Царква Канстанціна і Алены — колішні праваслаўны храм у Магілёве. Размешчаны на Машэкаўцы, па вуліцы Дарвіна, 1.
Гісторыя Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя як царква-школа св. Алены і Канстанціна на 3-й лініі Мышакоўскай гары. Ідэя пабудовы належала магілёўскаму архіепіскапу Канстанціну, таму яе называлі Канстанцінаўскай. Царкоўна-прыхадская школа існавала тут з 1914 года. У ёй працавала настаўніцай Лізавета Мікалаеўна Казлоўская. У 1916 годзе пры школе існаваў хор, які выступаў на рэлігійных мерапрыемствах. 29 мая 1916 г. калі царква была скончана «в черне», пры ўдзеле архіепіскапа Канстанціна быў урачыста ўзняты крыж. 17 студзеня 1917 года на няскончаную царкву-школу архіепіскап Канстанцін ахвяраваў яшчэ 500 рублёў (да гэтага яшчэ 700 руб.).
З 1922 года і да 1964 года тут размяшчалася школа № 9, у якой выкладала Заслужаная настаўніца БССР Лізавета Мікалаеўна Казлоўская. Цяпер у будынку размяшчаецца Абласны цэнтр творчасці.
Архітэктура
Будынак з чырвонай цэглы, выкананы ў тэхніцы муроўкі «англійская перавязка». У плане — трохнефавы, бяскупальны храм з трансэптам і пяціграннай апсідай, якая выступае за межы будынку. У стрыманым дэкоры фасада пераважае матыў аркі.
Галоўны фасад двух’ярусны з разарваным франтонам, пасярод якога прамавугольная дэкаратыўная ніша, з плоская аркай. Пад нішай — тры акны, пад якімі нішы. Сярэдняе шырокае з сегментнай аркай, па баках два вузкіх з паўцыркульнай аркай. Бакавыя фасады таксама двух’ярусныя, з тарцовымі выступамі трансэптамі са шчыпцовым дахам і зубчастым цагляным арнаментам на франтоне. У сярэдзіне арачнага выступу арачнае акно. Першы ярус бакавога франтона ўпрыгожаны паўцыркульнымі аркамі.
Другі ярус цэнтральнай часткі дэкарыраваны плоскімі аркамі. У сярэдзіне тарцовага выступу — закладзенае акно з нішамі. Будынак аздоблены ступеньчатым гзымсам і гарызантальнымі цягамі над вокнамі першага паверху. Над храмам знаходзіўся на 5-сажневы шпіль з крыжам.
Спасылкі
Катэгорыя:1916 год у Магілёве Катэгорыя:З’явіліся ў 1916 годзе Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва Катэгорыя:Вуліца Дарвіна (Магілёў) Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Магілёва Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Магілёўскай вобласці