ААТ «Завод „Эвістар“» — беларуская кампанія па вытворчасці электроннай і электратэхнічнай прадукцыі, знаходзіцца ў Віцебску.

Гісторыя Завод быў створаны ў 1964—1967 гадах. Да 1975 года называўся Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання электратэхнічнай і прыборабудаўнічай прамысловасці. Завод уваходзіў у 6-е галоўнае ўпраўленне Міністэрства электроннай прамысловасці СССР, з 1991 года быў падпарадкаваны Дзяржкамітэту Рэспублікі Беларусь па прамысловасці і міжгаліновым вытворчасцям (з 1994 года — Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь). У першым квартале 1993 года 450 работнікаў «Эвістара» адправіліся ў пазачарговыя вакацыі.

У 1994 годзе завод быў перададзены дзяржаўнаму канцэрну «Планар». Станам на 1995 год на прадпрыемстве працавалі 2300 чалавек. У 2000 годзе завод быў пераўтвораны ў вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Завод „Эвістар“».

У 2006 годзе прадпрыемства выведзена са складу канцэрна «Планар», у 2011 годзе было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. 99,93 % акцый кампаніі знаходзяцца ў дзяржуласнасці ў асобе Віцебскага аблвыканкама, які перадаў права кіравання маёмасцю аб’яднанню «Віцебскпрам». Дзяржаўныя пакеты акцый прадпрыемства неаднаразова былі выстаўлены на продаж.

У 2014 годзе завод выставіў на продаж два вытворчыя карпусы<. У 2019 годзе была ліквідавана вытворчасць друкаваных плат (даччынае УП «Эвілам»).

Прадукцыя Станам на 1996 год на заводзе вырабляліся друкаваныя платы, тэхналагічнае абсталяванне для харчовай, лёгкай, аўтатрактарнай прамысловасці, медыцынскае абсталяванне, помпы, бытавыя электраасвятляльныя і гаспадарчыя прыборы, электронныя дзіцячыя гульні («Ну, пачакай!»), мэбля і тавары народнага спажывання, у тым ліку электраасвятляльныя прыборы для дому: жырандолі, бра, настольныя лямпы.

Станам на 2020 год завод вырабляў лінейныя электрамеханізмы-актуатары, камплектуючыя для аўтатрактарнай тэхнікі, прэс-формы, літформы, штампы. Завод таксама вырабляў дэталі па міжзаводскай кааперацыі.

Крыніцы

Катэгорыя:Вытворцы электронікі Беларусі Катэгорыя:Кампаніі Беларусі Катэгорыя:Прадпрыемствы Віцебска