Спа́са-Праабражэ́нская царква́, Спа́са-Ефрасі́ннеўская царква́, або проста Спа́ская царква́ — праваслаўнае сакральнае збудаванне ў Полацку, узведзенае ў XII стагоддзі і часткова перабудаванае ў XVII—XIX стагоддзях, калі была зменена канструкцыя даху і форма купала. Найбольш захаваны помнік полацкай школы дойлідства і адзіны цалкам захаваны храм дамангольскага перыяду на тэрыторыі Беларусі. Аб’ект Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ў цэнтры комплексу Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.
Гісторыя На просьбу княжны-чарніцы Ефрасінні (Прадславы) полацкі епіскап вызначыў ёй для жыцця Сяльцо паблізу Полацка, з царквой-пахавальняй, «дзе ж брація наша ляжы, перад намі быўшая епіскапамі». З «Жыція Ефрасінні Полацкай» некаторыя даследчыкі дапускаюць, што Ефрасіння магла пачаць будаўніцтва ў 1128—1129 гадах з блаславення епіскапа Міны.
Магчыма, царкву асвяціў паміж 1133 годам і пачаткам 1140-х гадоў епіскап Ілія, які ў гэты час (да 1145 года) займаў полацкую кафедру. Паводле іншых меркаванняў, царкву мог асвяціць пераемнік епіскапа Іліі Казьма, які быў полацкім епіскапам з 1143 па 1166 гады С. 165.. Аўтар «Жыція» апісвае гэту падзею наступным чынам:
Царкву за 30 тыдняў пабудаваў полацкі дойлід Іаан («муж нарачыты імем Іаан, прыстаўнік над дзелацелямі царкоўнымі», то-бок кіраўнік арцелі будаўнікоў) на заказ ігуменні Ефрасінні.
Падчас Лівонскай вайны (1558—1583) Спаскі манастыр моцна пацярпеў. У 1563—1580 гадах Полацк быў пад уладай Маскоўскай дзяржавы, вялікі князь маскоўскі Івана Васілевіч вярнуў у манастыр Крыж Ефрасінні, імаверна, праведзены рамонтныя работы. Імаверна, менавіта тады зроблена новая кроквавая сістэма пад чатырохсхільны дах замест першапачатковага пазакамарнага пакрыцця. Гнёзды ад дыяганальных кроквавых ног высеклі ў сценах барабана.
Першыя іканаграфічныя выявы храма звонку (калі не лічыць кцітарскай фрэскі) фіксуюць на гравюрах і малюнках сакратара і картографа Станіслава Пахалавецкага часоў аблогі Полацка войскамі Стэфана Баторыя ў 1579 годзе. Выявы даволі ўмоўныя і супярэчлівыя: на адным рысунку дах паказаны ўжо скатным, а на гравюры — пазакамарным.
У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторый перадаў будынкі запусцелага манастыра Полацкаму езуіцкаму калегіуму. Тэрыторыя манастыра была ператворана ў загарадную вілу для адпачынку полацкіх езуітаў. Законнікі аднавілі зруйнаваную царкву і, што адметна, пакінулі ёй стары праваслаўны тытул — Панскага Перамянення. Менавіта ў канцы ХVI — пачатку ХVII стагоддзя старая пазакамарная сістэма перакрыццяў была заменена на вальмавы дах з дахоўкі. Аб тым, што ў XVII стагоддзі адноўленая езуітамі святыня амаль не выкарыстоўвалася, сведчаць шматлікія хуліганскія графіці, пакінутыя на ўнутраных сценах тагачаснымі полацкімі шкалярамі.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) пасля чарговага захопу Полацка маскоўскім войскам у 1656 годзе пасля буйнога рамонту Спаса-Праабражэнскую царкву паўторна асвяцілі як праваслаўную ў прысутнасці цара Аляксея Міхайлавіча. У гэты перыяд на заходнім фасадзе былі збудаваны скляпенні буйной крытай паперці, а на хорах быў уладкаваны прыдзельны храм з цябловым іканастасам.
Пасля вызвалення горада ў 1667 годзе царква зноў перайшла ва ўладанне езуітаў, якія выкарыстоўвалі будынак як касцёл («касцёльчык у Спасе»). Ордэн праводзіў аднаўленчыя работы паміж 1728 і 1734 гадамі, а ў 1786 годзе святыню зноў рамантавалі з ініцыятывы рэктара Францішка Карэў. На мяжы XVII—XVIII стагоддзяў дах над храмам пакрылі дахоўкай, а пад будынкам стварылі скляпеністую крыпту з вонкавым уваходам з паўднёвага боку для пахавання генералаў ордэна. На шматлікіх спісах страчанага абраза канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя з выявай Ефрасінні Полацкай царква паказана ўжо з цыбулепадобным купалам і цалкам без першапачатковых галерэй.
