Касцё́л Найсвяце́йшай Тро́йцы — каталіцкі храм у Ружанах Пінскай дыяцэзіі, збудаваны на пачатку XVII стагоддзя па фундацыі Льва Сапегі. Помнік архітэктуры з рысамі ранняга і позняга барока, а таксама пераходнага перыяду да класіцызму.

Інтэр’ер адметны захаванымі ўзорамі ілюзорнага манументальнага жывапісу (квадратуры).

Гісторыя

Першы драўляны касцёл у Ружанах быў заснаваны ў канцы XVI стагоддзя. Мяркуецца, што ён мог уваходзіць у кляштарны комплекс кармелітаў. У 1615—1617 гадах храм быў перабудаваны ў мураваны па фундацыі канцлера вялікага літоўскага Льва Сапегі. У далейшым будынак неаднаразова рэканструяваўся і рамантаваўся.

У 1768 і 1787 гадах да храма былі дабудаваныя дзве бакавыя капліцы: Святога Крыжа (з поўдня) і Святой Барбары (з поўначы). У 1780-я гады, па ініцыятыве канцлера Аляксандра Міхала Сапегі, храм быў грунтоўна перабудаваны паводле праекта запрошанага з Саксоніі прыдворнага архітэктара Яна Самуэля Бекера. У выніку гэтай рэканструкцыі будынак набыў выразныя рысы «барочнага класіцызму» і стаў арганічнай часткай абноўленага горадабудаўнічага ансамбля Ружан. Менавіта Бекер, імаверна, спраектаваў і ўнутранае аздабленне капліцы Святой Барбары.

У 1850 і 1891 гадах у касцёле праводзіліся рамонтныя працы. За савецкім часам, у адрозненне ад шматлікіх іншых храмаў Беларусі, набажэнствы ў ружанскім касцёле не перапыняліся, што дазволіла захаваць яго гістарычны інтэр’ер і жывапіс.

Архітэктура Аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і чатырох’яруснай вежай пры ўваходзе. Ніжні ярус вежы — васьмярык на чацверыку, астатнія — васьмігранныя, якія танчэюць да верху і пакрытыя стромкім шатром. Ярусы аддзелены прафіляванымі карнізамі, дэкараваныя плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі.

Масіўныя сцены нефа знадворку ўмацаваныя контрфорсамі, па яго баках сіметрычна размешчаны капліцы. Неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, капліцы і сакрысціі — крыжовымі скляпеннямі, апсіда — конхавым з падпружнай аркай. Скляпенне прэсбітэрыя ўмацаванае падпружнымі аркамі.

Інтэр’ер і манументальны жывапіс Над уваходам у інтэр’еры размешчаныя хоры. У апсідзе знаходзіцца галоўны алтар, у вырашэнні якога яскрава выяўленае прысвячэнне Святой Тройцы. Алтарная карціна, аформленая чатырохкалонным архітэктурным порцікам са штучнага мармуру, прадстаўляе «Укрыжаванне Хрыста». Над ёю размешчана Усёвідушчае вока Бога-Айца, а ў консе апсіды — фрэскавая выява Святога Духа ў выглядзе голуба. Раскрапаваны лучковы франтон упрыгожваюць скульптуры анёлаў і герб Сапегаў. Абапал калон зроблены драўляныя паліхромныя выявы апосталаў Пятра і Паўла.

Інтэр’ер храма багата ўпрыгожаны архітэктурнай пластыкай, скульптурай і манументальным жывапісам. Скляпенні аздобленыя сюжэтнымі і дэкаратыўнымі кампазіцыямі на евангельскія тэмы. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка, прывезеная з колішняга касцёла ў Юдзінавічах. Акрамя звіваў, валют і кветак, яе кампазіцыя змяшчае таксама манаграмы фундатара касцёла Льва Сапегі.

Капліца Святой Барбары

Выключную мастацкую і гістарычную каштоўнасць уяўляе інтэр’ер паўночнай капліцы, прысвечанай Святой Барбары. Яна была пабудавана і аздоблена каля 1785 года, хутчэй за ўсё, пад кіраўніцтвам архітэктара Яна Самуэля Бекера, які на той момант працаваў над рэканструкцыяй Ружанскага палаца і касцёла.

Галоўным акцэнтам капліцы з’яўляецца выдатна захаваны ілюзорны (аптычны) алтар, выкананы ў тэхніцы квадратуры невядомым, але вельмі прафесійным майстрам. Гэты насценны роспіс стварае дасканалую ілюзію манументальнага архітэктурнага рэтабула. Мастак выкарыстаў прыёмы «падману зроку» (trompe-l'œil), візуальна пашырыўшы прастору невялікай капліцы.

Ілюзорныя калоны і пілястры карынфскага ордара, нібыта зробленыя са штучнага мармуру, падтрымліваюць масіўны, складана прафіляваны і разарваны антаблемент. У цэнтры гэтага архітэктурнага каркаса размешчаны рэальны алтарны абраз Святой Барбары (таксама выкананы ў XVIII ст.). Дзеля большай рэалістычнасці ілюзіі мастак імітаваў не толькі архітэктуру, але і скульптурныя дэталі — так, замест анёлаў з папулярнага трактата Андрэа Поца на антаблеменце намаляваны дэкаратыўныя вазы. Гэты твор з’яўляецца адным з найлепшых і найбольш цэласных узораў выкарыстання класічных схем з трактата Андрэа Поца ў сакральным мастацтве на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Манументальнасць і канструктыўная яснасць гэтага роспісу выразна адлюстроўваюць пераход ад позняга барока да эстэтыкі класіцызму, характэрнай для творчасці Бекера.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Ружаны Катэгорыя:Касцёлы Пружанскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1617 годзе Катэгорыя:1617 год у Еўропе Катэгорыя:Храмы Ружанаў Катэгорыя:Касцёлы Пінскай дыяцэзіі