Баніфацый Урбанавіч Крупскі (, ; , Ігнатава, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — , Мяцявічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя) — беларускі палітычны, культурны і гаспадарчы дзеяч часоў Расійскай імперыі, дваранін-землеўласнік. Міравы пасрэднік Ігуменскага павета (1861). Удзельнік Паўстання 1863 года — паўстанцкі начальнік Ігуменскага павета. Член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1883).
Біяграфія Нарадзіўся 15 ліпеня 1822 года ў маёнтку Ігнатаў (Ігнатава) Мінскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі ў сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Урбана Крупскага і яго жонкі Кацярыны Антаневіч і пазней быў хрышчаны ў каталіцтва. Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак».
Скончыў гімназію у Слуцку і Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт (фізіка-матэматычны факультэт). Ва ўніверсітэце паводле распараджэння графа А. Ф. Арлова за ім у 1848 годзе быў учынены наглядРГИА. Ф. 1286. Оп. 11 1848 г. Д. 847. Заголовок: Дело по отношению господина генерал-адъютанта графа Орлова об учреждении надзора за студентом Бонифацием Крупским 20 ноября 1848 г..
Пасля атрымання адукацыі пераехаў з бацькамі ў Бабруйскі павет, дзе жыў у маёнтках князя Вітгенштэйна і дапамагаў бацьку па кіраванні маёнткам, пакуль бацька Урбан Крупскі не купіў ад Корсакаў маёнтак Мяцявічы ў Пагосцкай воласці Слуцкага павета. У 1861 годзе Урбан Крупскі купіў у Ратынскага яшчэ маёнтак Навасёлкі ў Ігуменскім павеце.
Баніфацый Крупскі рэалізоўваў сялянскую рэформу 1861 года ў Расійскай імперыі: быў абраны міравым пасрэднікам Ігуменскага павета і за годныя меркаванні і ўрэгуляванне спраў на карысць сялян атрымаў прызнанне і павагу апошніх. У бацькавым маёнтку Навасёлкі заснаваў народнае вучылішча (народную школу).
Актыўна дзейнічаў у 1859 годзе ў Мінску ў распрацоўцы статута планаванага Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі (Litewskie Towarzystwo Rolnicze), якое б тэрытарыяльна ахоплівала ўсе літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі, быў адным з аўтараў яго статуту — разам з Казімірам Скірмунтам і Юліянам КарповічамSzpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларус.-пол. навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гіст.-культур. установа «Палоніка-Літуаніка», Ін-т Пол. у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42.Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.. Аўтары арыентаваліся на статуты Варшаўскага таварыства сельскай гаспадаркі і Галіцыйскага таварыства сельскай гаспадаркі, прадстаўленыя ім ад Антона Паўлавіча Яленскага, які таксама здолеў схіліць віленскага губернскага маршалка (1855—1878) Аляксандра Дамейку (1804—1878) да распрацоўкі статута Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркіSzpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.. Выпрацоўка канчатковага варыянта статута адбывалася ў красавіку 1860 года ў Вільні падчас сустрэчы дэлегаваных літоўска-беларускіх дваран-землеўласнікаў з Віленскай (Рудольф Ясенскі, Юзаф Шышка, Караль Фалевіч), Ковенскай (Якуб Гейштар, Эдвард Ромер, граф Марыян Чапскі) і Мінскай губерняў (Юліян Карповіч, Баніфацый Крупскі)Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.. Падрыхтаваны праект статуту Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі быў падпісаны 18 (30) мая 1860 года ў Вільні 61 дваранінам-заснавальнікам. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў перадаў статус на зацвярджэнне расійскаму імператару, які не даў свайго дазволу на тое, нягледзячы на забегі прадстаўнікоў літоўска-беларускіх дваран-землеўласнікаўSzpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 36..
Баніфацый Крупскі не падтрымліваў узброеную барацьбу супраць расійскай улады, але ў Паўстанні 1863 года ўдзельнічаў — у 1863 годзе прыняў пасаду паўстанчага камісара Ігуменскага павета. З прычыны непрыхільнай рэляцыі праваслаўнага святара (што Крупскі шкодна ўплывае на сялян) быў вымушаны пераехаць з Навасёлак у Ігумен. Падчас паўстання прыняў ад Баляслава Свертаржэцкага дакументы з «рэвалюцыйнымі распараджэннямі», рабіў з іх копіі і перадаваў іншым асобам, у тым ліку Антонію Асоўскаму. Неўзабаве быў арыштаваны, змешчаны ў Мінскую вязніцу і з 2 мая 1863 года знаходзіўся пад следствам за распаўсюджанне папяровых распараджэнняў паўстанцаўСПИСОК лицам, состоявшим и состоящим под следствием в комиссии, Высочайше учрежденной в городе Минске по политическим делам. С 15 Мая по 15 Августа 1863 года.. 15 ліпеня 1863 года нарадзілася яго другое дзіця — Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915). Стэфанія Крупская спецыяльна прынесла немаўля Урбана ў мінскі турэмны замак, каб Баніфацый Крупскі змог пабачыць свайго сынаРаюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341..
