Сільве́стр Ваяву́дзкі (; псеўданімы: «Старасцінскі», «Ваявода», «Стэфан»; 1892, Пскоў — 25 красавіка 1938, Камунарка) — польскі камуніст, грамадска-палітычны дзеяч, паручнік Войска Польскага, пасол на Сойм Польскай Рэспублікі. Адыграў значную ролю ў гісторыі беларускага нацыянальнага руху як палітычны рэферэнт польскай ваеннай разведкі.

Біяграфія

Раннія гады Нарадзіўся ў Пскове, аднак паходзіў са шляхецкай сям'і, якая мела маёнтак Дэйнароўшчына ў Лідскім павеце і захоўвала традыцыі паўстання 1863 года. Выхоўваўся ў патрыятычным духу. Вучыўся ў Гродне, дзе ўжо ў гімназіі вёў незалежніцкую дзейнасць, кіруючы гуртком самаадукацыі. Менавіта ў Гродне ў лютым 1910 года ён прысутнічаў на першай беларускай вечарыне, якую ладзіў мясцовы гурток беларускай моладзі. За выданне нелегальнага часопіса «Jutro» быў выключаны са школы за тыдзень да выпускных экзаменаў.

У 1913—1914 гадах вучыўся ў Псіханеўралагічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу (хоць пазней у афіцыйных дакументах сцвярджаў, што мае толькі 8 класаў гімназіі). Там ён уступіў у мясцовую арганізацыю Польскай сацыялістычнай партыі — Рэвалюцыйнай фракцыі і пазнаёміўся з іншым яе дзеячам, Ежы Чашэйка-Сахацкім, з якім шчыльна супрацоўнічаў на працягу многіх гадоў сваёй палітычнай кар'еры.

Ваенная служба і праца ў разведцы Пасля пачатку Першай сусветнай вайны пакінуў вучобу і ўступіў у афіцэрскую школу польскага Стралецкага саюза. 3 жніўня 1914 года пад псеўданімам «Стэфан» апынуўся ў шэрагах Першай кадравай кампаніі, створанай Юзафам Пілсудскім. На тэрыторыях, акупаваных аўстра-венгерскай арміяй, з 1915 года ствараў аддзелы Польскай вайсковай арганізацыі (ПВА), з'яўляўся камендантам Пётркаўскай акругі і Галоўнага штаба ПВА ў Кельцах, выконваў абавязкі палітычнага рэферэнта. Быў арыштаваны нямецкімі ўладамі за арганізацыю маніфестацыі супраць зняволення Юзафа Пілсудскага. Пасля перадачы камандавання над польскім войскам Пілсудскаму ў лістападзе 1918 года браў удзел у разбраенні аўстра-венгерскага гарнізона ў Кельцах. З канца 1918 года займаў пасаду намесніка начальніка Народнай міліцыі ППС у Варшаве.

З 1917 года быў звязаны з Юзэфай Старжынскай (з Врублеўскіх), якая дзеля яго пакінула свайго мужа Стэфана Старжынскага (будучага прэзідэнта Варшавы).

У адроджанай Польшчы з чэрвеня 1919 года быў пераведзены ў II аддзел Генеральнага штаба Войска Польскага (ваенная разведка і контрразведка). У кастрычніку 1919 года паступіў на службу ў якасці палітычнага рэферэнта пры II аддзеле Літоўска-Беларускага фронту. У гэты час стаў адной з ключавых фігур у польска-беларускіх адносінах, выступаючы нефармальным палітычным прадстаўніком Юзафа Пілсудскага і правадніком яго федэралісцкіх ідэй на ўсходзе.

На гэтай пасадзе Ваявудзкі ўступіў у востры канфлікт з польскай цывільнай адміністрацыяй (Цывільным упраўленнем усходніх земляў), якая праводзіла больш жорсткую асімілятарскую палітыку. Ротмістр Казімеж Стаміроўскі пазней характарызаваў свайго падначаленага так: Ваявудзкі быў заядлым беларусам, прымаў усю іх канцэпцыю сур'ёзна на ўсе сто адсоткаў, нечувана шырока, і яны [беларусы] ставіліся да яго як да чалавека, адданага ім на сто адсоткаў. У сваю чаргу, кіраўнік Мінскай акругі Уладзіслаў Рачкевіч называў Ваявудзкага «беларусам большым, чым самі беларусы».

Ваявудзкі карыстаўся даверам многіх беларускіх дзеячаў, асабліва Браніслава Тарашкевіча, які называў яго сваім «старым прыяцелем» і дарадцам. Дзякуючы ўмяшанню Ваявудзкага і яго ціску на камандуючага фронтам генерала Шаптыцкага, ад расстрэлу быў выратаваны вядомы беларускі палітык Тамаш Грыб. У снежні 1919 года Ваявудзкі спрабаваў прадухіліць раскол у Радзе БНР, вядучы кулуарныя перамовы з Антонам Луцкевічам і дапамагаючы яму з выездам. Пазней, у 1921 годзе, ён аказваў падтрымку Беларускаму дзяржаўнаму камітэту, які ствараўся ў Вільні ў супрацьвагу ковенскаму ўраду В. Ластоўскага.

