Рудо́льф Ва́льтэр Ры́хард Гес (; — ) — нямецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч. Член НСДАП, намеснік Гітлера па партыі (21 красавіка 1933 — 12 мая 1941), рэйхсміністр без партфеля (29 чэрвеня 1933 — 12 мая 1941), Рэйхсляйтар (2 чэрвеня 1933 — 12 мая 1941). Обергрупенфюрар СС і обергрупенфюрар СА. На Нюрнбегскім трыбунале прысуджаны да пажыццёвага зняволення.
Маладыя гады Рудольф Гес, старэйшы з трох дзяцей Фрыца Геса, багатага гандляра з Баварыі, і яго жонкі Клары Гес (у дзявоцтве — Мюнх), нарадзіўся 26 красавіка 1894 года ў Александрыі, Егіпет. Брат Рудольфа — Альфрэд, нарадзіўся ў 1897 годзе, а яго сястра — Маргарыта, нарадзілася ў 1908. Сям’я жыла на ўзбярэжжы Міжземнага мора на вілле каля Александрыі. Пасля 1900 года сям’я праводзіла лета ў Германіі ў фіхтэльсткіх гарах, што зараз на мяжы з Чэхіяй.
Гес наведваў нямецкамоўную пратэстанцкую школу ў Александрыі з 1900 па 1908 год, пасля вяртання сям’і ў Германію ён працягнуў адукацыю ў горадзе Бад-Годэсберг. Рудольф паказваў добрыя здольнасці ў матэматыцы, але бацька хацеў, каб сын пераняў сямейны бізнес, таму Гес-старэйшы адправіў сына вучыцца ў Швейцарыю ў 1911 годзе ў Вышэйшую школу эканомікі горада Неўшатэль. Пасля трох гадоў навучання Гес атрымаў месца ў гандлёвай кампаніі Гамбурга.
Першая Сусветная вайна Адразу пасля пачатку вайны Гес быў запісаны ў 7-мы Баварскі полк палявой артылерыі. Баявым «хрышчэннем» для Геса стала бітва на Соме супраць брытанцаў, затым — першая бітва за Іпр. 9 лістапада 1914 года ён быў пераведзены ў 1-шы пяхотны полк, які стаяў пад Арасам.
Рудольф у красавіку 1915 года атрымаў званне гефрайтара (яфрэйтар) і Жалезны крыж 2-га класа. Пасля падрыхтоўкі ў мюнстэрскім трэніровачным лагеры Гес прасунуўся ў званнях да віцэ-фельдфебеля.
Вярнуўся на фронт у лістападзе 1915 года. Атрымаў запаленне лёгкіх і прабыў у шпіталі 2 месяцы. У маі 1916 года Гес пачаў удзельнічаць у бітве пад Вердэнам, а 12 чэрвеня атрымаў раненне шрапнеллю ў левую руку і далонь. Пасля некалькіх месяцаў выздараўлення Рудольф быў пасланы ізноў у раён Вердэна, дзе і прабыў да канца 1916 года.
Пасля Гес стаў камандзірам узвода 10-й роты 18-га Баварскага рэзервовага пяхотнага палка, які знаходзіўся ў Румыніі. Там ён быў паранены 2 разы. Першы раз — 23 ліпеня 1917 года, калі асколак патрапіў у левую далонь, а другі раз — 8 жніўня таго ж года, калі куля патрапіла ў грудзі. Тады ж Гес быў адпраўлены ў шпіталь спачатку ў Венгрыю, а потым — у Германію.
У кастрычніку Рудольф артымаў званне лейтэнанта, і быў рэкамендаваны да ўзнагароджання Жалезным крыжам 1-га класа, але так яго і не атрымаў.
