Падасінавік, краснагаловік, краснюк (Leccinum aurantiacum) — шапкавы базідыяльны грыб сямейства .
Апісанне Пладовае цела грыба — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—20 см, паўшарападобная, слабааксамітнавалакністая або гладкая, цёмна-чырвоная ці чырвона-аранжава-карычневая. Мякаць шчыльная, белая, на зломе сінее, потым чарнее. Трубачкі свабодныя. Ножка цыліндрычная, белая з цёмна-бурымі або чорна-бурымі лускавінкамі. Споры гладкія, бураватыя, верацёнападобныя.
Распаўсюджанне Пашыраны ў Паўночным паўшар’і, у т.л. па ўсёй Беларусі. Расце пераважна ў асінавых лясах у чэрвені — верасні. Трапляецца ў лясах з бярозай, радзей з дубам, елкай, хвояй.
Ёсць некалькі форм. Падасінавік дуброўны з цагельна-бураватай шапкай і пурпурова-бурымі лускавінкамі на ножцы. Падасінавік жоўта-буры, або асінавік расце ў хваёвых лясах, мае чорна-бурыя лускавінкі на ножцы.
Выкарыстанне Ядомы грыб.
Літаратура Падасінавік // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Т. 2. — Мн.: БелСЭ. 1979.
Катэгорыя:Балетавыя (сямейства) Катэгорыя:Грыбы Еўразіі Катэгорыя:Грыбы Паўночнай Амерыкі Катэгорыя:Ядомыя грыбы