«Белару́скі відэацэ́нтр», таксама «Белвідэацэ́нтр» — найбуйнейшы вытворца відэапрадукцыі ў Беларусі, які існаваў як асобнае прадпрыемства ў 1989—2013 гадах.

Гісторыя Створаны 1 красавіка 1989 года ў Мінску. З 2000 года дзейнічаў як Вытворча-творчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі відэацэнтр». За 2011—2012 гады пад кіраўніцтвам прадзюсара Юрыя Ігрушы прадпрыемства стала прыбытковым.

19 жніўня 2013 года «Белвідэацэнтр» быў далучаны да кінастудыі «Беларусьфільм» у якасці студыі спецыяльных праектаў. 22 студзеня 2016 года студыя была ліквідавана.

Дзейнасць Асноўная мэта арганізацыі — ажыццяўленне дзейнасці, накіраванай на ідэйна-эстэтычнае і маральнае выхаванне насельніцтва сродкамі экраннага мастацтва. Для творчай працы ў «Белвідэацэнтр» запрашаюць супрацоўнікаў кінастудыі «Беларусьфільм» і Белтэлерадыёкампаніі. Штогадовы аб’ём прадукцыі складае ад 30 да 50 фільмаў. Экранны фонд налічвае каля 780 відэафільмаў.

Сярод відаў прадукцыі: ігравыя, хранікальна-дакументальныя, навукова-папулярныя, анімацыйныя, музычныя відэафільмы, шоу-праграмы, музычныя відэакліпы, відэаролікі, летапісныя сюжэты. Асноўныя жанры дакументальных фільмаў — партрэты, нарысы, пейзажы, прытчы, відэафільмы-эсэ, відэаальманахі.

Тэматычныя кірункі Вядучыя тэматычныя кірункі творчасці «Белвідэацэнтра» — мастацкая культура, дзяржаўная сімволіка, гісторыя, экалогія, вядомыя дзеячы Беларусі, хрысціянскія каштоўнасці, нацыянальныя традыцыі, фальклор, прырода, турызм, спорт, а таксама фільмы для дзяцей.

Культурная спадчына і тэатр У перыяд станаўлення (1989—1995) быў закладзены пачатак стварэння кіналетапісу культурнай спадчыны Беларусі. Былі створаны экранныя версіі лепшых драматычных спектакляў, такіх як «Тутэйшыя» (1992, рэж. В. Шавялевіч), «Страсці па Аўдзею» (1992, рэж. А. Мацюшэўскі), «На Залатым возеры» (1993, рэж. А. Карпаў-малодшы); балетаў «Рамэа і Джульета» (1990, рэж. М. Лук’янаў), «Карміна Бурана» (1990, рэж. В. Шавялевіч), «Равель. Балеро» (1991, рэж. Г. Нікалаеў), «Шчаўкунок» (1992, рэж. В. Шавялевіч); оперы «Чароўная флейта» (1994, рэж. В. Шавялевіч).

Дакументальныя партрэты Вядучы кірунак дзейнасці — стварэнне дакументальных экранных партрэтаў дзеячаў беларускай культуры: «Васіль Быкаў. Праўдай адзінай» (1991, рэж. В. Каралёў), «Якуб Колас. „Мой родны кут…“» (1992, рэж. С. Пятроўскі), «Мастак Мікалай Селяшчук» (1992, рэж. В. Шавялевіч), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1998, рэж. Ю. Цвяткоў), «Гасцюхін» (1998, рэж. М. Князеў), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (пра Я. Купалу, 1998, рэж. М. Якжэн), «Паэт і час» (пра П. Броўку, 2005, рэж. Я. Сяцько).

Іншыя кірункі Этнаграфічны: «Фарбы роднай зямлі» (1990, рэж. П. Пікман), «Купалле на Радагошчы» (1991, рэж. В. Каралёў), «Галасы зямлі маёй» (1994, рэж. Ю. Лысятаў), «Неглюбскі снегапад» (1994, рэж. С. Гайдук). Гістарычны: «Легенды Тураўскай зямлі» (1997, рэж. С. Гайдук), «Край сумных песень» (1998, рэж. В. Аслюк), «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000, 2002, рэж. В. Шавялевіч). Ваенна-патрыятычны: «Я, пяты форт, сведчу» (1999, рэж. В. Купрыянаў), «Ад досвіткаў чэрвеньскіх» (2000, рэж. У. Цяслюк), «Абеліскі» (2004, рэж. Г. Хмыз). Экалагічны: «Альтэрнатыва» (1995, рэж. Г. Адамовіч), «Чарнобыль. Фантомы» (1996, рэж. С. Лук’янчыкаў), «Медагляд» (1997, рэж. С. Галавецкі). Хрысціянскія каштоўнасці: «Слова да Вас. Грыгорый Каніскі» (1998, рэж. Б. Калякін, В. Купрыянаў), «Серафім» (1998) і «Серафімавы браты» (2003, абодва рэж. М. Князеў), «…з забыцця і праху. Іаан Грыгаровіч» (2000, рэж. М. Якжэн). Беларуская нацыянальная сімволіка: «Рэспубліка Беларусь» (2007, рэж. М. Князеў).

Відэацыклы і праекты «Белвідэацэнтрам» створаны шэраг відэацыклаў: «Чырвоная кніга. Флора і фаўна Беларусі» (з 1999, аўтары праекта С. Пятроўскі і І. Бышнёў), «Еўропа — агульная спадчына» (з 2000, аўтар праекта Г. Нагаева), «Беларуская кухня» (з 2001, аўтар праекта В. Каралёў), «З гісторыі беларускіх народных інструментаў» (з 1996, аўтар праекта І. Назіна), «Беларускі народны каляндар» (з 2003, аўтар праекта Т. Кухаронак), а таксама цыклы «Героі Рэспублікі Беларусь», «Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь», «Нашы землякі» і іншыя.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Кінематограф Беларусі Катэгорыя:Медыякампаніі Беларусі Катэгорыя:Кампаніі Мінска