У сярэдзіне сакавіка 1918 года ён пачаў двухмесячныя курсы па навучанні лётным навыкам і 15 мая паступіў у 4-ю летнюю школу ў лагеры Лечфельд, блізу Аўгсбурга, дзе праходзіў інтэнсіўныя трэніроўкі на самалёце. 14 кастрычніка Геса выпусцілі з лётнай школы, але паўдзельнічаць у паветраных баях той не паспеў, бо 11 лістапада было аб’яўлена перамір’е.
Першыя пасляваенныя гады Гес быў звольнены з арміі ў снежні 1918 года. Дабрабыт сям’і рэзка пайшоў на спад, бо бізнес, які мела сям’я Гесаў у Егіпце, быў канфіскаваны брытанцамі. Рудольф далучыўся да таварыства Туле (антысеміцкай правай групы Народнага руху), і таксама ўступіў у Фрайкор (параваенная добраахвотная арганізацыя, якая дзейнічала ў Германіі ў тыя часы). У Баварыі ў тыя часы мела месца крывавая барацьба між групоўкамі левых (камуністы) і правых радыкалаў (адзін з іх — Фрайкор). Гес не быў у баку ад гэтай барацьбы, увесну 1919 года Рудольф быў лідарам атрада, які распаўсюджваў антысеміцкія лістоўкі ў Мюнхене.
thumb|Карл Гаўсгофер і Рудольф Гес Увосень 1919 года Рудольф быў залічаны ў Мюнхенскі ўніверсітэт, дзе вывучаў эканоміку і гісторыю. Выкладчыкам геапалітыкі ў Геса быў Карл Гаўсгофер, распрацоўшчык ідэі «жыццёвай прасторы», якой Гаўсгофер тлумачыў факт заваёвы дадатковых зямель для немцаў ва Усходняй Еўропе. Пазней Гес прапанаваў гэту ідэю Гітлеру, і гэта стала адным са слупоў ідэалогіі НСДАП.
Ільзэ Проль, якая навучалася разам з Гесам ва ўніверсітэце, пазнаёмілася з ім у красавіку 1920 года, калі яны побач здымалі пакоі. Яны ажаніліся 20 снежня 1927 года, а іх сын — Вольф Рудзігер Гес нарадзіўся пазней, у 1937 годзе.
Знаёмства з Гітлерам Пасля таго, як у сакавіку 1920 года Гес упершыню патрапіў на мітынг НСДАП, дзе выступаў Гітлер, першы быў у поўным захапленні ад другога.
Гес стаў цалкам давяраць Гітлеру. Яны падзялялі меркаванне, што Германія пацярпела паражэнне з-за здрады, арганізаванай яўрэямі і бальшавікамі, а не з-за ваеннага разгрому. Рудольф далучыўся да партыі 1 ліпеня і атрымаў партыйны білет нумар 16. Партыя расла, патрабаваліся большыя памяшканні для правядзення партыйных сходаў, таму былы артылерыст стаў адказны за збор грошай і арганізацыю мерапрыемстваў. 4 лістапада 1921 года Гес быў паранены, абараняючы Гітлера ад выбуху бомбы, закладзенай марксістамі ў піўной Хофбрайхаус пад час партыйнага сходу. Гес далучыўся да СА ў 1922 годзе і дапамагаў арганізоўваць і набіраць новых сяброў гэтай арганізацыі.
Тым часам нарасталі праблемы ў эканамічным жыцці Германіі: гіперінфляцыя знішчыла фінансавую сістэму. Калі нямецкі ўрад адмовіўся плаціць рэпарацыі і французскія войскі акупавалі прамысловыя раёны Руру ў студзені 1923 года, вынікам стала шырокае грамадскае непадпарадкаванне ўраду і акупантам. Гітлер вырашыў, што прыйшоў час зрабіць спробу ўзяць уладу ў свае рукі па прыкладзе маршу на Рым у сакавіку 1922 года з Беніта Мусаліні на чале. Гес быў разам з Гітлерам 8 лістапада 1923 года, калі будучы фюрар і атрады СА ўварваліся на сход, арганізаваны дзяржаўным камісарам Баварыі Густавам фон Карам, які праходзіў у піўной Бюргербраўкелер. Гітлер заявіў аб пачатку нацыянальнай рэвалюцыі і фарміраванні новага ўрада на чале з генералам Эрыхам Людэндорфам. Раніцай Гітлер і некалькі тысяч яго паслядоўнікаў зрабілі спробу прарвацца ў цэнтр горада і захапіць будынак міністэрства абароны. Але нацыстаў сустрэлі агнём: 14 нацыстаў і 4 паліцэйскія былі забіты, а Гітлера 11 лістапада арыштавалі.
