Ліў Стромквіст () — шведская мастачка, аўтар коміксаў, драматург і падкастар. Вядомая сваімі графічнымі альбомамі «Плады ведаў» (Kunskapens frukt) і «Пачуцці прынца Чарльза» (Prins Charles känsla), якія перакладзены на некалькі моў і неаднаразова пастаўлены ў тэатры.

Біяграфія Нарадзілася 3 лютага 1978 года ў Лундзе (Швецыя), вырасла ў Раўлундзе.

Пачала маляваць коміксы ва ўзросце сямі — васьмі гадоў. Калі ў яе пачаліся менструальныя болі, яна не адважылася сказаць настаўніку, што ёй трэба схадзіць да школьнай медсястры, каб атрымаць дапамогу. Замест гэтага яна трывала боль, пакуль не страціла прытомнасць. Ліў саромелася таго, што ў яе пачаліся месячныя. Гэта стала падставай для таго, што калі яна стала дарослай, Ліў пачала ствараць коміксы пра менструацыю. Чаму кроў, якая выходзіць з жаночага цела, павінна адрознівацца ад той, што ідзе з цела мужчыны? Чаму жанчын навучылі ўспрымаць месячныя як нешта, пра што не варта гаварыць.

У сярэдняй школе яна напісала жартоўны спектакль «Казка навыварат», у якім прынцэса выратоўвае прынца. Ліў лічыць, што важна глядзець на свет з розных бакоў. Стромквіст намалявала кадр комікса, на якім была фігурыстка з крывавай плямай на бялізне. Аднак яе карціны жанчын з плямамі ад менструацыі на адзенні сустрэлі шмат крытыкі ад публікі. Адначасова многія былі згодныя, што Ліў узняла важную тэму. На думку Ліў, любая жанчына павінна мець магчымасць без сораму сказаць уголас: «У мяне месячныя» або «Ці ёсць у кагосьці тампон?».

Яна таксама выпусціла комікс-альбом, прысвечаны выключна жаночай інтымнай анатоміі. Калі яна была дзіцём, слова «snippa» (шведскае слова для абазначэння жаночых палавых органаў) яшчэ не існавала, таму размаўляць пра гэта было складана — не было адпаведнай назвы. Сёння гэтае слова ёсць, і ўсе разумеюць, пра што гаворка. Ліў лічыць гэта выдатным дасягненнем. Стромквіст вывучала сацыялогію ў Лундскім універсітэце і атрымала ступень у галіне паліталогіі ў Мальмеўскім універсітэце. Яна займалася палітычным актывізмам, у асноўным у пытаннях фемінізму, роўнасці, але таксама ў тэматыцы, звязанай з краінамі трэцяга свету і міграцыйнай палітыкай. Па словах самой Стромквіст, у сваіх коміксах яна часта крытыкуе розныя формы ўлады.

Асабістае жыццё Жыве ў Мальмё разам з мужам Олам Сёдэрхольмам. У іх ёсць агульны сын, а таксама двое дзяцей Ліў ад папярэдніх адносін.

Бібліяграфія 2005 — «Hundra procent fett» («Сто працэнтаў тлушчу») 2007 — «Drift» («Інстынкт»), у суаўтарстве з Янам Білецкім) 2008 — «Einsteins fru» («Жонка Эйнштэйна») 2010 — «Prins Charles känsla» («Пачуцці прынца Чарльза») 2011 — «Ja till Liv» («Так, Ліў!») 2012 — «Månadens moderat Kalender 2013» (Каляндар «Палітык месяца ўмеранай партыі 2013») 2014 — «Kunskapens frukt» («Плады ведаў») 2015 — «Kära Liv och Caroline» («Дарагія Ліў і Кэралін»), у суаўтарстве з Кэралін Рынгскуг Феррада-Нолі) 2016 — «Uppgång och fall» («Уздым і падзенне») 2018 — «Einsteins nya fru: samlade serier av Liv Strömquist» («Новая жонка Эйнштэйна: зборнік коміксаў Ліў Стромквіст») 2019 — «Den rödaste rosen slår ut» («Самая чырвоная ружа распускаецца») 2021 — «Inne i spegelsalen» («У люстраной зале») 2022 — «Liv Strömquists astrologi» («Астралогія Ліў Стромквіст») 2024 — «Pythian pratar» («Піфія размаўляе»)

Крыніцы

Катэгорыя:Постаці фемінізму Швецыі Катэгорыя:Журналісты Швецыі Катэгорыя:Радыёвядучыя Катэгорыя:Мастакі коміксаў Катэгорыя:Постаці Лунда