеткам, які пераехаў у Літву з Польшчы. У наступным годзе Сугіхара наведаў Ізраіль, дзе быў сустрэты кіраўніцтвам дзяржавы. Удзячныя яму перасяленцы пачалі дамагацца ягонага ўключэння ў мемарыял Яд ва-Шэм.
У 1985 годзе Ціунэ Сугіхара атрымаў званне «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага ўрада. На той час ён ужо быў цяжка хворы і не змог прыехаць на ўшанаванне, таму замест яго ўзнагароду атрымалі жонка і сын. Ціунэ Сугіхару і ягоным нашчадкам было нададзена пажыццёвае грамадзянства Ізраіля.
У гэтым жа годзе, праз 45 гадоў пасля далучэння Літвы да СССР, ён адказаў на пытанне, чаму вырашыў дапамагчы яўрэям:
Сугіхара памёр у шпіталі ў Камакуры ў 1986 годзе. Нягледзячы на пашану, аказаную яму ў Ізраілі і іншых краінах, дома ён застаўся амаль невядомым. Толькі калі на ягонае пахаванне прыбыла вялізная дэлегацыя яўрэяў з усяго свету, у тым ліку пасол Ізраіля, ягоныя суседзі даведаліся пра ягоны подзвіг.
Ушанаванне памяці
Імем Ціунэ Сугіхары названы вуліцы ў літоўскіх Вільнюсе і Каўнасе, а таксама ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Ягонае імя носіць астэроід «25893 Сугіхара».
У родным горадзе Сугіхары — Яацу — пастаўлены помнік, а ў Каўнасе дзейнічае дом-музей.
Пасмяротна ўзнагароджаны літоўскім Крыжам уратавання жыцця (1993), Камандорскім крыжам Ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча (1996) і Камандорскім крыжам з зоркай ордэна адраджэння Польшчы (2007).
У 1997 годзе Крыс Ташыма і Крыс Донах’ю знялі пра Ціунэ Сугіхару фільм «Візы і цнота», які атрымаў Оскар за найлепшы кароткаметражны гульнявы фільм.
2 мая 2019 года ў Міры (Гродзенская вобласць) адкрылі мемарыяльную дошку Ціунэ Сугіхара.
Крыніцы
Літаратура
Yutaka Taniuchi (2001), The miraculous visas — Chiune Sugihara and the story of the 6000 Jews, New York, Gefen Books. Seishiro Sugihara & Norman Hu (2001), Chiune Sugihara and Japan’s Foreign Ministry : Between Incompetence and Culpability, University Press of America. Yukiko Sugihara, Visas for Life, translated by Hiroki Sugihara, San Francisco, Edu-Comm, 1995. Yukiko Sugihara, Visas pour 6000 vies, traduit par Karine Chesneau, Ed. Philippe Picquier, 1995.
Спасылкі
Святкаванне 100-годдзя Ціунэ Сугіхары Яўрэйская віртуальная бібліятэка Фундацыя «Візы для жыцця» Міністэрства замежных спраў Японіі Яд Вашэм — Праведнікі народаў свету
Катэгорыя:Дыпламаты Японіі Катэгорыя:Халакост у Літве Катэгорыя:Абаронцы яўрэяў падчас Халакоста Катэгорыя:Праведнікі народаў свету Катэгорыя:Прынялі праваслаўе Катэгорыя:Памерлі ад сардэчна-сасудзістых захворванняў