Рукапалажэ́нне, пасвячэ́нне, высвячэ́нне, таксама хірато́нія (ад  — «дзеянне сілай рук») ў праваслаўнай традыцыі, або ардына́цыя ( — «прывядзенне ў парадак») ў заходняй хрысціянскай традыцыі — абрад, пры якім кандыдат узводзіцца ў духоўны сан, гэта значыць атрымлівае статус свяшчэннаслужыцеля з правам выканання пэўных рэлігійных абрадаў і цырымоній. Цырымонія пасвячэння адрозніваецца ў розных рэлігіях, а ў некаторых, напрыклад, у ісламе, увогуле адсутнічае.

Этымалогія У Старажытнай Грэцыі тэрмінам «хіратонія» (ад  — «рука» і  — «надаваць сілу») называлі галасаванне падняццем рук пры выбары вышэйшых службовых асоб. З цягам часу гэтае слова перайшло з свецкага ўжытку ў царкоўны. Яно пачало азначаць, з аднаго боку, абранне ў клір праз галасаванне, а з іншага — сам акт узвядзення (рукапалажэння) у тую ці іншую ступень. Пазней тэрмін «хіратонія» страціў сваё першапачатковае значэнне і пачаў выкарыстоўвацца выключна для абазначэння пастаўлення ў ступені кліру.

У Бібліі Рэлігійная традыцыя рукапалажэння з’явілася яшчэ ў часы Старога Запавету. У адных выпадках яно лічылася сімвалам дабраславення чалавека і яго нашчадкаў (напрыклад, калі Ізраіль усклаў рукі на Яфрэма і Манасію), у іншых выпадках старазапаветныя святары ўскладалі свае рукі на галаву ахвярных жывёл (казлоў адпушчэння).

У Новым Запавеце паведамляецца пра рукапалажэнне першых сямі дыяканаў, на якіх апосталы памаліліся і ўсклалі рукі. Ускладанне рук свяшчэннай асобы на кожнага хрысціяніна лічылася абавязковым пры хрышчэнні дзеля прыняцця Святога Духа (у наш час такое ўскладанне рук замяніла мірапамазанне). Таксама існавала рукапалажэнне ў апосталы, а ўскладанне рук з малітваю на хворых лічылася гаючым. У хрысціянстве лічыцца неабходнай канцэпцыяй апостальская пераемнасць: усе свяшчэннаслужыцелі павінны быць рукапакладзены епіскапамі, якія самі былі пасвечаны іншымі епіскапамі ў бесперапынным ланцугу ад апосталаў, што атрымалі ўладу ад Хрыста.

У хрысціянстве

У хрысціянстве рукапалажэнне з’яўляецца абрадам узвядзення ў свяшчэнніцкі сан. Вылучаюць тры ступені свяшчэнства: дыякан, прэсвітар (свяшчэннік) і епіскап (архірэй). У праваслаўі і каталіцызме яно разглядаецца як найважнейшая частка таінства свяшчэнства. Лічыцца, што пры ўскладанні рук вышэйшага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму перадаецца «боская ласка» і даецца права выконваць адпаведнае служэнне. Толькі асоба, пасвечаная ў прэсвітэра ці епіскапа, мае права здзяйсняць таінствы (напрыклад, прымаць споведзь, здзяйсняць еўхарыстыю, елеаасвячэнне, вянчанне), праводзіць набажэнствы і здзяйсняць трэбы (паніхіды, малебны).

У Праваслаўнай царкве рукапалажэнне ў дыякана і прэсвітэра праводзіцца адным епіскапам праз ускладанне рук на галаву. Рукапалажэнне ў епіскапа здзяйсняецца саборам епіскапаў (звычайна не менш за тры, паводле правілаў Карфагенскага сабора) з ускладаннем на яго галаву Евангелля і рук архірэяў. Дыяканамі і свяшчэннікамі ў праваслаўі могуць стаць як жанатыя мужчыны, так і тыя, хто прыняў цэлібат (аброк бясшлюбнасці), але епіскапамі могуць быць толькі манахі. У Каталіцкай царкве лацінскага абраду мужчыны, якія ўзялі шлюб, могуць быць толькі дыяканамі, але не свяшчэннікамі.

У пратэстанцкіх цэрквах праз рукапалажэнне пасвячаюцца прэсвітэры, дыяканы і іншыя служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх дэнамінацый прынята рашэнне аб магчымасці пасвячэння жанчын не толькі ў сан дыякана, але і ў сан прэсвітэра і нават епіскапа.

Ва Уніяцкай царкве на беларускіх землях На беларуска-літоўскіх землях у XVIII — пачатку XIX стагоддзя працэс рукапалажэння ва ўніяцкіх святароў меў шэраг гістарычных і побытавых асаблівасцей. Да 1833 года ініцыятыва высвячэння належала калятарам (апекунам храмаў), якія выдавалі кандыдату спецыяльную рэкамендацыю — прэзенту. Пасля яе атрымання епіскап прызначаў праверку асабістых якасцей прэтэндэнта («інквізіцыю»): спецыяльная камісія выязджала на месца і апытвала суседзяў, парафіян і знаёмых будучага святара. Здзяйсняць хіратонію мог епіскап або яго памочнік (вікарны епіскап). Гісторыі вядомыя і выключныя выпадкі, калі на ўсходзе Беларусі ўніяцкіх святароў, з ліку былых праваслаўных, што перайшлі ва унію ў 1770-х гадах, высвячаў праваслаўны магілёўскі архіепіскап Георгій Каніскі.

Прынцыповым адрозненнем уніяцкага рукапалажэння ад каталіцкага было патрабаванне абавязковага шлюбу для кандыдата. На думку даследчыкаў, гэта стрымлівала паглынанне ўніяцкай царквы каталіцкай і захоўвала яе самастойнасць. Толькі з канца XVIII стагоддзя пад уплывам лацінскага абраду пачалі з’яўляцца рэдкія выпадкі высвячэння нежанатых прэтэндэнтаў, якія давалі аброк цэлібату, аднак гэта ўспрымалася ў грамадстве як выключэнне з правіл. У іўдаізме У іўдаізме падрабязна апісана пасвячэнне кахенаў (святароў, нашчадкаў Аарона), якое ўключала ўскладанне рук. Аналагічны абрад прысвячэння рабіна (настаўніка і эксперта ў галіне іўдзейскага права) называецца «сміхой» (літаральна «пакрыванне», «рукапалажэнне»). Сёння гэта часцей дакумент, які пацвярджае прысваенне звання рабіна і вызначае яго паўнамоцтвы. Хаця ў неяўрэйскіх крыніцах слова часта перакладаюць як «рукапалажэнне», рабін не з’яўляецца святаром у прамым сэнсе; яго галоўная роля — тлумачыць Тору і выконваць функцыі суддзі ў абшчыне. Прызначэнне суддзяў гістарычна мела як юрыдычны, так і рэлігійны характар.

У ісламе Мусульмане не маюць афіцыйнага і асобнага духавенства, якое патрабуе спецыяльнага прызначэння. Рукапалажэнне разглядаецца як рыса іншых рэлігій і адвяргаецца. Рэлігійных лідараў звычайна называюць «імамамі» або «шэйхамі». Імам — гэта той, хто вядзе малітву; так могуць называць любога чалавека, які кіруе сумеснай малітвай мусульман. Шэйх — ганаровы тытул для кіраўнікоў рэлігійных аб’яднанняў (для жанчын выкарыстоўваецца слова «шайха»).

У будызме Традыцыя пасвечанай манаскай супольнасці (сангхі) пачынаецца з самога Буды, які стварыў абшчыны манахаў і манашак. Правілы пасвячэння ў будызме падрабязна апісаны ў тэкстах Вінаі і будыйскага манаскага ўстава (Пацімокха). Сёння існуюць тры асноўныя традыцыі прысвячэння бхікшу (будыйскіх манахаў), праз якія чалавек можа атрымаць рукапалажэнне ў адпаведнасці з вучэннем Буды.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Хрысціянства Катэгорыя:Рэлігійныя рытуалы Катэгорыя:Паняцці будызму Катэгорыя:Іўдаізм