«Дэкало́г, тры» () — трэцяя частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 18 мая 1990 года.

Фільм «Дэкалог, тры» адпавядае трэцяй з Дзесяці запаведзяў: «Памятай дзень святы святкаваць».

Сюжэт Трэцяя запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Памятай дзень святы святкаваць». Пярэдадзень Божага Нараджэння. Януш (Даніэль Альбрыхскі), кіроўца таксі, пераапранаецца ў Святога Мікалая і прыносіць падарункі сваім дзецям і жонцы. Пазней ён здымае касцюм, і далучаецца да сямейнага святкавання. Пасля Януш з сям’ёй адпраўляецца ў касцёл на святочную імшу. У касцёле ён заўважае Эву (Марыя Пакульніс), з якой у яго тры гады таму быў раман.

Тым жа вечарам Эва прыходзіць к дому Януша і выклікае яго праз дамафон. Яна кажа, што шукае свайго мужа, які знік, і што ёй патрэбна яго дапамога. Януш пакідае дом, патлумачыўшы гэта тым, што нехта скраў яго таксі. Жонка Януша (Яанна Шчэпкоўска) нешта падазрае, і просіць яго не хадзіць. Януш адказвае, што таксі — іх адзіная крыніца даходаў, і ідзе. Януш і Эва праводзяць усю ноч разам, ездзячы па горадзе ў пошуках Эвінага мужа. Дарогай яны абмяркоўваюць сваё мінулае і цяперашняе. Януш вельмі хоча вярнуцца дамоў, каб святкаваць з сям’ёй, але Эва ўсяк хоча ўтрымаць яго побач з сабой і штораз робіць новыя і новыя захады, каб адшукаць мужа. Яны шукаюць яго ў бальніцах, у выцвярэзніку, на вакзале. У рэшце рэшт Януш пачынае здагадвацца, якую гульню вядзе Эва, але трымае гэта пры сабе.

А сёмай гадзіне раніцы Эва прызнаецца, што яна хлусіла Янушу. Яна даўно развялася з мужам, і ён ужо тры гады жыве са сваёй новай сям’ёй у Кракаве. Эва вымушана праводзіць святы ў адзіноце, назіраючы, як іншыя сем’і святкуюць у любові і спакоі, якіх у яе няма. Эва гаворыць, што гэтай ноччу яна рашыла згуляць у гульню: калі ёй удасца адарваць Януша ад сям’і і правесці ўсю ноч з ім, то ўсё ў яе жыцці пойдзе на лад. Калі ж не — яна скончыць жыццё самагубствам.

На світанку яны развітваюцца. Януш вяртаецца да сваёй сям’і, а Эва — да сваёй адзіноты. Калі Януш прыходзіць дадому, жонка прачынаецца і пытае ў яго: «Эва?». «Эва», — адказвае Януш. «Зноў будзеш сыходзіць па вечарах?» — пытае жонка. «Не. Не буду», — адказвае Януш.

Акцёрскі склад

Саўндтрэк

Выхад Прэм’ера фільма адбылася 7 верасня 1989 года на Венецыянскім кінафестывалі. Пазней фільм дэманстраваўся на Кінафестывалі ў Чыкага 19 кастрычніка 1989 года. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 18 мая 1990 года.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Фільмы-драмы 1989 года Катэгорыя:Фільмы Польшчы 1989 года Катэгорыя:Фільмы-драмы Польшчы Катэгорыя:Тэлевізійныя фільмы Польшчы Катэгорыя:Фільмы на польскай мове Катэгорыя:Фільмы пра Варшаву Катэгорыя:Фільмы Кшыштафа Кеслёўскага Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Кеслёўскага Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Пясевіча Катэгорыя:Фільмы, музыку да якіх напісаў Збігнеў Прайснер Катэгорыя:Фільмы, знятыя ў Польшчы Катэгорыя:Дэкалог (тэлецыкл)