Пад уладай Расійскай імперыі У 1800—1803 гадах будынак грунтоўна рэканструяваў прафесар архітэктуры езуіт Войцех Абрампольскі, дадаўшы элементы ранняга класіцызму. Да заходняга фасада быў прыбудаваны чатырохкалонны порцік на высокім стылабаце з класічным трохвугольным франтонам, у якім мясцілася невялікая званіца. Перабудаваная царква выконвала ролю своеасаблівага «антычнага храма» ў рэгулярным парку загарадняй езуіцкай вілы і служыла не столькі касцёлам, колькі сцэнічнай дэкарацыяй для школьных тэатральных пастановак. Набажэнствы тут правілі ўсяго некалькі разоў на год, а для мясцовых сялян — толькі па нядзелях і святах.
Падчас вайны 1812 года царква моцна пацярпела, але неўзабаве яе аднавілі. Стан будынка ў той перыяд зафіксаваны на карцінах мастакоў Вільгельма фон Кобеля і С. Коха, прысвечаных бітве за Полацк: на іх бачны высокі барабан храма з дадатковым ліхтаром на ім, чатырохсхільны дах (пакрыццё якога ўсё яшчэ было з дахоўкі) і званіца над заходнім фасадам. Падчас нападу французаў згарэў гістарычны алтарны абраз Панскага Перамянення, таму пасля вайны ў касцёле часова паставілі алтар з абразом Св. Тадэвуша. Інвентары таго часу фіксуюць гэтыя змены:
У 1819 годзе езуіты рыхтаваліся маштабна перабудаваць святыню «не ў ранейшым выглядзе», аднак у 1820 годзе ордэн быў скасаваны і гэтыя планы не ажыццявіліся. Будынак перайшоў да піяраў, а ў 1832 годзе расійскія ўлады перадалі царкву Маскоўскаму патрыярхату. У тым жа 1832 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара італьянскага паходжання А. Порты пачалася перабудова храма для надання яму «праваслаўнага выгляду». Порта выдаліў цэнтральную вежачку і каталіцкія пінаклі з франтона, адрамантаваў кроквавую сістэму і цалкам перабудаваў латэрну і крыж на купале. У 1833 годзе губернскі архітэктар А. Бусырскі выканаў абмеры і склаў праект перабудовы (ён памылкова прыняў порцік за гістарычную прыбудову), але гэты праект быў адхілены.
У жніўні 1833 года быў зацверджаны праект памочніка архітэктара Будаўнічага камітэта К. Лукіна, закліканы яшчэ больш падкрэсліць «праваслаўную старажытнасць». Паводле яго задумы калоны порціка былі разабраны і заменены паўкалонамі, на фасадзе ў тынкоўцы былі зноўку выяўлены закамары, а форма главы была зменена на лукавічную, пры гэтым архітэктар пакінуў схільны дах. Замест лёгкай каменнай званіцы ў франтоне ў 1834 годзе каля паўднёвага фасада збудавалі асобную драўляную званіцу, пазней замененую на мураваную. Перад храмам быў пабудаваны невялікі прытвор з кілепадобным завяршэннем даху. Асвячэнне «добралепа адрамантаванага Спасавага храма» адбылося 30 ліпеня 1839 года/ Рамонты канца XIX — пачатку XX стагоддзя вырашалі пераважна тэхнічныя задачы і практычна не змянілі знешні выгляд царквы.
XX стагоддзе У час Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі храм моцна пацярпеў. У 1918 годзе савецкія ўлады закрылі манастыр, і будынак працяглы час выкарыстоўваўся не па прызначэнні. Чарговы рамонт пачаўся толькі ў 1940-х гадах, але быў перапынены Вялікай Айчыннай вайной. Сваю дзейнасць як культавая ўстанова царква аднавіла падчас акупацыі ў 1943 годзе, а ў 1990 годзе перайшла ў склад Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.
Архітэктура
Царква з’яўляецца выдатным помнікам Полацкай школы дойлідства. Дойлід Іаан імкнуўся стварыць урачысты архітэктурны вежападобны манумент, помнік-рэквіем. Храм атрымаў вельмі выразнае кампазіцыйнае рашэнне. Гэта быў выцягнуты ў плане крыжова-купальны трохнефны шасцістоўпны аб’ём (даўжыня без апсіды 14,4 м, з апсідай 18,2 м, шырыня 9,8 м, таўшчыня сцен 1,24—1,8 м). У плане сабор мае амаль базілікальную выцягнутасць прапорцый па восі ўсход — захад, што таксама характэрна і для іншых заходнерускіх храмаў XII стагоддзя, такіх як Дабравешчанская царква ў Віцебску і Барысаглебская царква Бельчыцкага манастыра ў Полацку. Гэта дазваляе гаварыць пра фарміраванне ў гэты перыяд у Полацкіх зямлях сваёй архітэктурнай традыцыі, а, магчыма, і пра прыналежнасць гэтых храмаў да адной будаўнічай арцеліСпаса-Праабражэнская царква XII ст. .