Пастановай суду, пацверджанай рашэннем віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва ад 2 верасня 1863 года, Баніфацый Крупскі быў прысуджаны да пазбаўлення правоў дваранства, канфіскацыі маёмасці (маёнтка Навасёлкі з фальваркамі Ніўкі і Вялень і маёнтка Мар’іна Горка ў Ігуменскім павеце) рашэннем ад 31 снежня 1863 года і высылкі на катаргу на цяжкія работы на заводы на 8 гадоў. Крупскі быў адпраўлены ва Усолле-Сібірскае, куды за ім па ўласнай волі адправілася яго жонка Стэфанія, пакінуўшы дома дваіх дзяцей (у тым ліку Урбана Баніфацевіча Крупскага) — яны былі аддадзены пад апеку Леакадзіі Урбанаўны Арачэўскай (сястры Баніфацыя Крупскага), уласніцы маёнтка Васільчыцы ў Слуцкім павецеРаюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.. Ва Усоле ў сям’і Крупскіх нарадзіліся яшчэ дзве дачкі. Праз пяць гадоў сям’я Крупскіх пасялілася ў Табольску, а затым у Царове, у Астраханскай губерні.
У жніўні 1874 года Баніфацый Крупскі атрымаў ад расійскіх улад дазвол вярнуцца на радзіму. Адразу пасля вызвалення Баніфацый і Стэфанія Крупскія паехалі ў Варшаву. Верагодна, у Варшаве ў тыя часы былі намаляваны партрэты Баніфацыя Крупскага і Стэфаніі Крупскай, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаўскай галерэі.
А праз год Крупскія пераехалі ў Мінскую губерню. У 1876—1880 гадах Баніфацый Крупскі жыў у маёнтку Мяцявічы Слуцкага павета, які належаў яго сёстрам. Тут толькі бацькі змаглі добра пазнаць свайго сына — Урбана Баніфацевіча КрупскагаРаюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.. У 1880 г. Баніфацый Крупскі быў адноўлены ў правах — яму было вернута дваранства Расійскай імперыі.
У 1883 годзе Баніфацый Крупскі ўступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркіРаюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.. А яго сын Урбан Баніфацевіч Крупскі ўступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі ў 1889 г.Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
Баніфацый Крупскі добра гаспадараваў у Мяцявічах. У 1890 годзе суседнія сяляне зрабілі заход з карыснымі намерамі на землі маёнтка Мяцявічы, таму Баніфацый Крупскі падаў у суд на злачынныя дзеянні сялян і тую судовую справу выйграў. Аднак пасля выроку суда аб належнасці выплаты значных грошай сялянамі на карысць Крупскага, Баніфацый Крупскі дараваў сялянам тыя грошы і шчодра ўрэгуляваў сервітуты на карысць сялян. Нягледзячы на гэта сяляне падпалілі ноччу кароўнік у маёнтку Мяцявічы ў знак помсты за судKraj № 40, 1890 г., стр.1 у дадатку. Паведамленне пра гэта ў часопісе «Kraj» (№ 40, 1890 г., стр. 1 у дадатку) напісаў журналіст Аляксандр Ельскі (1834—1916)Kraj № 40, 1890 г., стр.1 у дадатку.
Памёр 12 студзеня 1903 года ў маёнтку Мяцявічы, абкружаны вялікай павагай сваякоў і суседзяў.
Сям’я Жонка — Стэфанія Фларыянаўна Свіда (1841—1896), дваранка, дачка Фларыяна Свіды і Канстанцыі Непакайчыцкай.
Меў шэсць дзяцей: Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915), удзельнік беларускай народніцкай групы «Гоман» (1884), старшыня Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту (1909—1915), уласнік маёнтк Засулле, член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1889). Жонка: Гелена Свіда (?—1901). Шлюб у 1889 г. Зыгмунт Баніфацевіч Крупскі (1883—1940), уласнік маёнтка Мяцявічы, бурмістр Нясвіжа (упамінаецца ў 1926 г.). Жонка: Аліна Янаўна Відацкая (1889—1978). Шлюб у 1907 г. Канстанцыя Баніфацеўна Крупская. Муж: Адам Аколаў-Падгорскі. Ядвіга Баніфацеўна Крупская (?-1915—1917-?), выконвала абавязкі лекара лекарскай часткі ў слуцкім павятовым земстве (?-1915—1917-?). Станіслаў Баніфацевіч Крупскі (08.10.1877,Слуцк—1915-?), уласнік маёнтка Мяцявічы, ПрудокПрудок у Пагосцкай воласці ў Слуцкім павеце.. Жонка: Адэля-Канстанцыя-Альдона Густаваўна Гружэўская (11.03.1877—?). Тэрэза Баніфацеўна Крупская (1880—1962). Муж: Уладзімір Дрыжынскі (1874—?; уладальнік маёнтка Двурэчча ў Ігуменскім павеце).
Сястра — Леакадзія Урбанаўна Крупская (у замустве Арачэўская).
Літаратура Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346. Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
Федорук, А. Т. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s. Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s. Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларус.-пол. навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гіст.-культур. установа «Палоніка-Літуаніка», Ін-т Пол. у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42. Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
Спасылкі Бонифаций Урбанович Крупский // nasledie-sluck.by Bonifacy Krupski h. Korczak // geni.com Bonifacy Krupski Kraj № 40, 1890 г.
Баніфацый Урбанавіч Катэгорыя:Члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Катэгорыя:Выпускнікі Слуцкай гімназіі Катэгорыя:Выпускнікі фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Нарадзіліся ў Валожынскім раёне Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінскім павеце Катэгорыя:Памерлі ў Салігорскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў Слуцкім павеце