Іван Генадзевіч Марчук, пазыўны Брэст () — беларускі добраахвотнік у складзе Узброеных Сіл Украіны. Удзельнічаў у баявых дзеяннях на Данбасе ў 2015 годзе. З пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў 2022 годзе далучыўся да фарміравання батальёна імя Кастуся Каліноўскага, потым узначальваў батальён «Волат» у складзе палка імя Каліноўскага. Загінуў у баі пад Лысычанскам. У гонар Івана Марчука названа вуліца ў Канатопе.
Біяграфія Нарадзіўся ў Брэсце. Вучыўся ва ўстанове з паглыбленым вывучэннем моў, пазней пераведзены ў іншы клас як схільны да фізіка-матэматычных дысцыплін. Паступіў у агульнаадукацыйны ліцэй з фізіка-матэматычным ухілам, потым у БДУІР на спецыяльнасць «Інжынер па тэлекамунікацыях». Вучыўся ва ўніверсітэце два гады і прыпыніў навучанне.
Служба ў Французскім Замежным легіёне Паводле самога Івана Марчука, ва ўзросце 19 гадоў, то-бок летам 2013 года, на летніх канікулах ва ўніверсітэце паехаў у Францыю па турыстычнай пуцёўцы. У Парыжы вырашыў запісацца ў Замежны легіён, праз два тыдні выпрабаванняў і адбору прыняты на службу. Пасля прыняцця на службу ў Легіён патэлефанаваў маці і паведаміў, што не вернецца ў Беларусь. Прайшоў чатырохмесячную падрыхтоўку і пераведзены ў баявы полк. Падчас службы сутыкаўся з «дзедаўшчынай», неаднаразова трапляў у карцар за пазіцыю па розных пытаннях. Нёс службу ў джунглях Французскай Гвіяны, ахоўваў гасцей аэрапорту ў ААЭ. Як і калі пакінуў службу ў Легіёне, невядома.
Пасля пераезду ва Украіну У 2015 годзе ўзяў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе. Пазыўны «Брэст» абраў па родным горадзе.
У лістападзе 2018 года Марчук затрыманы ва Украіне па падазрэнні ва ўдзеле ў падпале прадпрыемства і гандлі зброяй у складзе арганізаванай злачыннай групы. Паводле матэрыялаў справы, 13 красавіка 2018 года адкрыў агонь з гранатамёта па будынку офіса кампаніі «Кіеўгарбуд» (). У студзені 2019 года Марчук заключыў пагадненне з пракурорам, прызнаў віну і пагадзіўся на супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі. Дарніцкі раённы суд Кіева прызнаў яго вінаватым і прыгаварыў да 3 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці. Пакаранне адбываў у Барыспальскай калоніі, вызвалены ў снежні 2021 года.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне далучыўся да фарміравання батальёна імя Кастуся Каліноўскага, на яго базе пазней сфарміраваны полк, у складзе якога Марчук узначаліў батальён «Волат». Навучаў і дапамагаў рэкрутам. Прымаў удзел у штурме Лазовага на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей, таксама ўдзельнічаў у абароне Сівэрскаданэцка і Лысычанска ў складзе «Волата».
Гібель 25 чэрвеня 2022 года выконваў загад камандавання па прыкрыцці адступлення ўкраінскіх войск з Лысычанска, група «Брэста» атрымала задачу стрымаць праціўніка ў раёне Лысычанскага нафтаперапрацоўчага заводу. Раніцай 26 чэрвеня атрад заняў пазіцыі каля НПЗ, потым Марчук прыняў рашэнне заняць больш выгадную пазіцыю бліжэй да праціўніка. Разведка беспілотнікам з новай пазіцыі паказала, што група знаходзіцца ўжо ў тыле праціўніка, і вырашана было адысці. Падчас перамяшчэння група сутыкнулася ў лесе з сіламі праціўніка колькасцю да роты, якія рыхтаваліся да атакі на НПЗ. Завязаўся бліжні стралковы бой, беларускія добраахвотнікі без страт адступілі на бліжэйшую вышыню.
Пазіцыі групы Брэста аказаліся пад агнём кулямётаў, танка і бронеаўтамабіля «Тыгр». Марчук устаў, каб стрэліць з гранатамёта па танку, але граната не нанесла эфектыўнага паражэння, а сам Марчук быў паражоны агнём праціўніка. Цяжка паранены, не мог весці бой або адысці. Неўзабаве, 26 чэрвеня 2022 года, Марчук памёр.
Станам на верасень 2026 года, цела Івана Марчука не было перададзена ўкраінскаму боку.
Асабістае жыццё На працягу чатырох гадоў з перапынкамі быў у адносінах з Надзеяй Ліхашапка.
Меў матацыкл Kawasaki Z1000, захапляўся скачкамі з парашутам і тарзанкі. Апошнія гады жыцця ўстрымліваўся ад спажывання алкаголю.
Узнагароды 10 чэрвеня 2023 года Святлана Ціханоўская ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета пасмяротна ўзнагародзіла Брэста медалём «Гонар і годнасць». Узнагароду ўручылі яго блізкім. У красавіку 2024 года ўдастоены Медаля Ордэна Пагоні БНР.
Памяць У ліпені 2024 года ў Канатопе Сумскай вобласці ў гонар Івана Марчука перайменавалі вуліцу. У распараджэнні Канатопскага гарадскога савета Марчук названы «мужным воінам, сапраўдным героем і моцным лідарам».
Гл. таксама Спіс беларусаў, якія загінулі падчас расійска-ўкраінскай вайны
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Памерлі ў Луганскай вобласці Катэгорыя:Полк Каліноўскага