Ві́ленскае вае́ннае вучы́лішча (да 1910 года — Ві́ленскае пяхо́тнае ю́нкерскае вучы́лішча) — адна з першых юнкерскіх ваенна-навучальных устаноў Расійскай імператарскай арміі, якая рыхтавала афіцэраў пяхоты. Заснавана ў 1864 годзе адначасова з Маскоўскім пяхотным юнкерскім вучылішчамХоць абодва вучылішчы створаны адначасова, тым не менш, для Віленскага вучылішча старшынства вызначана з 14.07.1864, а ў Маскоўскага — з 20.09.1864, пра што сведчыць В. В. Звягінцаў у сваёй працы: Русская армия 1914 г. Подробная дислокация. Формирования 1914—1917 гг. Регалии и отличия. Таму цалкам правамерна можна сцвярджаць, што «Віленскае — найстарэйшае з юнкерскіх вучылішчаў Расіі». падчас ваенных рэформ Дзмітрыя Мілюціна.

Свята вучылішча адзначалася 1 (14) лістапада, у дзень святых Касмы і Даміяна. Марш-сустрэча вучылішча — «Наш полк» (словы — К.Р., музыка — К. М. Галкоўскі). Адметнай рысай віленцаў заўсёды лічылася роўнасць, а ў вучэбна-выхаваўчым працэсе асаблівая ўвага надавалася прынцыпам калектывізму і вайсковага таварыства.

На 1910 год за 46 гадоў свайго існавання з вучылішча было выпушчана 47 выпускаў, якія далі 4371 падпрапаршчыкаў (да 1880 г. называліся партупей-юнкерамі) і афіцэраў.

Гісторыя Вучылішча было адкрыта 29 кастрычніка 1864 года як Віленскае пяхотнае юнкерскае вучылішча (ВПЮВ) са штатам у 200 юнкераў і двухгадовым тэрмінам навучання. У 1868 годзе была распачата падрыхтоўка казачых ураднікаў. Штат быў павялічаны да 300 юнкераў у 1874 годзе, а ў 1876-м быў створаны асобны конны ўзвод («казачы аддзел»). У сувязі са слабай агульнаадукацыйнай падрыхтоўкай паступаючых, у 1877 годзе быў адкрыты падрыхтоўчы клас. У 1885 годзе казачы аддзел і падрыхтоўчыя класы былі зачынены. У 1886 годзе ў ВПЮВ быў пераведзены састаў з расфарміраванага Рыжскага пяхотнага юнкерскага вучылішча.

1 верасня 1901 года ў выніку пашырэння курсаў асноўных дысцыплін вучылішча стала трохкласным. 9 жніўня 1904 года адбыўся першы выпуск юнкераў у чыне падпаручніка, а не падпрапаршчыка, як раней. Штат быў павялічаны да 400 юнкераў (4 роты). 1 верасня 1910 года ўстанова была перайменавана ў Віленскае ваеннае вучылішча (ВВВ).

З пачаткам Першай сусветнай вайны, восенню 1914 года, быў уведзены паскораны чатырохмесячны курс навучання, а штат павялічаны да 900 юнкераў. 15 ліпеня 1915 года вучылішча было эвакуіравана ў Палтаву. Афіцыйна ўстанова спыніла сваё існаванне 2 студзеня 1918 года.

За 53 гады існавання (1864—1918) вучылішча зрабіла 68 выпускаў і падрыхтавала больш за 10 500 афіцэраў. Сярод яго выпускнікоў было больш за 340 Георгіеўскіх кавалераў і 230 будучых генералаў. Пасля рэвалюцыі выпускнікі вучылішча служылі як у РСЧА (у тым ліку першы галоўнакамандуючы савецкай Расіі Іаакім Іаакімавіч Вацэціс), так і ў арміях новаўтвораных дзяржаў. Эмігранты стварылі «Усезамежнае аб'яднанне Віленцаў», якое доўгі час узначальваў генерал-лейтэнант Б. В. Адамовіч. У 1953 годзе ў ЗША было створана Аб'яднанне Віленцаў.

У будынках, дзе размяшчалася вучылішча ў Вільні, у міжваенны перыяд дзейнічаў Універсітэт Стэфана Баторыя, а ў савецкі час і цяпер — падраздзяленні Віленскага ўніверсітэта.

Сімволіка і традыцыі Сцяг і царква 27 студзеня 1903 года вучылішчу быў нададзены сцяг узору 1900 года са светла-сіняй аблямоўкай і выявай Спаса Нерукатворнага.

У 1881 годзе ў будынку вучылішча была асвечана дамавая царква ў імя святых Касмы і Даміяна. На сценах царквы былі размешчаны мармуровыя дошкі з імёнамі выхаванцаў вучылішча, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—1878 гадоў.

Форма і знакі адрознення Юнкеры насілі агульную форму пяхотных юнкерскіх вучылішчаў. З 1910 года пагоны былі светла-сінія, без выпушкі і шыфроўкі.

Нагрудны знак быў зацверджаны 27 лютага 1915 года. Ён уяўляў сабой залаты крыж, палі якога падзелены на белую (сімвал ордэна Святога Георгія) і чорную (сімвал гатоўнасці да самаахвяравання) эмаль. У цэнтры знаходзілася выява герба «Пагоня». На бакавых зрэзах крыжа былі размешчаны дэвізы вучылішча.

Начальнікі вучылішча Мікалай Мікалаевіч Малахаў (1864—1871) Пётр Дзмітрыевіч Навумаў (1871—1877) Пётр Вікенцьевіч Канановіч-Гарбацкі (1877—1886) Вячаслаў Іванавіч Пнеўскі (1886—1890) Павел Фёдаравіч Клаўз (1890—1894) Аляксандр Прохаравіч Шаўцоў (1894—1897) Аляксандр Мікалаевіч Лебедзеў (1897—1898) Васіль Іванавіч Пакаціла (1898—1900) Леанід Паўлінавіч Войшын-Мурдас-Жылінскі (1900—1904) Уладзімір Паўлавіч Радзівонаў (1904—1906) Мікалай Аляксандравіч Хамін (1906—1909) Барыс Віктаравіч Адамовіч (1909—1914) Мікалай Уладзіміравіч Анісімаў (з 1917)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Віленскае ваеннае вучылішча Катэгорыя:1864 год у Вільні Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, расфарміраваныя ў 1918 годзе