Зельніцтва – раздзел традыцыйнай веды і практыкі, які займаецца пытаннямі вырошчвання, селекцыі, збору ўраджаю, сушкі, упакоўкі і захоўвання лекавых раслін і іншых зёлак. Зельніцтва вякамі забяспечвала раслінную лекавую сыравіну для травалячэння (але не зводзілася да яго і не было яму тоесным) і было пераважна жаночым заняткам. Апроч вясковых зялярак, ім займаліся манахі розных ордэнаў у аптэкарскіх садах, а ў шляхецкіх фальварках – панны аптэчковыя.
Да маштабнай індустрыялізацыі, якая зрабіла масава даступнай фармацэўтычныя сродкі і сродкі побытавай хіміі прамысловай вытворчасці, зёлкі стагоддзямі ўжываліся не толькі ў народнай медыцыне, але і ў кулінарыі (ў тым ліку ў гарэльніцтве і піваварстве), ветэрынарыі, аздобе жытла і падворку, ароматэрапіі, будаўніцтве. Яны таксама выкарыстоўваліся і як фарбавальнікі, фураж, матэрыялы для вырабу цацак, музычных інструментаў, сродкі для дэзінфекцыі і г.д., а таксама ў розных відах магіі.
Вырошчванне зёлак можа праводзіцца ў садзе або на спецыяльнай ферме ў якасці палявой культуры (плантацыі). Нарыхтоўка зёлак прадугледжвае іх збор як з такіх культур, так і (пераважна) з іх натуральнага дзікарослага стану.
Архаічны характар зельніцтва ў Літве і Беларусі
Дзікарослыя зёлкі, асабліва ў часы голаду, актыўна ўжываліся ў ежу. Пераважна вясной і ў пачатку лета, калі буяла маладая флора, шырока ўжывалі ў ежу лугавыя шчаўе і цыбулю, хрэн, крапіву, лебяду, кісліцу, аер, кветкі ліпы і інш. Лісце шчаўя, крапівы, лебяды, баршчэўніку, сніткі збіралі да іх цвіцення, складвалі ў фаскі і макітры, перасыпалі па слаях соллю, дадавалі кмену і іншыя духмяныя эёлкі, і квасілі ў запас. 3 іх гатавалі пасля розныя вадкія стравы (варывы). Шчаўе, кісліцу, цыбулю лугавую, маладыя пабегі аеру і інш. ўжывалі таксама «жывымі» без усялякай апрацоўкі. Аер, лісты клёна і дуба выкарыстоўвалі пры выпечцы хлеба. 3 іван-чаю (скрыпеню), чабору, мацярдушкі, зверабою, дзіванны, кветак і маладых пабегаў ліпы гатавалі адвары.
У Літве і Беларусі, у параўнанні з Польшчай, зельніцтва да пачатку XX стагоддзя традыцыйна мела больш масавы і архаічны характар. Гэта было звязана з доўгай цывілізацыйнай адсталасцю, значна меншай шчыльнасцю насельніцтва, горшай транспартнай інфраструктурай, наяўнасцю вялізарных лясных масіваў (пушчаў) і балотаў. Прафесійныя медыцына і фармакалогія былі развітыя значна горш, таму нават прывілеяваныя саслоўі шырока ўжывалі зёлкі як лекавыя і дэзінфікуючыя сродкі, фарбавальнікі і г.д. Пры гэтым народнай свядомасці ў Літве значна шырэй і даўжэй, чым у Польшчы, было ўласціва магічна-сімвалічнае ўспрыняцце зёлак, іх апатрапейных (абаронча-магічных) уласцівасцяў.
Зёлкі ў навуковай і мастацкай літаратуры
Аднак навуковае і літаратурнае апісанне зёлак на землях былога ВКЛ доўгі час істотна адставала ад Польшчы. Калі ў "Кароне" ўжо ў XVI стагоддзі друкаваліся навуковыя зельнікі (Фаліміра, Спічыньскага, Сенніка, Сырэньскага), у Літве не выдавалася такой літаратуры да канца XVIII стагоддзя, калі выйшлі працы Жана Эмануэля Жылібера Flora lithuanica inchoata (1781) і Opisanie roslin w prowincyi W. K. L. naturalnie rosnących według układu Linneusza Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1791). Пад час кароткай мікалаеўскай "адлігі" 1841–1848 гадоў былі створаныя слоўнік літоўскай тэрміналогіі марфалагічных апісанняў раслін Taislius augyminis ("Сістэматыка раслін", напісаны ў 1843, выдадзены ў 1900) жамоцкага асветніка, бернардына Юргіса Пабрэжы і двухтомны Zielnik ekonomiczno-techniczny czyli opisanie drzew, krzewów i roślin dziko rosnących w krajuJózef Gerald Wyżycki. Zielnik ekonomiczno-techniczny czyli opisanie drzew, krzewów i roślin dziko rosnących w kraju, jako też przyswojonych, z pokazaniem użytku ich w ekonomice, rękodziełach, fabrykach i medycynie domowej, z wyszczególnieneim jadowitych i szkodliwych oraz mogących służyć ku ozdobie ogrodów i mieszkań wiejskich ułożony dla gospodarzy i gospodyń. Wilno, T. 1-2. 1845, Юзэфа Геральда Выжыцкага (1845, Вільня).