Доўгі час у навуковай супольнасці існавалі розныя графічныя версіі першапачатковага выгляду храма (свае рэканструкцыі прапаноўвалі А. Паўлінаў, А. Някрасаў, М. Бруноў, І. Хозераў). Пазней найбольш распаўсюджанай стала версія П. Рапапорта і Г. Штэндэра, у якой яны ўключылі ў графічную рэканструкцыю так званыя дыяганальныя какошнікі ў аснаванні барабана. Аднак сучасныя даследаванні навукоўцаў з Эрмітажа (Я. Торшына і П. Зыкава) абверглі гэтую гіпотэзу, даказаўшы, што адбіткі на сценах належалі не каменным дыяганальным какошнікам, а драўляным канструкцыям — невялікім участкам першапачатковага даху.
Лічылася, што захаваны аб’ём храма з’яўляецца першапачатковым, аднак падчас археалагічных даследаванняў 2015 года (пад кіраўніцтвам Я. Торшына і А. Іаанісяна) былі выяўлены галерэі XII стагоддзя і экзанартэкс, што цалкам змяніла ранейшыя ўяўленні пра гістарычны выгляд будынка. Страчаныя галерэі вакол храма сёння пазначаны адрозным брукам.
Канструктыўныя асаблівасці і дэфармацыі Паводле археалагічных даследаванняў П. А. Рапапорта, падмуркі храма былі закладзены на шчыльны мацерыковы пясок пасля таго, як будаўнікі прарэзалі лінзу чырвонай гліны таўшчынёй каля 1 метра. Самі падмуркі былі складзены з камянёў насуха, без выкарыстання вапнавага раствору.
Сцены сабора выкладзены з плінфы ў традыцыйнай тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Пры гэтым дойлід Іаан прымяніў спецыфічны полацкі прыём: ён цалкам адмовіўся ад выкарыстання гарызантальных палос з неапрацаванага каменя на фасадах (камяні ішлі толькі ў забутоўку). Сам водступ схаванага рада плінфы ад плоскасці фасада быў мінімальным і складаў усяго 1—2 смЛазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007, ст.39-40.
Цэнтральны неф храма з усходу завяршаўся паўкруглай апсідай. Бакавыя паўднёвы і паўночны фасады падзяляюцца пілястрамі з паўкалонамі. Архітэктарам былі выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, выкананыя з бітай цэглы на багатым растворы. Яны забяспечвалі паступовы пераход да кубічнага пастамента-асновы для барабана і купала. Вынікам пазнейшай перабудовы XIX стагоддзя стала замена закамарнага пакрыцця двухсхільным насценным С. 166..
Першапачатковы дэкор барабана складаўся з некалькіх элементаў: над вокнамі былі ўладкаваны выступаючыя броўкі з цаглінамі-зубчыкамі, якія змыкаліся над плоскімі лапаткамі ў прасценках, утвараючы своеасаблівы пояс; вышэй размяшчаўся аркатурны пояс са спецыяльна вырабленых лекальных плінфаў; яшчэ вышэй — два рады парэбрыка і завяршальны аркатурны карніз. Гэтыя элементы захавалі сляды рознакаляровых афарбовак, нанесеных на першапачатковы тынковачны слой, напрыклад, пояс меандра быў адкрытым і неатынкаваным, але падфарбаваным чырвонай вохрай.
Як паказалі сучасныя інжынерныя даследаванні, асноўныя дэфармацыі і расколіны вонкавых сцен узніклі не праз з’яўленне новага даху ў XVI стагоддзі, а ў працэсе будаўніцтва крыпты ў пачатку XVIII стагоддзя. З-за гэтага ўмяшання апорныя слупы храма аселі (два з іх праселі настолькі, што цалкам выключыліся з працы), і нагрузка перайшла на вонкавыя сцены, якія адразу пайшлі буйнымі трэшчынамі. Будаўнікі XVIII стагоддзя вымушаны былі закласці цэглай усе аркасольныя нішы ў інтэр’еры для стабілізацыі канструкцыі. Акрамя таго, два ўваходы ў крыпту пад нартэксам, размешчаныя адзін насупраць аднаго, запатрабавалі разборкі падмуркаў, што практычна раскалола будынак на дзве асобныя часткі, якія пачалі «жыць сваім жыццём».
Інтэр’ер Унутраная прастора падзяляецца шасцю масіўнымі апорнымі слупамі на тры нефы, бакавыя з якіх вузейшыя і завяршаюцца паўкруглымі эксэдрамі ў тоўшчы ўсходняй сцяны. Унікальны прыклад выкарыстання дрэва ў апорных канструкцыях будынка адзначаны ў падкупальных слупах сабора. Дзве заходнія пары слупоў маюць унізе васьміграннае сячэнне, над якім размешчаны невысокія цыліндрычныя паясы. Вышэй за іх у якасці пераходу да арак у муроўку ўстаўлены квадратныя пліты таўшчынёй каля 16 см, якія выкананы з вельмі шчыльнага цёмна-карычневага дрэва (маранага дуба).