Су́днавы рухаві́к — рухавік, які забяспечвае пераўтварэнне на судне якога-небудзь віду энергіі ў механічную работу. Уваходзіць у склад судавай энергетычнай устаноўкі.

Падзяляюцца на галоўныя (забяспечваюць рух судна) і дапаможныя (для прыводу электрычных генератараў, помпаў, вентылятараў, кампрэсараў і іншага абсталявання) суднавыя рухавікі. Па прызначэнню галоўныя рухавікі падзяляюцца на шматрэжымныя, маршавыя і фарсажныя. У цяперашні час частка магутнасці галоўнага рухавіка часам расходуецца на забеспячэнне энергіяй дапаможных суднавых спажыўцоў.

Першым суднавым рухавіком была паравая машына. На сучасных судах у якасці рухавіка ўжываюць рухавікі ўнутранага згарання (двухтактныя і чатырохтактныя), паравыя турбіны і газатурбінныя ўстаноўкі, ядзерныя сілавыя ўстаноўкі. Па частаце вярчэння суднавыя рухавікі ўнутранага згарання падзяляюцца на: малаабаротныя з частатой вярчэння 100—150 абаротаў за мінуту, якія перадаюць энергію суднаваму рухачу непасрэдна, і сярэднеабаротныя з частатой вярчэння 300—600 абаротаў за мінуту, якія прыводзяць у рух суднавы рухач праз рэдуктар.

Агульнымі патрабаваннямі да галоўнага рухавіка з’яўляюцца: дастатковая магутнасць рухавіка, якая забяспечвае неабходную хуткасць судна; маса і габарыты рухавика, якія дазваляюць размясціць яго ў корпусе судна; забеспячэнне павольнай змены частоты вярчэння; надзейнасць працы ў розных умовах плавання (пры гайданцы, ударах хваль і г. д.); магчымасць змены напрамку вярчэння (пры адсутнасці рэверсіўных перадач або рэгуляваных рухачоў).

Крыніцы

Літаратура

Гаврилов С. В. Судовые энергетические установки. История развития. — Петропавловск-Камчатский: Камчатский государственный технический университет, 2003. — 383 с., ил. — 145 экз. — ISBN 5-328-00037-4. Железняк А. А. Судовые энергетические установки: учебное пособие / А. А. Железняк. — Керчь: Керченский государственный морской технологический университет, 2019. — 134 с. Гильмияров Е. Б., Цветков В. В. Многокритериальный подход к выбору судовой энергетической установки (Судомеханический факультет МА МГТУ, кафедра судовых энергетических установок) Кузнецов В. А. Судовые ядерные энергетические установки. Учебник. — Л.:Судостроение, 1989. — 256 с.: ил. ISBN 5-7355-0082-1

Спасылкі

Гаук М. А., Рабченя В. С. Судовые двигатели // Актуальные проблемы энергетики, 2017.

Катэгорыя:Дэталі караблёў Катэгорыя:Рухавікі