Тым часам Гес і некалькі байцоў СА захапілі чыноўнікаў у палон ноччу 8-га лістапада і вывезлі іх за Мюнхен. Калі наступным днём Рудольф выйшаў паразмаўляць па тэлефоне з Гітлерам, закладнікі дамовіліся з шафёрам, каб той іх вызваліў. Гес вярнуўся ў Мюнхен і застаўся ў Хаўсхофера. Прафесар дапамог яму перабрацца ў Аўстрыю, але потым сам пераканаў Рудольфа вярнуцца назад. У выніку былы студэнт быў арыштаваны і асуджаны да 18 месяцаў турмы за яго ролю ў спробе перавароту. Гітлер атрымаў 5 гадоў зняволення, а НСДАП і СА былі забаронены.
І Гес, і Гітлер адбывалі пакаранне ў турме горада Ландсберг, дзе Гітлер пачаў працаваць над сваёй кнігай Майн Кампф (Мая барацьба), якую запісвалі зняволеныя Гес і Эміль Морыс. Запісаная Максам Аманам, Гесам і іншымі, кніга была апублікавана ў 2-х частках у 1925 і 1926 гадах. Пазней яна была выдадзена ў адной кнізе, тады і стала лепшым бестселерам 1930 года. Твор Гітлера стаў падмуркам палітычнай платформы НСДАП.
Гітлер быў вызвалены 20 снежня 1924 года, а Гес — на 10 дзён пазней. Забарона дзеяння НСДАП і СА была анулявана ў лютым 1925 года. Партыя вырасла да 100 тыс. сяброў у 1928 годзе і да 150 тыс. у 1929 годзе. Партыя набрала толькі 2,6 % на выбарах у рэйхстаг 1928 года, але з кожным годам падтрымка ў грамадстве партыі расла.
Гітлер зрабіў Геса сваім асабістым сакратаром у красавіку 1925 года з заробкам у 500 рэйхсмарак штомесяц, а 20 ліпеня 1929 года Рудольф стаў персанальным ад’ютантам фюрара. Гес дапамагаў фюрару арганізоўваць прамовы па ўсёй краіне і стаў асабістым сябрам Адольфа. У снежні 1932 года Гес стаў адмысловым палітычным упаўнаважаным у партыі.
Захоўваючы цікаўнасць да пілатаванні пасля заканчэння сваёй ваеннай кар’еры, Рудольф Гес атрымаў пасведчанне пілота 4 красавіка 1929 года. У 1930 годзе Гесу падаравалі самалёт BFW M.23b, які быў набыты партыйнай газетай Фёлькішэ Беабахтэр. Пазней Гес набыў яшчэ некалькі самалётаў кампаніі Месершміт, праводзіў шмат часу за штурвалам, у выніку стаў добрым пілотам аднаматорных самалётаў.
