Дзмітрый Сцяпанавіч Голад () — беларускі вучоны-геабатанік, лесавод. Доктар біялагічных навук (1995). Акадэмік Лясной акадэміі навук Украіны (1996), Беларускай інжынернай акадэміі (2000). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972).

Біяграфія Нарадзіўся 17 верасня 1932 года ў в. Перароўскі Млынок ў сялянскай сям’і. Бацька памёр у 1938 г., маці загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Застаўшыся сіратой, выхоўваўся ў сям’і дзядзькі.

У 1949 годзе, скончыўшы сямігадовую школу, паступіў у Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум. Скончыўшы яго з адзнакай з 1952 годзе працягнуў вучобу на лесагаспадарчым факультэце Беларускага лесатэхнічнага інстытута імя С. М. Кірава, які скончыў у 1957 годзе з адзнакай. У 1959 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце біялогіі АН БССР (навуковы кіраўнік — І. Д. Юркевіч).

У 1966 годзе яму прысуджана вучоная ступень кандыдата біялагічных навук. З гэтага часу ён актыўна працаваў у галіне геабатанічнай картаграфіі. Вынікі даследаванняў увайшлі ў манаграфіі. У 1972 годзе ў складзе групы супрацоўнікаў лабараторыі геабатанікі за цыкл работ па вывучэнні структуры расліннага покрыва Беларусі і рацыянальнага выкарыстання раслінных рэсурсаў рэспублікі Д. С. Голаду прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

У 1988 годзе абраны на пасаду загадчыка лабараторыі геабатанікі Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР. Ён арганізоўваў штогадовыя геабатанічныя навуковыя экспедыцыі лабараторыі і непасрэдна ў іх удзельнічаў. Надаваў значную ўвагу праблеме антрапагеннай дынамікі расліннага покрыва Беларусі. Упершыню ім вывучана тэхнагеннае забруджванне прыродна-раслінных комплексаў і лясных экасістэм і дадзена ацэнка іх стану ў сувязі з уздзеяннем палютантаў. Распрацаваны тэарэтычныя прынцыпы і методыка экалагічнага картаграфавання і занавання тэрыторыі ў раёнах з павышаным тэхнагенным забруджваннем і парушанай экалагічнай сітуацыяй. Д. С. Голадам надавалася асаблівая ўвага праблеме эфектыўнага выкарыстання і ўзнаўлення рэкрэацыйных рэсурсаў, якія адыгрываюць вялікую ролю ва ўмацаванні здароўя жыхароў Беларусі.

Настойліва праводзіў у жыццё палажэнне аб тым, што ахова расліннасці тады дзейсная, калі ахоўваюцца цэлыя прыродныя комплексы, а рацыянальнае прыродакарыстанне магчыма толькі пры наяўнасці дакладных дадзеных аб запасах расліннай сыравіны кожнага віду, яго тэрытарыяльным размеркаванні, умовах аднаўлення, захавання рэзерватаў-заказнікаў. а таксама пры ўмове чаргавання плошчаў нарыхтоўкі. Даны навуковыя абгрунтаванні першых нацыянальных паркаў (Браслаўскі, Нарачанскі, Лагойскі, Тураўшчына) і серыі заказнікаў рэспубліканскага значэння, уключаючы асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі ў зонах павышанага радыенукліднага забруджвання рэспублікі (Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, Чэрыкаўскі і Краснапольскі). Д. С. Голадам распрацавана рэгіянальная методыка геабатанічнага картаграфавання і на гэтай аснове ўпершыню створана серыя дэталёвых карт расліннасці рэспублікі і асобных яе рэгіёнаў, якія паклалі пачатак новаму навуковаму напрамку ў геабатаніцы — геабатанічнаму картаграфаванню. У 1995 г. Д. С. Голад абараніў доктарскую дысертацыю, у 1996 г. быў абраны акадэмікам Лясной акадэміі навук Украіны.

З яго ўдзелам быў распрацаваны шэраг перспектыўных праектаў (Схемы комплекснага выкарыстання і аховы прыродных рэсурсаў басейнаў рэк Дзвіны, Сожа, Прыпяці, возера Нарач), навукова-метадычных распрацовак, практычных рэкамендацый і навуковых абгрунтаванняў, прынятых для выкарыстання Міністэрствамі сельскай і лясной гаспадаркі, многімі праектнымі інстытутамі і іншымі ўстановамі. Найважнейшыя распрацоўкі дэманстраваліся на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і былі ўзнагароджаны двума бронзавымі (1981, 1985) і сярэбраным (1989) медалямі ВДНГ.

Асноўныя працы Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и сипользование. — Мн., 1979. Рекреационные ресурсы бассейна Нарочи и их использование. — Мн., 1989.

Літаратура

Крыніцы

Спасылкі Знаменитые люди Гомельщины — Голод Дмитрий Степанович Институт экспериментальной ботаники в лицах — Голод Дмитрий Степанович (1932—2003)

Катэгорыя:Лесаводы СССР Катэгорыя:Лесаводы Беларусі