Ілары (Іларыён Мацвеевіч) Барашка (, — , Масква) — беларускі савецкі , .
Біяграфія Раннія гады і праца ў архіве
Нарадзіўся 12 (25) ліпеня 1905 года ў Мінску ў рабочай сям’і. Яго бацька Мацей (1871—1956), ураджэнец Навагрудскага павета, працаваў фарбацёрам на шпалернай фабрыцы, а таксама быў батлеечнікам. Маці працавала прачкай. Сям'я жыла ў раёне Татарскай Слабады. У гады Першай сусветнай вайны Барашкі знаходзіліся ў бежанстве ў Ніжнім Ноўгарадзе, адкуль вярнуліся ў Мінск у 1916 годзе. Іларыён скончыў 2-е Мінскае прыходскае вучылішча, а пазней 5-ю Савецкую школу. Яшчэ хлопчыкам падзарабляў продажам газет, а ў 1919 годзе быў кур’ерам прафсаюза чорнарабочых і насільшчыкаў.
З 1920 года пачаў працаваць па разборы і прывядзенні ў парадак мінскіх архіваў. У 1921—1922 гадах быў справаводам у Мінскай вучонай архіўнай камісіі, а 1 лютага 1922 года прызначаны захавальнікам архіваў Беларусі. Пазней стаў сакратаром Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення рэспублікі. Дзякуючы яго энтузіязму былі выратаваны ад знішчэння шматлікія архіўныя фонды Мінскай губерні. У маі 1924 года браў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні 1-й Усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў.
Рэдактарская і літаратурная дзейнасць У 1924 годзе пакінуў працу ў архіўнай галіне і прысвяціў сябе літаратуры і журналістыцы. Уступіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», узначальваў яго Менскую філію. З лістапада 1924 года быў сакратаром рэдакцыі часопіса «Полымя». У 1925—1927 гадах — рэдактар часопіса «Малады араты», у 1927—1929 гадах — намеснік адказнага сакратара газеты «Чырвоная змена», з 1929 года — намеснік рэдактара часопіса «Маладняк». У 1930 годзе скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1934 года з'яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР.
Кінематограф і пасляваенны перыяд У 1932—1936 гадах працаваў рэдактарам на кінастудыі «Белдзяржкіно» ў Ленінградзе. У 1938 годзе скончыў сцэнарны факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (УДІК) у Маскве і быў прызначаны начальнікам Упраўлення навучальных устаноў Камітэта па справах кінематаграфіі пры СНК СССР.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у палітупраўленні Ціхаакіянскага, а затым Чарнаморскага флоту. Меў званне капітана адміністрацыйнай службы.
Пасля вайны жыў і працаваў у Маскве. Быў старшым рэдактарам Галоўрэперткама (1944—1946), сакратаром партбюро Камітэта па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР (1946—1948). У 1948—1949 гадах займаў пасаду дырэктара Музея ўсходніх культур, у 1949—1950 гадах — дырэктара-распарадніка Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна. Пазней быў намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення выяўленчых мастацтваў (1950—1952) і навучальных устаноў (1952—1953) міністэрстваў культуры СССР і РСФСР.
Памёр 3 чэрвеня 1968 года. Пахаваны ў Маскве на Увядзенскіх могілках. Значная частка яго асабістага архіва была перададзена ў БДАМЛМ.
Творчасць Дэбютаваў у друку ў 1923 годзе з апавяданнем «Пачалося» ў часопісе «Малады араты». Аўтар празаічных зборнікаў «У прасторы» (1926), «Шлях змагання і перамог» (1928), «Камунары» (1931), «На розныя тэмы» (1931), «Блізкія далі» (1959). Асобнымі выданнямі выйшлі аповесць «Рыгор Галота» (1929), казка «Залатыя арэхі» (1930), апавяданне «Газета Ганначкі Хаваначкі» (1932), п'еса «Гусі-лебедзі» (1963). Выдаў толькі адну паэтычную кнігу — вершаваны нарыс «Асінстан» (1931), аднак пісаў вершы на працягу ўсяго жыцця. Выступаў і як паэт-песеннік (песня «Мы людзі сонца і машыны» на музыку М. Аладава, «Песня вяртання» ў суаўтарстве з П. Панчанкам і інш.).
З пачатку 1930-х гадоў і да канца жыцця актыўна працаваў у кінематографе. Аўтар сцэнарыяў да мастацкіх фільмаў «Дняпро ў агні» (1937, разам з Р. Кобецам), «Георгі Скарына» (або «Сын стагоддзя», 1963), дакументальных фільмаў «Якуб Колас — народны паэт Беларусі» (1959) і «У свеце кніг» (1962). У асабістым архіве пісьменніка захавалася таксама вялікая колькасць нерэалізаваных кінасцэнарыяў («Блакітныя туманы», «Яр смерці», «Вяцкія цацкі» і іншыя).
Пісаў гістарычныя нарысы (пра Ф. Багушэвіча, С. Собаля, В. Верашчагіна), тэатральныя і кінарэцэнзіі, успаміны пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Янку Маўра, С. Міхоэлса.
Актыўна працаваў як перакладчык на рускую мову тэатральнага рэпертуару. Пераклаў з беларускай мовы п'есы К. Чорнага, А. Кучара, А. Маўзона (у прыватнасці, п'есу «Канстанцін Заслонаў»), К. Крапівы, А. Вольскага, з украінскай — п'есы М. Старыцкага, А. Шыяна, з польскай і латышскай моў, а таксама французскія вадэвілі Э. Лабіша (з рускага падрадкоўніка). Акрамя таго, перакладаў вершы, байкі і народныя песні.
Літаратура
Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк» Катэгорыя:Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў