Бітва пры Талавера-дэ-ла-Рэйна адбылася 3 верасня 1936 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Рэспубліканцы, спрабуючы перагарадзіць шлях на Мадрыд ля Талавера-дэ-ла-Рэйна, былі разгромлены арміяй нацыяналістаў. Сутыкненне скончылася цяжкімі стратамі з абодвух бакоў.

Ход падзей У пачатку верасня, пасля паступовага адступлення ўздоўж Таха, рэспубліканскія войскі замацаваліся на моцнай пазіцыі на вышынях пад Талаверай. У папярэдніх баях рэспубліканскі генерал Хасэ Рыкельмэ не адважваўся абараняцца на адкрытай мясцовасці і ўвесь час адступаў, што дазволіла яму захаваць сілы і сабраць ля Талаверы каля 10 000 чалавек. Яго войскі былі ўзмоцнены падмацаваннем: артылерыяй і бронецягніком. Стомленыя і патрапаныя нацыяналісты тым часам прасунуліся наперад на некалькі сотняў міль практычна без перадышкі.

На досвітку 3 верасня генерал Хуан Ягуэ загадаў палкоўніку Карласу Асенсіа і маёру Антоніа Кастэхону атакаваць абаронцаў у флангі. Дзве калоны неўзабаве захапілі чыгуначную станцыю і аэрадром. Рэспубліканцы зразумелі, што будуць акружаны і захоплены ў палон. Многія салдаты пакінулі свае пазіцыі і беглі з поля бою на аўтобусах. Апоўдні Ягуэ атакаваў непасрэдна сам горад. Хоць рэспубліканцы ўтрымлівалі свае пазіцыі большую частку дня, але да вечара Талавера ўсё ж была ўзята.

Страты Баі каштавалі нацыяналістам 1000 чалавек забітымі і параненымі. У рэспубліканцаў было забіта 500 чалавек, 1000 трапіла ў палон. Пераможцам дасталіся таксама 42 гарматы.

Наступствы Рэспубліканцы страцілі свой апошні рубеж абароны перад Мадрыдам, які неўзабаве быў абложаны.

Спасылкі Томас, Хью. Гражданская война в Испании. Нью-Йорк: Харпер и братья, 1961. Поход на Мадрид

Катэгорыя:Верасень 1936 года Катэгорыя:Падзеі 3 верасня Катэгорыя:Канфлікты 1936 года Катэгорыя:Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі Катэгорыя:Бітвы ў Іспаніі Катэгорыя:1936 год у Іспаніі