«Niezabudka» (Незабудка) — польскамоўны літаратурны альманах-штогоднік, які выдаваўся ў 1840—1844 гадах у Санкт-Пецярбургу пад рэдакцыяй пісьменніка Яна Баршчэўскага. За час існавання часопіса ў свет выйшла пяць тамоў. Выданне адыграла істотную ролю ў культурным жыцці беларуска-літоўскіх зямель у перыяд паміж паўстаннямі і згуртавала вакол сябе шэраг літаратараў-выхадцаў з былой Рэчы Паспалітай.

Гісторыя і распаўсюджванне Першая згадка ў друку пра падрыхтоўку выдання з’явілася 15 лістапада 1839 года. Альманах пачаў выдавацца з ініцыятывы польскамоўнай студэнцкай моладзі ў Санкт-Пецярбургу. Галоўнай мэтай часопіса была папулярызацыя твораў аўтараў з родных мясцін, у першую чаргу з Беларусі і Літвы, якія ў сваёй творчасці звярталіся да ўласнай культуры, гісторыі і народных каранёў. Выданне распаўсюджвалася пераважна па падпісцы (прэнумераце), пра якую стала клапацілася рэдакцыя, змяшчаючы спісы падпісчыкаў у кожным нумары. Сам выдавец Я. Баршчэўскі асабіста збіраў падпіску на ўласнай кватэры ў Санкт-Пецярбургу па адрасе: вуліца Кананерская, 14 (дом купчыхі Касаткінай). Асноўнымі чытачамі альманаха былі прадстаўнікі дваранства, духавенства, зацянковай шляхты, вайскоўцы і людзі свабодных прафесій як у самім Санкт-Пецярбургу, так і на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы. Значна менш выданне было вядомае і запатрабаванае ў Каралеўстве Польскім.

Тэматыка і змест На старонках «Незабудкі» друкавалася вялікая колькасць матэрыялаў, прысвечаных беларускай тэматыцы, якая разумелася рэдакцыяй вельмі шырока. Публікацыі мелі пераважна павучальны, маралізатарскі і інфармацыйны характар і спрыялі лепшаму разуменню гісторыі, культуры і побыту беларускага народа. Многія аўтары звярталіся да мясцовага фальклору, ствараючы гавэнды, аповесці, фантазіі і песні, заснаваныя на матывах наддзвінскіх і наднёманскіх баек, легенд, абрадаў і паданняў. У літаратурных творах перапляталіся ідэі Асветніцтва і сентыменталізму з тыповым рамантычным захапленнем фантастыкай, містыкай і таямнічасцю. У шматлікіх вершах часта прасочваліся патрыятычныя элементы, выказаныя ў алегарычнай форме, а таксама туга па радзіме.

Сам Ян Баршчэўскі змясціў у альманаху каля пяцідзесяці вершаў і шэраг балад, напісаных на аснове беларускіх народных паданняў. Сярод іх вылучаюцца творы «Русалка-спакусніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера». У 1844 годзе на старонках «Незабудкі» была надрукавана яго празаічная аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта». Апроч таго, у выданні друкаваліся вершы, якія пазней даследчыкі адносілі да розных літаратурных кірункаў: ад суб’ектыўна-лірычнага да літаратурна-рамантычнага, напрыклад, праграмныя вершы Я. Баршчэўскага «Матчын наказ», «Фантазія», «Падарожнік», «Тут мне ўсё не даспадобы». У трэцім томе альманаха за 1842 год рэдактар змясціў ананімна адразу восем санетаў вядомага прадстаўніка польскага рамантызму Юліуша Славацкага.

Аўтарскі калектыў Вакол «Незабудкі» згуртавалася шырокае кола літаратараў, пераважна выхадцаў з беларускіх губерняў. Акрамя самога Я. Баршчэўскага, у альманаху актыўна супрацоўнічалі і друкаваліся такія вядомыя ў той час дзеячы, як Рамуальд Падбярэскі, Вінцэнты Рэут, Юльян Барташэвіч, Тадэвуш Лада-Заблоцкі, Аляксандр Грот-Спасоўскі. Сярод іншых папулярных аўтараў і карэспандэнтаў варта адзначыць Гераніма Марцінкевіча, Казіміра Буйніцкага, педагога і філосафа Вінцэнты Давіда (аўтара вершаў пра прыгажосць беларускай прыроды), Караля Эмерыка Сядроцкага (аўтара гістарычнай фантазіі «Разбурэнне Корасценя»), а таксама крытыка і празаіка Людовіка Штырмера, які публікаваў свае сатырычныя і гумарыстычныя творы пад арыгінальнымі псеўданімамі Элеанора, Бомба, Пантофель.

Крытыка і ацэнкі Паэтычная і празаічная часткі альманаха неаднаразова станавіліся аб’ектам дыскусій у тагачаснай літаратурнай крытыцы. Першы том альманаха, які пабачыў свет у 1840 годзе, быў прыязна сустрэты маскоўскім крытыкам Тамашам Буцельскім, які асобна адзначыў верш Я. Баршчэўскага «Матчын наказ», а таксама пісьменнікам Юзафам Ігнацы Крашэўскім, які горача падтрымаў рэдактарскую працу выдаўца. У 1841 годзе ананімны рэцэнзент пад ініцыяламі «N. N.» высока ацаніў выданне і змешчаныя ў ім балады «Русалка-спакусніца» і «Дзявочая крыніца». Выдавец газеты «Tygodnik Petersburski» Юзаф Працлаўскі таксама актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні часопіса, паведамляючы пра наяўнасць у рэдакцыйным партфелі альтэрнатыўных, супрацьлеглых рэцэнзій (імаверна, аўтарства Р. Падбярэскага).

Наступныя тамы сутыкнуліся з больш суровай крытыкай. Рэцэнзуючы трэці том выдання ў 1842 годзе, польскі крытык Міхал Грабоўскі катэгарычна ацаніў яго змест, заявіўшы, што паэзія ў часопісе «не адзначаецца нават намёкам на майстэрства і непаўторна арыгінальны талент». Балады самога Я. Баршчэўскага ён назваў напісанымі па банальным і фальшывым узоры, фактычна абвінаваціўшы аўтараў альманаха ў графаманстве, пры гэтым не заўважыўшы, што сярод іх былі і творы Ю. Славацкага. У 1843 годзе Ю. І. Крашэўскі ў чарговай рэцэнзіі таксама адзначыў пэўныя недахопы мастацкай формы пры літаратурнай апрацоўцы беларускіх народных паданняў.

З’яўленне ў пятым томе «Незабудкі» (1844) празаічнай аповесці «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» выклікала новы віток палемікі. Крытык пад ініцыяламі Z. L. (меркавана Зянон Фіш) ухваліў рэалістычны пласт твора (апісанні мясцовасці, малюнкі вясковага жыцця), але рэзка раскрытыкаваў фантастычныя элементы, не здолеўшы зразумець іх алегарычны і сімвалічны характар. У абарону твора і яго глыбіннай сутнасці тады публічна выступіў Ю. Працлаўскі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Часопісы Санкт-Пецярбурга на польскай мове Катэгорыя:Часопісы паводле алфавіта Катэгорыя:Літаратурныя альманахі Катэгорыя:Беларусазнаўства