Барбара Міцкевіч з Маеўскіх (чэрвень 1769, паводле іншых звестак, 1768 годРыбчонак, Сяргей. Радавод Адама Міцкевіча: новыя факты і старыя загадкі // Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego nowej serii / Red. S.Górzyński / T. XI (XXII). — Warszawa: DIG, 2012. — S.61-74.. — 9 кастрычніка 1820) — навагрудская шляхцянка, маці славутага паэта Адама Міцкевіча.
Бацька Барбары, небагаты шляхціч Матэвуш Маеўскі гербу “Старыконь”, з роду, вядомага ў Навагрудскім ваяводстве ВКЛ з сярэдзіны XVII ст. быў эканомам у маёнтку Чомбраў роду Узлоўскіх, недалёка ад Свіцязі. (Паміж сучаснымі вёскамі Валеўка і Радагошча). Маці Барбары — Кацярына-Ганна з Арэшкаў, дачка наваградскага ротмістра Юзафа Арэшкі. У Барбары была сястра-блізніца Марыяна.
Як і бацька, Барбара служыла ў Чомбраве, была там паннай аптэчковай. Найбольш імаверным лёсам для яе, як і для большасці іншых калегаў па прафесіі, было застацца на гэтай пасадзе і старой паннай да канца жыцця. Але яна стала адным з рэдкіх шчаслівых выключэнняў з гэтага правіла. Адным з сяброў дому Узлоўскіх, а дакладней яго гаспадыні Анэлі, быў навагрудскі адвакат Мікалай Караль Міцкевіч, які зрабіў ёй прапанову. Выходзячы за яго замуж 1795 годзе, у той самы год, калі Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне, Барбара мела каля 27 гадоў — “катастрафічны” ўзрост для большасці дзяўчын яе часоў. Але ў выніку, яе сямейны лёс склаўся шчасліва — яна стала маці 7 дзяцей, з якіх 2 (Адам і Аляксандр) сталі універсітэцкімі прафесарамі, у тым ліку адзін з іх — нацыянальным геніем і прарокам. Адам Міцкевіч пра занятак маці ў Чомбраве выдатна ведаў, і ў далейшым у ягонай творчасці прасочваюцца добрыя веды батанікі і традыцый ужывання зёлак у гаспадарцы, яўна успрынятыя ад маціАлесь Белы. Барбара Маеўская - самая славутая з «паннаў аптэчковых» // patreon.com .
Прататып персанажу паэмы "Пан Тадэвуш" Вайшчанкі, якая апякуецца ў маёнтку зёлкамі — магчыма, менавіта Барбара Міцкевіч:
А навакол на ветры сохлі звязкі зелля:
Валошак, чабару, рамонку і шалфею -
Лячэбныя Вайшчанкі на зіму трафеі.
Менавіта гаспадыня Чомбрава Анэля Узлоўская была хроснай маці Адама Міцкевіча. Магчыма, гэта яна і сасватала ягоных бацькоў паміж сабой і надалей усяляк апекавалася гэтым шлюбам. А сам Чомбраў стаў адным з прататыпам Сапліцова ў паэме “Пан Тадэвуш”. Першынец пары Міцкевічаў, старэйшы брат Адама Францішак Браніслаў Міцкевіч нарадзіўся ў жніўні 1796 году. Пасля Адама нарадзіліся Аляксандр, Ежы, памерлы ў маленстве Антоні, і 2 сястры.
Адносіны паэта з маці былі глыбокімі і пяшчотнымі. Барбара лічыцца прататыпам ідэальнай шляхецкай маці-апякункі, якая прышчапіла сыну чуласць да шляхецкай і народнай культуры, казак і легенд Навагрудчыны. Адзін з найважнейшых эпізодаў біяграфіі паэта — яго цудоўнае аздараўленне. Яшчэ як немаўля, ён выпаў з акна і страціў прытомнасць; тады Барбара ў малітве аддала яго пад апеку Маці Божай Вастрабрамскай. Міцкевіч увекавечыў гэтую падзею ў сваёй «Інвакацыі» да «Пана Тадэвуша»:
Святая дзева, што баронiш Чанстахову
I ў Вострай браме свецiш, што ўзяла ў ахову
Наш слаўны Навагрудак з добрым верным людам,
Як мне жыццё ў дзяцiнстве ты вярнула цудам,
(Калi ў адчаi мацi пад тваю апеку
Мяне здала, i мёртвае я ўзняў павека
I зразу змог пайсцi к тваiх святынь парогу
За вернутыя сiлы даць падзяку Богу
(пераклад Пятра Бітэля)
Барбара Міцкевіч памерла ўвосень 1820 года (у верасні ці кастрычніку), і была пахаваная на могілках у Навагрудку. Яе смерць у адносна маладым веку стала моцным эмацыйным ударам для маладога Адама, які тады жыў у Коўне, што знайшло адлюстраванне ў яго тагачасным ліставанні. Да сённяшняга дня Барбара успрымаецца як ключавая фігура ў «хатняй міфалогіі» паэта, сімвалізуючы страчаны ідэальны свет дзяцінства, шляхецкай старасвеччыны і мацярынскай любові.
Доўгі час у міцкевічазнаўстве была распаўсюджаная легенда, што род Маеўскіх паходзіць з гэтак званых "франкістаў" — габрэйскай містычнай секты, паслядоўнікаў ілжэ-месіі Якуба Франка (1726—1791), якія ў выніку навярнуліся ў каталіцызм, і што такім чынам, Адам Міцкевіч меў часткова габрэйскае паходжанне. Аднак беларускі архівіст Сяргей Рыбчонак, адзін з найбольш глыбокі даследчыкаў дакументальна пацверджанай біяграфіі Міцкевіча, пераканаўча давёў, што Маеўскія-"франкісты" і Маеўскія гербу "Старыконь" не маюць паміж сабой нічога агульнагаЗміцер Юркевіч. Таямніца Міцкевіча “па кудзелі” //reyten.blogspot.com . (Аднак, паводле іроніі лёсу, з франкістаў сапраўды паходзіла жонка Адама Міцкевіча Цэліна Шыманоўская).
Зноскі
Катэгорыя: Адам Міцкевіч Катэгорыя: Нарадзіліся ў 1768 годзе Катэгорыя: Памерлі ў 1820 годзе