Класікі польскамоўнай літаратуры Літвы часта былі добрымі знаўцамі зёлак і ў сваіх творах згадвалі іх не проста як элементы рамантычнага пейзажу ці лекавыя сродкі, а як сімвалічна важныя элементы светабудовы (Адам Міцкевіч у паэме "Пан Тадэуш", Уладзіслаў Сыракомля ў драме "Хатка ў лесе"Władysław Syrokomla. Chatka w lesie: dziwactwo dramatyczne w dwu częściach. Wilno, 1856.). Стаўленне да зёлак было не толькі ўтылітарным, іх свет служыў крыніцай розных сімвалаў і асацыяцый – прытым як у паспалітага люду, так і ў адукаванай публікі. Міцкевіч у сваіх творах згадваў каля 30 розных зёлак, а ў адным з ягоных апошніх вершаў "Снілася зіма" (1832–1840) зёлкі, разам з дрэвамі, выступаюць непадкупнымі сведкамі ягоных жыццёвых памылак і грахоў. Хутчэй за ўсё, шырокія веды пра зельніцтва паэт атрымаў ад маці, Барбары з Маеўскіх, якая да замужжа была паннай аптэчковай у маёнтку Чомбраў. Шмат дэталёвых, сімвалічна насычаных апісанняў зёлак зяшчаюць многія творы Элізы Ажэшка, асабліва раман "Над Нёманам". Напрыклад, надзвычайная жыццёвая моц жывакосту у ім атаясамлівецца з трываласцю, прывязанасцю да роднай зямлі роду Багатыровічаў. А яе этнаграфічная праца "Людзі і кветкі над Нёманам"Эліза Ажэшка. Людзі і кветкі над Нёманам // Беларуская палічка фіксуе традыцыйныя веды наднёманскіх зялярак канца XIX стагоддзя, для якіх было нормай ведаць і ўжываць на практыцы да некалькіх соцень зёлак.
Сакральны сімвалізм зёлак
Зёлкі складалі важную частку асартыменту тавараў на віленскіх кірмашах на “Казюкі” (4 сакавіка), Юраўскім (каля дня святога Юр’я, 6 мая па юліянскім календары, праводзіўся ў 1827–1914 гадах як афіцыёзна-праваслаўная альтэрнатыва Казюкам), і да дня святога Яна (24 чэрвеня). Шэраг зёлак, асабліва з доўгімі жорсткімі сцёбламі (святаяннік, цмен, цыкорыя), насушанымі мінулым летам, ужываліся разам з галінкамі вербаў у вырабе “віленскіх пальмаў” – дэкаратыўных кампазіцый з каляровымі стужкамі, папяровымі кветкамі і г.д., атрыбутам святкавання “Казюкаў” і Пальмовай (Вербнай) Нядзелі.
На святога Яна, а таксама на Тройцу (6-я нядзеля пасля Вялікадня), на свята Божага Цела (“Дзявятнік”, чацвер дзявятага тыдня пасля Вялікадня), і асабліва на дзень Маці Божай Зельнай (15 жніўня) зёлкі абавязкова прыносілі асвячаць у касцёл – што сведчыць пра даўняе змаганне каталіцкай царквы ў Літве і на Русі з паганскімі культамі зёлак і звязаных з імі бостваў.
Некаторыя зёлкі праз прызму мастацкай і мемуарнай літаратуры XIX стагоддзя набылі сімвалічна літоўскі / літвінскі характар: перадусім рута, у пэўнай ступені аер, дзягіль,незабудка, палын.
З пункту гледжання сучаснай культурнай антрапалогіі, традыцыйнае зельніцтва можна разглядаць як маштабны комплекс кніжных і фальклорных ведаў і практык, устойлівых культурных вобразаў (стэрэатыпаў), міфаў, шчыльна звязаных паміж сабой у свайго роду “гіпертэкст”, – які, на жаль, у сучаснай Беларусі ў істотнай ступені разбураны.
Крыніцы
Алесь Белы. Традыцыі віленскага зельніцтва як узор для Беларусі // Patreon, Aug 15, 2023
Алесь Белы. Нашы Зёлкі (рукапіс кнігі, 2026).
Спасылкі
Катэгорыя:Травалячэнне Катэгорыя:Сельская гаспадарка Катэгорыя:Жаночыя заняткі Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон