Людвік Хамінскі (; ) — палітык, кнігавыдавец.

Біяграфія

Паходжанне. Раннія гады Паходзіў з інтэлігенцкай сям’і, уцягнутай у палітычнае жыццё Расійскай імперыі. Бацька — Аляксандр Хамінскі (1859—1936), быў паслом Дзяржаўнай думы II склікання і сябрам Дзяржаўнага савета. Дзед, Станіслаў Хамінскі (1804—1886), палітык, вайсковец Расійскай імперыі, генерал.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Альшэўскай школе Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць), якая была заснавана яго бацькам Аляксандрам-Станіславам-Лаўрэнам. У 1908 годзе з адзнакай скончыў Свянцянскую гімназію. За чатыры наступныя гады скончыў вучобу на інжынерна-агранамічным і гуманітарным факультэтах Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта.

Гаспадарчая дзейнасць У 1912 годзе у ваколіцах Альшэва заснаваў Саюз конегадоўцаў. Заняўся на бацькавай стайні вывядзеннем племянной пароды коней з патрэбнымі для сельскай гаспадаркі якасцямі. Гэтая парода стала вядомая пасля як «Альшэўская запражная». Людвік Хамінскі таксама спрабаваў развесці элітных галандскіх кароў. Аднак мясцовы клімат гэтым каровам не падышоў і ён вымушаны быў вярнуцца да гадоўлі кароў мясцовай чырвонай пароды. Каля 1929 года разам з Эдвардам Скірмунтам з Шэметава збудаваў на балотах і зарыбіў 10 сажалак.

Грамадска-палітычная дзейнасць. Польская Рэспубліка У 1915 годзе Людвік Хамінскі перасяліўся ў Вільню, аднак часта наведваў Альшэва. У 1919 годзе заснаваў на Віленшчыне грамадскую арганізацыю «Адраджэнне» (Odrodzenie), блізкую паводле сваёй праграмы да Польскай народнай партыі «Вызваленне». У 1922 годзе быў абраны дэпутатам на сойм Сярэдняй Літвы па спісах «Адраджэнне-Вызваленне» (Odrodzenie-Wyzwolenie), быў прыхільнікам культурнай і палітычнай аўтаноміі Віленшчыны.

З часоў Расійскай імперыі ўваходзіў у склад масонскай ложы «Літва», з 1921 года уваходзіў у склад ложы «Люцыпар Агні».

У сакавіку 1922 года быў дэлегатам заканадаўчага Сейма ў Варшаве. У 1922—1925 гадах віцэ-прэзідэнт ПСЛ «Вызваленне». У 1922—1927 гадах зноў абіраўся дэпутатам: у 1925 годзе ўваходзіў у фракцыю ПСЛ «Вызваленне», пасля далучыўся да Парламенцкага Клуба Працы, у далейшым быў незалежным дэпутатам. Далучыўся да Краёвай народнай партыі літоўска-беларускіх зямель «Задзіночанне»Maciej Wojtacki, Krajowe Stronnictwo Ludowe Ziem Litewsko-Białoruskich «Zjednoczenie» i jego organ prasowy «Wioska» w kampanii wyborczej do Sejmu II kadencji (1928—1930), w: «Historia i Polityka», Nr 13 (20)/2015, s. 132..

У траўні 1928 года, падчас працэсу над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой выступаў у абарону Браніслава Тарашкевіча. На старонках газеты «Вызваленне народа» размяшчаў артыкулы ў абарону сялян, адстойваў іх інтарэсы на пасяджэннях Сейма. У 1930 годзе Юзаф Пілсудскі разагнаў Сейм, Людвік Хамінскі быў пазбаўлены дэпутацкага мандата.

Яшчэ ў 1918 годзе Людвік Хамінскі выкупіў у Вільні некалькі невялікіх яўрэйскіх і расійскіх друкарняў, з Варшавы прывёз польскі шрыфт. Гэта стала асновай для яго прыватнага Выдавецтва «LUX». Выпускаў штотыднёвік «Унія» (1919), акадэмічны альманах «Alma mater Vilnensis». У красавіку 1919 года стаў рэдактарам газеты «Наш край». На працягу 1922—1931 гадоў яго выдавецтвам было выпушчана каля 80-ці розных найменняў кніг, у тым ліку вядомая даследчая праца «Rok 1863: wyroki smierci / red. W. Studnicki. — Wilno: Nakl.i dr. Ludwika Chominskiego, 1923 [s.a.]. — 120 s.». Людвік Хамінскі вялікую ўвагу надаваў паліграфічнаму якасці кніг і ўзроўню графікі. На выставе «Мастацтва і майстэрства» ў 1924 годзе ў Варшаве яго выданні былі ўдастоены Вялікага залатога медаля. Высокую ацэнку яны атрымалі і на выстаўцы ў Даніі. У 1930-я гады Хамінскі пачаў друкаваць акцызныя дакументы, расклады руху цягнікоў. Аднак у 1935 годзе збанкрутаваў. Тады Людвік Хамінскі сумесна з друкаром-машыністам Людвікам Ракаўскім адкрыў фотахімічную майстэрню, у якой сталі рабіць копіі дакументаў, карцін, фотаздымкаў ідэнтычнымі з арыгіналамі. Сумеснае прадпрыемства было эксперыментальным цэнтрам тагачаснай тэхнікі рэпрадукцыі.

У 1929—1939 гадах Людвік Хамінскі займаў пасаду прэзідэнта Таварыства бібліяфілаў у Вільні, быў сябрам Навукова-даследчага інстытута Усходняй Еўропы. Паводле яго ініцыятывы ў 1933 годзе была створана камісія для распаўсюджвання кніг, у Вільні адкрыта кнігарня.

З пачатку 1918 года, Людвік Хамінскі прыкладаў шмат намаганняў для папаўнення прыватнай бібліятэкі ў Альшэве. Альшэўская бібліятэка мела свой каталог з інвентарнымі нумарамі. У 1938 годзе бібліятэка налічвала больш за 12000 тамоў кніг, пераважала Мастацкая літаратура на польскай, французскай і нямецкай мовах. Быў збор афортаў (больш за 600 адзінак). У яго калекцыі таксама было некалькі фаліянтаў XVII—XVIII стагоддзяў, розныя зборнікі паэзіі, гістарычныя творы, кнігі гаспадарчых і прыродазнаўчых навук, атласы і мемуары. У пачатку 1930-х гадоў разам са сваёй жонкай Стэфаніяй (народжанай Гулінай) ператварыў сядзібу ў Альшэве ў своеасаблівы культурніцкі цэнтр, дзе збіралася творчая эліта тых часоў. Частымі гасцямі Хамінскіх былі: дырэктар Віленскай універсітэцкай бібліятэкі Адам Лысакоўскі, пісьменнік Уладзіслаў Умінскі, прафесар-юрыст Браніслаў Урублеўскі і яго жонка мастачка Крысціна Урублеўская, Эдвард Скірмунт з Шэметава, Мастакі Казімір Квяткоўскі і Фердынанд Рушчыц, пісьменніца Гелена Ромер-Ахенкоўская з Каралінова, С. Лорэнц.

Другая сусветная вайна. Познія гады У 1939 годзе, напярэдадні прыходу Чырвонай Арміі, сям’я Хамінскіх выехала ў Вільню. Іх пакаёўка Апалонія Няскромная (Кавалеўская) расказвала, што яны з’язджалі фактычна з пустымі рукамі. Пра добрае стаўленне мясцовых сялян сведчыў той факт, што мясцовыя парабкі і сяляне не сталі рабаваць «памешчыцкае гняздо». Знішчаць сядзібу пазней прыбылі актывісты з суседняга мястэчка Свір.

За часамі нямецкай акупацыі Людвік Хамінскі працягваў жыць у Вільні, падпольна выдаваў «Віленскі бюлетэнь». У ім размяшчаў матэрыялы антыфашысцкага кірунку. Пасля вызвалення Вільні ад немцаў і заняцця горада бальшавікамі, органы НКУС арыштавалі Людвіка Хамінскага ў 1944 годзе і саслалі ў шахты на Данбас. Там ён прабыў да 1946 года, а пасля яго, як польскага падданага, дэпартавалі ў Польшчу.

Праз тое, што Людвік Хамінскі валодаў дзевяццю мовамі (беларускай, польскай, рускай, украінскай, літоўскай, французскай, нямецкай, італьянскай) яму далі прэстыжную працу дырэктара Цэнтральнага інстытута культуры пры Міністэрстве культуры і мастацтва. У 1948—1949 гадах узначальваў Галоўны савет рыбнай канцэсіі ў Варшаве.

Творчасць

Ludwik Chomiński. Pamiętniki, t. IV./ Biblioteka Narodowa w Warszawie. Dział Rękopisów, Akc. 9736. Ludwik Chomiński. Od Darwina do Miczurina (Warszawa 1950)

Узнагароды медаль Незалежнасці (1931); афіцэрскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (1957).

Крыніцы

Літаратура Драўніцкі І. Чалавек шматгранных інструментаў і інфармацыйных тэхналогій / / Нарачанская зара. — № 10-12. — 24 студзеня 2004 г. Гіль м., Драўніцкі я. Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: Сумежжа, 2008.С. 9-12. Wileński słownik biograficzny.- Bydgoszcz, 2002. — ISBN 83-87865-28-1. Majchrowski J. Kto był kim w II RP.- Warszawa, 1994. Kunert A. Posłowie i senatorowie Rzeczypospolitej Polskiej 1919—1939, słownik biograficzny. - Tom I: A-D. — Warszawa, 1998. — ISBN 83-7059-392-5.

Спасылкі

Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польшчы Катэгорыя:Дэпутаты Заканадаўчага сейма Катэгорыя:Афіцэры ордэна Адраджэння Польшчы Катэгорыя:Памерлі ў Варшаве Катэгорыя:Памерлі 28 студзеня Катэгорыя:Памерлі ў 1958 годзе Катэгорыя:Памерлі 29 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мядзельскім раёне Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1890 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 1 лютага