Граб'ё (, ) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Ламавіцкага сельсавета.
Геаграфія Размяшчэнне У 22 км ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 252 км ад Гомеля, 29 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Гідраграфія На захадзе і поўначы — меліярацыйныя каналы.
Транспартная сетка На аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.
Інфармацыя Планіроўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і забудаванай драўлянымі сядзібамі. У складзе сельскагаспадарчага ДП «Ламавічы» з цэнтрам у аднайменнай вёсцы, малочнатаварная ферма. Клуб, бібліятэка, крама.
Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. У 1560 годзе згадваецца ў сувязі з устанаўленнем межаў вёсак, якое тут праводзілася. У 1750 годзе пабудавана ўніяцкая царква ў гонар Нараджэння Найяснейшай Панны Марыі.
Пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. Была цэнтрам аднайменнага казённага маёнтка. У 1850 годзе пабудаваны новы драўляны будынак праваслаўнай Нараджэння Маці Божай царквы. У 1883 годзе ў наёмнай хаце адкрыта школа, а ў 1884 годзе для яе пабудаваны ўласны будынак. У 1908 годзе ў Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
15 лістапада 1920 года вызвалена ад польскіх акупантаў. З 20 жніўня 1924 года да 5 верасня 1929 года цэнтр Грабаўскага сельсавета Азарыцкага раёна Мазырскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Культура», працавалі 2 ветракі і гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты стварылі ў вёсцы гарнізон, разгромлены партызанамі 29 мая 1943 года. 49 жыхароў загінулі на фронце.
Насельніцтва Колькасць 2011 год — 54 двары, 96 жыхароў.
Дынаміка 1750 год — 19 двароў. 1857 год — 22 двары, 146 жыхароў. 1885 год — 26 двароў, 216 жыхароў. 1897 год — 40 двароў, 280 жыхароў (паводле перапісу). 1908 год — 58 двароў, 463 жыхары. 1916 год — 73 двары. 1920 год — 797 жыхароў. 1959 год — 363 жыхары (паводле перапісу). 1997 год — 92 двары, 158 жыхароў. 2004 год — 38(?) двароў, 138 жыхароў.
Вядомыя выхадцы В. І. Шалаенкаў — заслужаны юрыст Беларусі. Леанід Аляксеевіч Халадок (нар. 1934) — беларускі спецыяліст у галіне сельскагаспадарчай меліярацыі.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Ламавіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Акцябрскага раёна