Макранская выдма — выдма ў Беларусі, геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэнняПостановление Министерства природных ресурсов и охраны окружающей среды Республики Беларусь от 18 марта 2008 г. № 22 Об объявлении некоторых геологических объектов геологическими памятниками природы республиканского значения. Знаходзіцца за 1,5 км на поўдзень ад аграгарадка Макраны Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Плошча 160 га.

Макранская выдма — адна з найбуйнейшых на паўднёвым захадзе Беларусі, упершыню была апісаная П.А. Туткоўскім у 1902 годзе. Выдма размешчана ў межах плоскай азёрна-алювіяльнай раўніны, у наш час меліяраванай. Абсалютныя адзнакі грэбня — 158-165 м, падэшвы — 154-155 м над узроўнем мора. Выдма парабалічнага тыпу даўжынёй каля 4 км. У рэльефе прадстаўлена ў выглядзе пясчанай грады з адноснай вышынёй 10-12 м, мае больш стромкі паўночны падветраны схіл (нахіл 25-35°) і пакаты паўднёвы наветраны схіл (нахіл да 15°). Вузкая грэбневая частка складаецца з пагоркаў і катлавін, якія іх падзяляюць. Пяскі, што ўтвараюць выдму, тонкія светла-жоўтыя розназярністыя, нанесеныя ветрам, які дзьмуў з паўночнага захаду. Выдма ўтварылася пад уздзеяннем ветравой акумуляцыі ў канцы паазерскага зледзянення і ў пасляледавіковы час прыкладна 14-10 тысяч гадоў таму. У наш час паверхня выдмы большай часткай пакрыта хвойным лесам.

Макранская выдма з’яўляецца эталоннай формай эолавага паходжання, адлюстроўвае этапы ледавікой і пасляледавіковай гісторыі, а таксама ўмовы ветравога рэжыму.

Літаратура Справаздача навукова-даследчай працы Распрацоўка навукова-абгрунтаванных комплексных схем ахоўных прыродных тэрыторый Беларусi (геалагiчныя i геамарфалагiчныя аб’екты). Маларыцкi раён Брэсцкай вобласцi. — Мiнск: Iнстытут геалагiчных навук Акадэмii навук Беларусi, 1996. — 55 с.

Спасылкі

Катэгорыя:Геалагічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Макраны (Маларыцкі раён) Катэгорыя:Геалогія Маларыцкага раёна Катэгорыя:Славутасці Маларыцкага раёна