ААТ «Медпласт» (раней — Гомельскі завод пластмасавых вырабаў, ААТ «Гомельпласт») — беларускае прадпрыемства па вытворчасці аднаразовых шпрыцаў і іншых медыцынскіх пластмасавых вырабаў, размешчанае ў Гомелі.

Гісторыя У 1936 годзе ў Гомелі была заснавана арцель «Металабытрэмонт», якая вырабляла колы, падковы, конскую вупраж, посуд, металічную тару, а таксама займалася рамонтам механічных вырабаў і транспарту. У 1941 годзе абсталяванне арцелі было эвакуіравана ва Ульянаўскую вобласць. У 1944 годзе арцель аднавіла дзейнасць.

У 1960 годзе арцель ператворана ў завод металабытавых вырабаў, які неўзабаве перайменаваны ў механічны завод. У 1966 годзе прадпрыемства перайменавана ў завод пластмасавых вырабаў, у тым жа годзе быў засвоены выпуск гучнагаварыцеляў.

У 1992 годзе завод пачаў вытворчасць аднаразовых шпрыцаў аб’ёмам 5 мл. У 1996 годзе завод выпускаў шпрыцы, пыласосы, гучнагаварыцелі, мэблю, пластмасавыя вядра і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і іншыя тавары народнага спажывання. У 1999 годзе арэнднае прадпрыемства «Гомельскі завод пластмасавых вырабаў» было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельпласт».

У 2007 годзе ААТ «Гомельпласт» было перайменавана ў ААТ «Медпласт». У 2006 годзе ў цэху па вытворчасці радыёпрыбораў пачалася рэканструкцыя ў цэх па вытворчасці медыцынскіх палімераў. У 2013 годзе прадпрыемства перададзена ў склад холдынгу «Белрэсурсы». У 2018 годзе завод паведаміў пра намер рэалізаваць інвестыцыйны праект па вытворчасці вакуумных кантэйнераў для збораў крыві (вакутэйнераў), у 2019 годзе было абвешчана аб падрыхтоўцы да будаўніцтва новага цэха для вытворчасці гэтай прадукцыі.

Сучасны стан Завод спецыялізуецца на вытворчасці аднаразовых медыцынскіх шпрыцаў некалькіх тыпаў, а таксама аднаразовых пластмасавых кантэйнераў 120 мл. У 2012 годзе доля прадпрыемства на рынку аднаразовых медыцынскіх шпрыцаў Рэспублікі Беларусь складала 77,2%ОАО «МЕДПЛАСТ» , информационное сообщение Национального агентства инвестиций и приватизаций Республики Беларусь. У 2012 годзе было выраблена 63,9 млн шпрыцаў 5 мл Луер 5Б, 33,1 млн шпрыцаў 2 мл Луер 2А, 30,5 млн шпрыцаў 10 мл Луер 10Б, 13,8 млн шпрыцаў 20 мл Луер 20Б, 7,2 млн інсулінавых шпрыцаў Луер 1А і 0,4 млн — туберкулінавых Луер 1А. Магутнасці прадпрыемства складаюць 190 млн шпрыцаў штогод (2012 год).

У 2019 годзе чысты прыбытак прадпрыемства склаў 233 тыс. рублёў (каля 110 тыс. долараў). 99,94% акцый знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.

Крыніцы

Спасылкі Сайт прадпрыемства

Катэгорыя:Прадпрыемствы Гомеля Катэгорыя:Хімічныя і нафтахімічныя кампаніі Беларусі Катэгорыя:Вытворцы медыцынскага абсталявання