Трэйлавы бег (), або трэйлранінг, трэйл — лёгкаатлетычная бегавая дысцыпліна, якая прадугледжвае бег па перасечанай мясцовасці і бездарожжы, якая праводзіцца на розных тыпах ландшафту (уключаючы грунтавыя дарогі, лясныя сцежкі, вузкія сцяжынкі, пясок, снежныя сцежкі і г. д.) у натуральных умовах на адкрытай мясцовасці (горы, раўніны, лясы, пустыні і г. д.) і там дзе наогул адсутнічаюць дарогі (бездарожжа). Гонкі па трэйлу не маюць абмежаванняў па дыстанцыі і перападам вышынь пры выбары маршруту спаборніцтваў. Трэйл, як бегавая дысцыпліна, уключае асобныя элементы кросу і горнага бегу.

У жніўні 2015 года Кангрэс ІААФ прызнаў трэйлавы бег адной з дысцыплін лёгкай атлетыкі. Рэгулюе і санкцыянуе спаборніцтвы па трэйле Міжнародная асацыяцыя трэйлавага бегу (ITRA).

Гісторыя Цяжка вызначыць дакладную дату нараджэння трэйлранінгу; аднак першыя арганізаваныя гонкі адбыліся ў ЗША ў Каліфорніі. Адной з першых была гонка Dipsea Trail Race. Забегі на трываласць Western States 100 Mile і Leadville Trail 100 (1983) таксама з’яўляюцца аднымі з піянераў гэтага віду спорту, за імі знакавымі сталі Marathon des Sables у Марока (1986) і Grand Raid de La Réunion (1989).

Трэйлавы бег перажыў бум у 2000эх гадах у Еўропе са з’яўленнем забегаў Манблан Ультратрэйл у 2003 годзе, за якім адбыліся шматлікія іншыя гонкі. Сёння бег па перасечанай мясцовасці хутка распаўсюджваецца ў Азіі і Паўднёвай Амерыцы.

Міжнародная асацыяцыя трэйлавага бегу (ITRA) была заснавана ў 2013 годзе з мэтай прасоўвання трэйлавага бегу ва ўсім свеце і прадастаўлення голасу ўсім бакам, якія ўдзельнічаюць у гэтым відзе спорту. У 2015 годзе трэйлранінг быў прызнаны Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацый дысцыплінай лёгкай атлетыкі.

Колькасць арганізаваных трэйл гонак вырасла на 1000% з 2008 года па 2018 год са 160 да больш чым 1800 ва ўсім свеце.

Асаблівасці дысцыпліны Экіпіроўка Многія трэйлавыя бегуны аддаюць перавагу спецыяльна распрацаваным красоўкам з вельмі рыфленай падэшвай, якія нашмат больш жорсткія, чым у абутку для звычайнага бегу. Да таго ж, красоўкі для гэтай дысцыпліны звычайна вышэй асфальтавых і маюць адмысловы ўстойлівы профіль падэшвы для забеспячэння ўстойлівасці на няроўных паверхнях.

Рыштунак для трэйла можа вар’іравацца ў залежнасці ад канкрэтнай трасы і ўмоў надвор’я. Можа ўключаць воданепранікальную адзежу, бутэлькі з вадой, сонцаахоўны крэм, сонцаахоўныя акуляры, гетры, спрэй ад насякомых, налобныя ліхтары. Некаторыя бегуны па перасечанай мясцовасці прымацоўваюць да падэшвы абутку лёгкія коткі, каб палепшыць счапленне на снезе і лёдзе. Звышлёгкія паходныя палкі ці трэкінгавыя палкі можна выкарыстоўваць для павелічэння хуткасці і ўстойлівасці. Альтэрнатыўны спосаб насіць з сабой ваду — выкарыстоўваць гідратар з трубкай для піцця, які можна насіць у заплечніку ці паясной сумцы.

Па правілах Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі трэйлавыя гонкі не прадугледжваюць выкарыстанне адмысловага абсталявання, напрыклад, альпінісцкага рыштунку. Выкарыстанне паходных палак можа быць дазволена арганізатарамі гонкі. Арганізатар гонкі можа рэкамендаваць або ўвесці абавязковы рыштунак з улікам умоў, якія, як чакаецца, узнікнуць падчас гонкі, што дасць магчымасць спартсмену пазбегнуць праблемных сітуацый або забяспечыць магчымасць падаць сігнал трывогі і чакаць у бяспечных умовах прыбыцця дапамогі.

Пункты аказання дапамогі Пункты аказання дапамогі — гэта фізічныя кантрольныя пункты, звычайна размешчаныя праз кожныя 5-10 кіламетраў трасы. Пункты ультрамарафону часта забяспечваюцца прадуктамі, якія забяспечваюць бегуноў хутказасваяльным цукрамі, якія могуць забяспечыць неабходны зарад энергіі, калі ўзровень глікагену пачынае падаць.

Аднак існуюць шматдзённыя забегі, якія не забяспечваюць ніякай падтрымкі, акрамя вады і медыцынскай дапамогі, і патрабуюць ад удзельнікаў несці ўвесь свой рыштунак (ежу, спальны мяшок, зменнае адзенне, компас). Самым вядомым прыкладам такіх забегаў з’яўляецца Marathon des Sables, які ўпершыню быў праведзены ў 1986 годзе.

Забегі У свеце Міжнародная асацыяцыя трэйлавага бегу і Міжнародная асацыяцыя ультрамарафонцаў пачалі праводзіць чэмпіянаты свету па трэйле з 2007 года з перыядычнасцю раз на два гады. Пачынаючы з 2015 года чэмпіянат праводзіўся штогод.

Пасля 2019 года асобны чэмпіянат свету па трэйле быў адменены, а наступныя чэмпіёны свету па трэйле будуць вызначацца ў рамках аб’яднанага чэмпіянату свету па горным і трэйлавым бегу, першы з якіх прайшоў у 2022 годзе.

Акрамя чэмпіянату свету праводзіцца вялікая колькасць трэйлавых забегаў па ўсім свеце. Забегі, за якія налічваюцца рэйтынгавыя ачкі можна знайсці ў календары забегаў на сайце Міжнароднай асацыяцыі трэйлавага бегу. Асацыяцыя распрацавала крытэрыі, якія дапамагаюць ацэньваць і сертыфікаваць маршруты, забяспечваючы тым самым дакладнае ўяўленне аб затрачаных намаганнях. У залежнасці ад дыстанцыі, перападу вышынь узровень складанасці гонкі ацэньваецца па шкале ад 0 да 6 балаў.

У Беларусі У Беларусі таксама праводзяцца трэйлавыя забегі: забегі ад Федэрацыі Прыгодніцкіх Гонак, забегі серыі «Ласіная сцежка», Bison Trail у Сілічах і Раўбічах, трэйлавыя забегі ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Некаторыя гонкі былі ўключаны ў сусветны каляндар і за іх налічваюцца рэйтынгавыя ачкі: марафон «Налібакі», серыя забегаў «Жук-трэйл», Kaspersky Race, трэйл «Вітаўт», трэйл «Дарога замкаў», трэйлы «Зіма партызанская» і «Зіма мінус 100».

Зноскі

Спасылкі Міжнародная асацыяцыя трэйлавага бегу (ITRA) Трэйл на сайце World Athletics

Катэгорыя:Бег па перасечанай мясцовасці *