Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе дзейнічала з перапынкамі ў 1925—1937 гадах. Аб’ядноўвала зямляцтвы беларускіх студэнтаў асобных навучальных устаноў Ленінграда. Утворана рэарганізацыяй Асацыяцыі беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе.
Асноўныя задачы: нацыянальна-культурная праца, навуковая дзейнасць, матэрыяльная ўзаемадапамога. Выканаўчы орган — выбарнае праўленне. Супрацоўнічала з Ленінградскім гарадскім саветам пралетарскага студэнцтва і Цэнтральным бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі. З 1927 года на арганізацыю культурна-асветных мерапрыемстваў (адбываліся ў Беларускім доме асветы) атрымлівала грашовыя датацыі ад Наркамата асветы БССР (да 1500 рублёў на навучальны год). Сябры зямляцтва ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы літаратурна-музычных вечарын беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, пачынаючых літаратараў П. Кабзарэўскага, З. Піваварава, Б. Пятроўскага, Р. Сапуна (Р. Папараць), Я. Шарахоўскага.
З зямляцтвам супрацоўнічалі беларускія вучоныя А. Сержпутоўскі, К. Пушкарэвіч, дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху Я. Канчар, Л. Сеўрук і іншыя. Сярод сяброў беларускія пісьменнікі Р. Жалязняк, Р. Сапун, А. і П. Пруднікавы і іншыя.
Са студзеня 1929 года пры зямляцтве дзейнічала Навуковае таварыства па вывучэнні Беларусі ў складзе каля 30 сяброў (старшыня праўлення Антон Дрозд, навуковы сакратар Андрэй Пратасевіч). Таварыстава ладзіла лекцыі, публікавала працы па беларускай культуры і гаспадарцы. Сябры таварыства (сярод іх Мацвей Грынблат і іншыя) удзельнічалі ў экспедыцыях па Беларусі, арганізаваных супрацоўнікамі АН БССР. Дзейнасць Таварыства цалкам перапынілася да сярэдзіны 1930-х гадоў, напярэдадні масавых рэпрэсій супраць «нацыяналаў».
Крыніцы
Літаратура Васілеўскі, Ю. Р. Беларускае студэнцкае зямляцтва / Ю. Р. Васілеўскі // — С. 358.
Спасылкі
Катэгорыя:Арганізацыі Санкт-Пецярбурга Катэгорыя:Беларускія зямляцтвы Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Расіі Катэгорыя:1925 год у Санкт-Пецярбургу Катэгорыя:Зніклі ў 1937 годзе Катэгорыя:З’явіліся ў 1925 годзе