Намеснік фюрара 30 студзеня 1933 года Гітлер стаў рэйхсканцлерам. Гес быў прызначаны намеснікам фюрара ў НСДАП 21 красавіка і быў прызначаны ва ўрад рэйхсміністрам без партфеля 1 снежня 1933 года. Гес быў адказны за некалькі дэпартаментаў, уключаючы замежныя справы, фінансы, здароўе, адукацыю і юстыцыю. Усе законы праходзілі праз яго офіс за ўзгадненнем, акрамя пытанняў арміі, паліцыі і міжнародных адносін, таму Рудольф ствараў і падпісваў шматлікія пастановы Гітлера. Арганізатар штогадовых партыйных з’ездаў у Нюрнбергу, ён звычайна казаў першым прамову і прадстаўляў Гітлера сходу. Гес таксама прамаўляў па радыё і на сходах па ўсёй краіне, таму хутка яго прамовы былі сабраны і выдадзены ў 1938 годзе. Гес выступаў прадстаўніком Гітлера на перамовах з прамыслоўцамі і іншымі прадстаўнікамі ўплывовых колаў. Рудольф нарадзіўся ў замежжы, таму фюрар загадаў яму сачыць за дзейнасцю груп НСДАП за межамі Германіі. Гітлер таксама загадаў Гесу асабіста кантраляваць усе судовыя прысуды, якія тычацца ворагаў партыі. Гес меў права ўзмацніць пакаранне, калі б палічыў, што яно занадта мяккае. Гэта значыла, што асобу накіроўвалі ў канцлагер, або забівалі. Гес атрымаў званне обергрупэнфюрара СС у 1934 годзе, што было другім па статусе званнем у гэтай структуры.
Нацысты пачалі пераслед яўрэяў адразу, як прыйшлі да ўлады. Структура Геса мела частковае дачыненне да ўвядзення Гітлерам Нюрнбергскіх законаў 1935 года, якія моцна паўплывалі на далейшае жыццё іудзеяў у Германіі. Забараняліся шлюбы паміж яўрэямі і немцамі, яўрэі пазбаўляліся ўсіх грамадзянскіх правоў. Карл Хаўсхофер — выкладчык Геса, меў жонку, якая была напалову яўрэйкай, таму сям’я падпадала пад дзеянне гэтых законаў. Але Гес зрабіў неабходныя паперы, якія абаранялі сям’ю прафесара ад дзеяння Нюрнбергскіх законаў.
Гес не шукаў улады і грошай, не гуртаваў вакол сябе прыхільнікаў і паслядоўнікаў. Ён быў цалкам адданы Гітлеру і хацеў быць карысным фюрару. Рудольф жыў у сціплым доме ў Мюнхене. Хаця Гес меў менш улады, чым астатнія партыйныя лідары, Рудольф быў папулярны ў масах. Пасля ўварвання ў Польшчу ў верасні 1939 года Гітлер зрабіў Геса другім чалавекам у партыі, пасле Германа Герынга.
Гес пільна сачыў за сваім здароўем, кансультаваўся з шматлікімі дактарамі, пра што ён казаў сваім турэмшчыкам у Англіі, пералічваючы праблемы з ныркамі, кішкамі, жоўцевым пухіром, сэрцам. Як і Гітлер, Гес быў вегетарыянцам, не курыў і не піў алкаголю. Некаторы час Рудольф прывозіў сваю ежу нават у стаўкі фюрара Бергхоф, але па загаду Гітлера гэтая практыка скончылася.
Гес быў аматарам музыкі, захапляўся чытаннем кніг, любіў бавіць час у гарах са сваёй жонкай Ільзай. Ён і яго сябра, сын прафесара Хаўсхофера, Альбрэхт, захапляліся астралогіяй, акультызмам. Гес таксама захапляўся авіяцыяй. Гес нават выйграў авіяцыйныя гонкі ў 1934 годзе, кіруючы самалётам BFW M.35, зрабіўшы круг вакол гары Цугшпільтэ і вярнуўшыся ў Мюнхен за 29 хвілін. Калі пачалася Другая сусветная вайна, Гес прасіў дазволу стаць лётчыкам Люфтвафэ, але фюрар забараніў для яго ўсе палёты на час вайны. Але Гес выпрасіў скараціць тэрмін забароны да аднаго года.
Беспаспяховая мірная місія