Слабо́дка (гістарычная назва — Дварцо́вая Слабада́, пазней Слабада́) — гістарычны мікрараён (харонім) у заходняй частцы горада Ліда, аддзелены ад цэнтра чыгуначнай магістраллю.
Гісторыя У часы Вялікага Княства Літоўскага вёска Дварцовая Слабада ўваходзіла ў склад каралеўскіх уладанняў Замкавага двара, рэзідэнцыі лідскага старасты. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у 1795 годзе гэтыя землі перайшлі ў скарб Расійскай імперыі.
Каля 1860 года ўлады вырашылі заснаваць на землях Дварцовай Слабады калонію. Згодна з папулярнай гарадской легендай, запісанай лідскім краязнаўцам Уладзіславам Абрамовічам, першапачаткова тут памылкова пасялілі чатыры яўрэйскія сям’і (Ліпнішскія, Баруховічы і іншыя). Калі высветлілася, што землі прызначаліся для праваслаўных жыхароў, яўрэі нібыта прынялі праваслаўе, каб захаваць выдзеленыя ўчасткі па 20 дзесяцін, і змянілі прозвішчы: Ліпнішскія сталі Ліпінскімі, Баруховічы — Барысевічамі, а яшчэ адзін з пасяленцаў узяў прозвішча Крыжаноўскі. У 1866 годзе гэтыя ўчасткі былі перададзены ім на выкуп. Аднак сучасныя даследчыкі адзначаюць, што ў рэчаіснасці на гэтых землях былі паселены кантаністы — яўрэйскія салдаты, якія адслужылі 25 гадоў у царскай арміі. Яны яшчэ ў маленстве былі пераведзены ў праваслаўе і пасля заканчэння службы атрымлівалі зямлю, ствараючы шматлікія сем’і з праваслаўнымі славянкамі.
З пракладкай праз Ліду чыгуначных ліній Вільня — Лунінец (1883—1884 гады) і Маладзечна — Ваўкавыск (1903—1905 гады) пачалося імклівае развіццё Слабады. Сем’і пасяленцаў атрымалі добрыя заробкі на будаўніцтве, паступова змяніўшы род дзейнасці з сельскай гаспадаркі на абслугоўванне транспартнай інфраструктуры. Паводле перапісу 1897 года ў Дварцовай Слабадзе налічвалася 505 жыхароў, з якіх 68 былі яўрэямі. На пачатку XX стагоддзя тут пражывалі шматлікія праваслаўныя сем’і: Ліпінскія, Анацкія, Дарашкевічы, Калясінскія, Крыжаноўскія, Лучко, Тарашчукі, Чайкоўскія і іншыя.
Пасля Першай сусветнай вайны прыметнік «Дварцовая» знік з ужытку, і раён стаў называцца Слабодкай, а пазней проста Слабадой. У 1920—1930-я гады мікрараён актыўна забудоўваўся дзякуючы танным зямельным участкам і спрыяльнаму экалагічнаму размяшчэнню. Інфраструктура паселішча значна пашырылася: з’явіліся ўласныя крамы, аптэчны склад, лазня (якая належала чыгунцы), паліцэйскі пастарунак і добраахвотная пажарная ахова са сваёй вежай. У сферы адукацыі пачала працаваць сямікласная грамадская школа (сучасная сярэдняя школа № 10). У 1938 годзе была створана прыватная гімназія асаднікаў, якая часова размяшчалася ў былым будынку школы па вуліцы Каштанавай (сучасная вуліца Паўліка Марозава). Для гімназіі пачалі ўзводзіць новы будынак на вуліцы Школьнай, але да 1939 года працы не былі завершаны (пасля Другой сусветнай вайны будынак дабудавалі як Дом афіцэраў).
У 1932 годзе дзякуючы старанням ксяндза-вікарыя Станіслава Мажэйкі на Слабодцы паўстала каталіцкая парафія і быў пабудаваны драўляны Слабадскі касцёл. У 1936 годзе Гарадская рада выдзеліла два гектары зямлі для заснавання могілак. Згодна з успамінамі краязнаўцаў, першым на іх быў пахаваны рабочы, які падчас абгароджвання тэрыторыі жартам пытаўся ў калегі, хто з іх першым ляжа ў гэтую зямлю.
Доўгі час далейшае развіццё Слабодкі стрымлівалася адсутнасцю зручнай дарожнай сувязі з цэнтрам горада, бо раён быў адрэзаны чыгуначнымі каляямі з інтэнсіўным рухам. Транспартная праблема была вырашана ў 1973 годзе з пабудовай аўтамабільнага віядука. Сучасная Слабада візуальна і функцыянальна падзелена на дзве зоны мяжой па вуліцы Максіма Горкага: усходнюю частку складае прыватная аднапавярховая забудова з агародамі, а заходнюю — шматпавярховыя цагляныя і блокавыя дамы.
Крыніцы
Катэгорыя:Мікрараёны Ліды Катэгорыя:Гісторыя Ліды