Беларусы ў Польшчы — адна з найбуйнейшых нацыянальных меншасцяў. Паводле перапісу 2002 года, у Польшчы жыве 50 тысяч беларусаў, пераважна ў Падляскім ваяводстве (96,6 %; найбольш у Беластоку — 7,5 тысяч). Тым часам, паводле падлікаў Пятра Эбергарта, ў 1992 годзе іх колькасць складала 215 тысяч чалавек, а паводле Марка Галушка колькасць беларусаў дасягае 230 тысяч.
На думку польскага даследчыка К. Падляскага, у канцы 1980-х у Польшчы жыло ад 250 да 400 тысяч беларусаў, паводле звестак Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — 290 тысяч (1/3 ейных вернікаў). Паводле статыстыкі выбараў у сойм у 1989 годзе на Беласточчыне беларусы складалі 30 % насельніцтва (206,8 тысяч чалавек), у тым ліку ў Беластоку 25 % (65,5 тыс. чал.), Бельску Падляскім і Гайнаўцы па 65 % (адпаведна 17,2 і 15,1 тысяч чалавек). Паводле перапісу беларускую мову ў штодзённых зносінах ужывае толькі 40,6 тысяч чалавек.
Абароне правоў і інтарэсаў беларускай дыяспары ў Польшчы спрыяюць Дэкларацыя пра беларуска-польскія адносіны (кастрычнік 1990), пагадненне пра супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам народнай адукацыі Польшчы (сакавік 1992), беларуска-польскі Дагавор пра добрасуседства і супрацоўніцтва ад 23 чэрвеня 1992 года.
Рассяленне
Беларусы ёсць аўтахтонным насельніцтвам Усходняй Беласточчыны, якая ў 1944 годзе перададзена Польшчы. Беларусы афіцыйна пераважаюць колькасна ў чатырох гмінах Падляскага ваяводства, адрозніваючыся такім чынам ад іншых нацыянальных меншасцяў Польшчы (апроч іх адно літоўцы ствараюць абсалютную большасць насельніцтва ў Пунскай гміне). У 12 гмінах ваяводства (у тым ліку ў гарадах Бельску Падляскім і Гайнаўцы) беларусы складаюць больш за 20 % насельніцтва, што, згодна з законам ад 6 студзеня 2005 года, дало ім права на ўжыванне двухмоўных назваў геаграфічных аб’ектаў і выкарыстанне беларускай мовы ў кантактах з урадам. З 21 чэрвеня 2007 года беларуская мова стала афіцыйнай у Гайнаўцы. Адпаведную ўхвалу на ўнёсак Беларуска-народнай фракцыі прыняла гарадская РадаHajnówka: Obsłużą po polsku i białorusku Gazeta Współczesna 22.06.2007 .
Колькасць беларускага насельніцтва ў 16 гмінах Падляскага ваяводства%Гміна Чыжы81,81 </tr>Гміна Дубічы-Царкоўныя81,33 </tr>Гміна Орля68,93 </tr>Гміна Гайнаўка64,91Гміна Нараў49,23Гміна Бельск Падляскі46,68Гміна Нарэўка47,27Гміна Кляшчэле41,83Гміна Чарэмха28,71Гайнаўка26,41Гміна Грудак23,07Бельск Падляскі20,66Гміна Нужац-Стацыя16,36Гміна Міхалова14,17Гміна Міляйчыцы13,09Гміна Белавежа11,54
Праведзенае ў 1992 годзе анкетнае даследванне абапіралася на выяўленні і параўнанні колькасці прадстаўнікоў меншасцяў у Польшчы паводле афіцыйных звестак, паводле меркавання гмінных уладаў і паводле меркавання прадстаўнікоў арганізацый меншасцяў. Паводле афіцыйных звестак (1976) лічба беларусаў акрэслівалася ў 180 тысяч асоб, паводле ацэнак гмінных уладаў (1992) колькасць беларусаў складала 76 тысяч, а паводле ацэнак беларускіх арганізацый (1992) — 400 тысяч асоб. Разам з тым даследчык Люцыян Адамчык падкрэслівае, што даныя анкетных даследванняў не абапіраліся на самадэкларацыі грамадзян, а афіцыйныя звесткі былі часта значна скажоныя па палітычных прычынах. Так, колькасць нямецкай меншасці была ацэнена ў 3 тыс. асоб, у той час як гмінныя ўлады ацэньвалі яе колькаснасць у 260 тыс., а ўласна арганізацыі нямецкай меншасці — у 250—300 тыс. Такім чынам, колькасць немцаў Польшчы была заніжана, як мінімум, у 83 разыAdamczuk, L. Mniejszości narodowe w Polsce w 1992 roku // Białoruś, Czechosłowacja, Litwa, Ukraina: mniejszości narodowe w świetle spisów statystycznych XIX—XX. Liczebność i rozmieszczenie: [materiały z międzynarodowej konferencji Samoidentyfikacja Narodowa i Religijna a Sprawa Mniejszości Narodowych i Religijnych w Europie Środkowo-Wschodniej / red.: J.Skarbek. — Lublin: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 1993] — С. 113—122..
Польская даследчыца Андрыяна Скарупска падкрэслівала пэўныя цяжкасці з дакладным вызначэннем колькасці беларусаў у Польшчы, што было абумоўлена недасканаласцю методык падліку (адсутнічала прамое пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці), а таксама тым фактам, што колькасць беларусаў вызначалася толькі праз статыстыку, якая фактычна датычылася толькі праваслаўных. Спецыяліст таксама адзначала феномен падвоенай, няпэўнай альбо рэгіянальнай самасвядомасці сярод шэрагу жыхароў беларуска-польскага памежжаСкарупска, А. Беларуская меншасць у Польшчы // Беларусь і Польшча пасля пашырэння Еўрапейскага саюза: [zbiór artykułów / red.: M.Krzysztofowicz. — Warszawa: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 2005] — С. 213—221..
Паводле даных перапісу насельніцтва Польшчы 2011 г. беларускае насельніцтва склала 43 878 чалавекі, паменшыўшыся ў параўнанні з перапісам 2001 г. прыблізна на 4 тыс. (у 2001 г. — 47 640). Найбольшую долю беларусы складалі ў чатырох паўднева-ўсходніх паветах Падляскага ваяводства: 39,2 % — у Гайнаўскім павеце, 19,8 % — у Бельскім, 3,46 % — у Семятыцкім, 3,2 % — у Беластоцкім. У 12 гмінах ваяводства доля беларусаў перавышала 20 %, а ў чатырох гмінах (81 % у гміне Чыжы Гайнаўскага павета, 81 % у гміне Дубічы-Царкоўныя Гайнаўскага павета, 68 % у гміне Орля Бельскага павета, 84 % у гміне Гайнаўка Гайнаўскага павета) доля беларускага насельніцтва была большай за 50 %. Паводле афіцыйных падлікаў беларуская меншасць з’яўляецца другой найбуйнейшай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы пасля нямецкай меншасці (144 236 асоб)Rychlik, J. Realizacja praw mniejszości białoruskiej w Plosce i mniejszości polskiej na Białorusi // Dziedzictwo pogranicza: realizacja praw mniejszości polskiej na Litwie, Białorusi, Ukrainie i w Czechach oraz mniejszości białoruskiej, litewskiej, ukraińskiej i czeskiej w Polsce: [zbiór artykułów / red.: D.Górecki. — Łódź: Wydawnictwo Łódzkiego Uniwersytetu, 2013] — С. 113—140..
Гісторыя
Беларуска-польскія кантакты вядомыя ад часоў ранняга Сярэднявечча (гандлёвыя стасункі, дынастычныя шлюбы, ваенныя сутыкненні і інш.). Беларуская прысутнасць у Польшчы і абмен насельніцтвам пачаліся ў часы ВКЛ. Ранейшыя беларусы траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Прыкладам, калі ў 1325 вялікі князь літоўскі Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакетка, з Польшчы была вернута пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў Польшчу былі накіраваныя выхадцы з ВКЛ. Лічыцца, што ў сярэдзіне ХІV ст. у Польшчы жыло каля 40 тыс. беларусаў. У 1386, ажаніўшыся з польскай каралевай Ядзвігай, каралём Польшчы стаў вялікі князь ВКЛ Ягайла, які паклаў пачатак польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца XVIII ст. апынуліся ў складзе адзінай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Расійскай імперыі. Паводле перапісу 1897 года ў Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7 % насельніцтва (каля 30 тыс. чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях.
Пасля Першай сусветнай вайны, калі польская дзяржава была адноўлена, на ейных землях засталася частка этнічных беларусаў. У складзе Польшчы неўзабаве апынулася вялікая частка этнічна беларускіх земляў (г. зв. Заходняя Беларусь), што ўвайшлі ў склад Віленскага, Палескага, Наваградскага, Беластоцкага ваяводстваў. Паводле падлікаў статыстычных органаў СССР, у Польшчы жыло 3250 тыс. чал. У верасні 1939 года беларускія землі Польшчы ўвайшлі ў склад СССР. Падчас Другой сусветнай вайны беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баях у 1939, уваходзілі ў склад Арміі Андэрса, Арміі Краёвай і Арміі Людовай.
Пад канец Другой сусветнай вайны паводле савецка-польскіх пагадненняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 і 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Польшчы са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. Падчас дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 1944—1948 гг. пераехалі больш за 270 тыс. чалавек (беларусы-каталікі дэкларавалі сябе палякамі). Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падполля і неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадах.
У 1946 годзе адбылося масавае забойства беларусаў Падляшша, здзейсненае бандай былых байцоў польскай Арміі Краёвай на чале з капітанам Рамуальдам Райсам на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства.
Да 1948 года ўлады Польшчы афіцыйна не прызнавалі наяўнасці беларускай нацыянальнай меншасці ў краіне. Арганізаваная нацыянальна-культурная дзейнасць беларусаў, што пачалася пад канец 1940-х з аднаўлення беларускага школьніцтва, актывізавалася ў кастрычніку 1956, калі нацыянальныя меншасці атрымалі права арганізоўваць свае аб’яднанні, якія, тым не менш, знаходзіліся пад кантролем і ў фінансавай залежнасці ад Міністэрства ўнутраных спраўAdamczuk, L. Mniejszości narodowe w Polsce w 1992 roku // Białoruś, Czechosłowacja, Litwa, Ukraina: mniejszości narodowe w świetle spisów statystycznych XIX—XX. Liczebność i rozmieszczenie: [materiały z międzynarodowej konferencji Samoidentyfikacja Narodowa i Religijna a Sprawa Mniejszości Narodowych i Religijnych w Europie Środkowo-Wschodniej / red.: J.Skarbek. — Lublin: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 1993] — С. 113—122.. Было створанае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце і інш. У 1956 годзе пачала выдавацца газета «Ніва», у 1957 — «Беларускі каляндар», а ад 1958 дзейнічае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Белавежа», створаныя беларускія ліцэі ў Бельску Падляскім і Гайнаўцы. Паводле сацыяльнага статусу да канца 1950-х большасць беларусаў Польшчы былі сялянамі.
У 1976 годзе Цэнтральны Камітэт Польскай Аб’яднанай Рабочай партыі прыняў рашэнне аб маральна-палітычным адзінстве польскай нацыі, што мела негатыўныя наступствы для дзейнасці аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў. У 1970-я і ў часе ваеннага становішча ў 1981—1983 праз абмежаванні з боку польскіх уладаў назіраўся спад грамадска-культурнай актыўнасці беларусаў. У 1980-я ўзніклі Беларускае аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістраванае ў 1988), беларускі музей у Гайнаўцы, шэраг беларускіх выдавецтваў і перыядычных выданняў.
Пасля цяжкіх для беларускага нацыянальнага жыцця ў Польшчы часоў у 1970-1980-я гг. змены грамадска-палітычнай сітуацыі ў 1989—1991 гг. дазволілі выправіць становішча ў лепшы бок. На пачатку 1990-х гг. у польскіх школах беларускую мову вывучалі 3 677 чалавек, а ў беларускіх ліцэях у Гайнаўцы і ў Бельску займаліся 630 вучняў. У ліцэі ў Гайнаўцы выкладанне прадметаў вялося на польскай мове, аднак 4 гадзіны на тыдзень адводзілася на вывучэнне беларускай мовы, літаратуры, культуры і гісторыі Беларусі. Беларуская філалогія як спецыяльнасць для славяністаў была ўведзена ў Люблінскім універсітэце, а ў Ягелонскім універсітэце выкладаўся курс беларускай мовыКавалевіч, М. Беларускае школьніцтва ў Польшчы і польскае на Берасцейшчыне // Беларуска-польскае ўзаемадзеянне ў галіне культуры: [матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэд.: В. Лашук і інш. — Брэст: Талер, 1993] — С. 7 — 10..
У 1990-я былі зарэгістраваныя Рада беларускіх арганізацый у Польшчы, Саюз гмінаў усходняй Беласточчыны, Саюз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства (кіраўнік Алег Латышонак), Асацыяцыя беларускіх журналістаў. Створаныя Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, беларускае культурна-асветнае таварыства ў Гданьску «Хатка» (1992), беларускі гурток у Ольштыне. У 1997 у сойм быў абраны кіраўнік БГКТ Ян Сычэўскі.
Пры гэтым публіцыст Ян Максімюк адзначае, што з канца ХХ ст. няўмольна прападаў беларускі кантэкст на Падляшшы, наступала хуткая паланізацыя моладзі з беларускімі каранямі — моўная, культурная, светапогляднаяsvaboda.org.
Грамадска-культурнае жыццё