Ежы Асалінскі () — дзяржаўны дзеяч і дыпламат Рэчы Паспалітай. Блізкі дарадца караля Уладзіслава IV Вазы.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1595 годзе ў Сандаміры ў сям’і Яна Збігнва Асалінскага. Атрымаў рознабаковую адукацыю. Спачатку ён вучыўся ў езуіцкай калегіі ў Пултуску, а затым на працягу васьмі гадоў падарожнічаў па Еўропе, вывучаючы навукі ва ўніверсітэтах Граца (Аўстрыя), Англіі, Францыі і Італіі. Валодаў некалькімі мовамі і славіўся як пераканаўчы аратар.
Пасля вяртання на радзіму прыняў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1617—1618). Пры каралі Жыгімонце III пачаў актыўную палітычную і дыпламатычную дзейнасць. У 1621 годзе ездзіў да караля Англіі Якава I, каб заручыцца падтрымкай у вайне супраць Асманскай імперыі і прасіць аб пасрэдніцтве ў адносінах са Швецыяй.
Падчас пасольства да Папы Урбана VIII ў 1633 годзе Ежы Асалінскі здзейсніў уезд у горад з вялізнай раскошай: коні былі падкаваныя залатымі падковамі, якія знарок былі замацаваны слаба, каб губляцца на вачах у рымлян. Гэтая падзея зафіксавана на карцінах і гравюрах таго часу. За гэтую місію Папа Рымскі дараваў яму спадчынны тытул князя. Наступным годам (1634) тытул пацвердзіў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанд II Габсбург.
Пасля абрання на трон Уладзіслава IV ў 1632 годзе Ежы Асалінскі стаў ключавой фігурай у кіраванні дзяржавай і фактычным кіраўніком яе знешняй палітыкі. Ён паслядоўна займаў вышэйшыя пасады: маршалак сойма (1631), падскарбі вялікі каронны (1633), ваявода сандамірскі (з 1636), падканцлер каронны (1639–1643), Вялікі канцлер каронны (1643–1650). Выступаў за ўзмацненне каралеўскай улады і павелічэнне войска, што часта выклікала незадаволенасць сярод кансерватыўнай шляхты.
Калі ў 1648 годзе пачалося паўстанне Багдана Хмяльніцкага, Ежы Асалінскі шукаў шляхі мірнага і дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту. Ён цесна супрацоўнічаў з праваслаўным магнатам Адамам Кісялём, спрабуючы знайсці кампраміс з казакамі. Менавіта Асалінскі быў архітэктарам Збораўскага міру (1649), які часова спыніў баявыя дзеянні. У 1648 годзе, пасля раптоўнай смерці караля Уладзіслава IV, канцлер Асалінскі стаў галоўным рухавіком абрання на трон яго брата — Яна II Казіміра Вазы, забяспечыўшы пераемнасць улады ў крытычны для краіны момант.
Ежы Асалінскі раптоўна памёр падчас пасяджэння сойма ў Варшаве ў 1650 годзе. Як і бацька, ён быў пахаваны ў касцёле Святога Якуба ў горадзе Клімонтаў, які сам і дабудаваў у барочным стылі.
Сям'я Ежы Асалінскі ажаніўся ў 1620 годзе з Ізабелай Даніловіч. У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей — сын і тры дачкі.
Францішак Асалінскі, адзіны сын канцлера, памёр у маладым узросце яшчэ пры жыцці бацькі (у 1648 годзе), не пакінуўшы нашчадкаў. З яго смерцю згасла княжацкая лінія Ежы Асалінскага па мужчынскай лініі.
Уршуля Асалінская выйшла замуж за Самуіла Каліноўскага, прадстаўніка знатнага роду, які займаў пасаду кароннага абознага і загінуў разам з бацькам у бітве пад Батогам (1652).
Алена Асалінская выйшла стала жонкай Аляксандра Любамірскага, кашталяна кракаўскага. Яна ўспадкавала значную частку бацькавых уладанняў.
Ганна Асалінская была замужам за Зыгмунтам Дэнгафам, старостам сакальскім і каронным харужым.
Крыніцы