«Масляны баран» — традыцыйная святочная страва, што гатуецца на розныя ўрачыстасці, часцей за ўсё на Вялікдзень, у вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Апісанне Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран» у в. Мацюкова — гэта тэхналогія прыгатавання хатняга масла і яго эстэтычнага афармлення ў выглядзе «барана» па традыцыйнай рэцэптуры, характэрнай для кухні мясцовай вясковай супольнасці. Прыгатаванне гэтай стравы пачынаецца са збору смятаны. Затым у спецыяльнай драўлянай бойцы ўзбіваецца масла. Калі масла збілася, зліваецца маслёнка, прамываецца масла ў некалькіх водах, абавязкова соліцца.

Масла сціскаюць у камок прадаўгаватай формы, і выразаюць фігуру барана. Пры дапамозе марлі ці бінта робіцца авечая поўсць (воўна), якая ножыкам лёгка прыціскаецца да выразанай фігуры. З воску робяцца рожкі, з гарошку перцу – вочкі. Апошнім штрыхом з’яўляецца ўпрыгожванне «Маслянага барана» рознай зелянінай (рутай, шпарагусам, пятрушкай).

«Масляны баран» – святочная страва, але сёння яна выкарыстоўваецца і ў штодзённым хатнім ужытку, гатуецца на розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці, для прыезджых гасцей. Элемент перадаецца ад пакалення да пакалення ў сям’і Струй, члены якой транслююць веды, звязаныя з элементам, у форме вуснага тлумачэння і практычнага паказу ўсім жадаючым вяскоўцам. «Мясляны баран» з’яўляецца адметнай праявай лакальнай культуры харчавання в. Мацюкова і ўспрымаецца супольнасцю як каштоўнасць.

Крыніцы

Катэгорыя:Святочная кухня Катэгорыя:Культура Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Мацюкова Катэгорыя:Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь