«Бобруйская жизнь» — грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 20 лютага 1913 да 1 жніўня 1914 года ў Бабруйску на рускай мове 3 разы на тыдзень. 3 29 мая 1913 да 8 красавіка 1914 года не выходзіла. Апошнія выпускі (№ 85—92) выходзілі штодзённа. 3 27 ліпеня 1914 года друкавала 1—2 разы на дзень «Тэлеграмы газеты „Бобруйская жизнь“». Рэдактар-выдавец Б. М. Бахрах.
У праграмным артыкуле рэдакцыя заявіла, што імкнецца стварыць газету, якая «не будзе афарбавана ні партыйнай, ні нацыянальнай фарбай, а будзе прагрэсіўным агульначалавечым выразнікам усіх наспелых патрэб і неабходных рэформ мясцовага жыцця» (7 лютага 1913). Друкавала міжнародную інфармацыю, мясцовую хроніку, паведамленні пра дзейнасць Дзяржаўнай думы, фельетоны з крытыкай мясцовых улад за непаладкі гарадской гаспадаркі і побыту. Прыхільна пераказвала лекцыі кадэцкіх лідараў А. І. Шынгарова («Новая Дума і старыя задачы») і П. М. Мілюкова («Нацыянальнасць і дзяржава»), з якімі яны выступалі ў Бабруйску ў 1914. У газеце супрацоўнічаў будучы філосаф-марксіст С. Я. Вальфсон.
У літаратурна-крытычных нататках «Бобруйская жизнь» пісала пра творчасць Л. Андрэева, С. Надсана, А. Чэхава. Змяшчала вершы мясцовых паэтаў, асвятляла тэатральнае і музычнае жыццё Бабруйска.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:1913 год у Бабруйску Катэгорыя:Газеты Бабруйска на рускай мове