Аднак пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора і фактычнага краху федэралісцкай канцэпцыі, польскі ўрад пачаў згортваць гульню з беларускім рухам. У кастрычніку 1921 года Сільвестр Ваявудзкі быў звольнены з ваеннай службы ў запас.

Палітычная дзейнасць Пасля сыходу з арміі Ваявудзкі заняўся палітычнай і грамадскай працай. Ён стаў адным з заснавальнікаў Польскага сялянскага саюза «Адраджэнне» () і рэдактарам яго друкаванага органа «Вызваленне народу» (газета мела і беларускамоўную версію). На выбарах у студзені 1922 года саюз атрымаў 9 мандатаў у Віленскім сойме, а пасля далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы аб'яднаўся з партыяй ПСЛ «Вызваленне».

Падчас парламенцкіх выбараў у лістападзе 1922 года Ваявудзкі актыўна працаваў на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў і быў абраны паслом у Сейм I склікання. Аднак яго погляды станавіліся ўсё больш радыкальнымі. Вясной 1924 года ён, патрабуючы зямельнай рэформы без выкупу, уласнаручна распарцэляваў (раздаў сялянам) свой вялікі маёнтак, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькі, пакінуўшы сабе толькі невялікі ўчастак з домам і садам.

У лістападзе 1924 года Ваявудзкі разам з некалькімі іншымі пасламі выйшаў з ПСЛ «Вызваленне» ў знак пратэсту супраць падтрымкі ўрада Уладзіслава Грабскага і стварыў Незалежную сялянскую партыю (НСП). Партыя перайшла на пазіцыі крайняй левіцы і шчыльна супрацоўнічала з Беларускай сялянска-работніцкай грамадой (БСРГ), Сель-Робам і нелегальнай Камуністычнай партыяй Польшчы. Ваявудзкі здзейсніў паездку ў СССР, дзе пераканаўся ў «паспяховасці» савецкіх рэформ, пра што актыўна пісаў у партыйнай прэсе. Спачатку ён з пэўнай надзеяй паставіўся да Майскага перавароту Пілсудскага (1926), але хутка перайшоў у жорсткую апазіцыю і стаў адным з яго найвялікшых ворагаў.

З восені 1926 года ўлады пачалі рэпрэсіі супраць НСП і БСРГ. У студзені 1927 года, падчас парламенцкіх дэбатаў вакол арыштаў лідэраў Грамады, Ваявудзкі ўступіў у вострую спрэчку з віцэ-прэм'ерам Казімежам Бартлем, за што быў выключаны маршалкам сойма з пасяджэнняў на месяц. Гэта было яго апошняе з'яўленне ў парламенце. 21 сакавіка 1927 года Незалежная сялянская партыя была афіцыйна забаронена ўладамі.

У той жа час газета «Głos Prawdy» абвінаваціла Ваявудзкага ў тым, што ён адначасова з'яўляўся планым агентам польскай контрразведкі і савецкім шпіёнам. Ваявудзкі запатрабаваў склікання парламенцкага суда гонару (маршалкоўскага суда), у які ўвайшлі вядомыя палітыкі. 3 сакавіка 1927 года суд вынес апраўдальны прысуд, бо доказаў шпіянажу не знайшлося.

Эміграцыя ў СССР і смерць У пачатку 1928 года Ваявудзкі афіцыйна ўступіў у нелегальную Камуністычную партыю Польшчы, дзе працаваў у Аграрным аддзеле ЦК. Быў адным з ініцыятараў стварэння Аб'яднання сялянскай левіцы «Самадапамога». Выконваў функцыі прадстаўніка партыі ў Сялянскім інтэрнацыянале. У сакавіку 1930 года браў удзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе ў Берліне, быў арыштаваны нямецкай паліцыяй і атрымаў прадпісанне пакінуць Германію і вярнуцца ў Польшчу. Разумеючы, што на радзіме яго чакае турма, ён вырашыў бегчы ў СССР.

У чэрвені 1931 года Ваявудзкі адплыў з Гданьска ў Ленінград. Адразу пасля сыходу з карабля (9 чэрвеня 1931 года) ён быў арыштаваны органамі АДПУ (АДПУ). 16 сакавіка 1933 года калегія АДПУ асудзіла яго на 10 гадоў турмы па абвінавачванні ў шпіянажы. Адбываў пакаранне ў Яраслаўскім палітычным ізалятары. 25 красавіка 1938 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прыгаварыла Ваявудзкага да вышэйшай меры пакарання за «ўдзел у антысавецкай дыверсійна-тэрарыстычнай арганізацыі». Ён быў расстраляны ў той жа дзень на палігоне Камунарка пад Масквой.

Рэабілітаваны пасмяротна ў снежні 1956 года пастановай Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР.

Польскі гісторык Марыян Драздоўскі, спасылаючыся на звесткі сына аднаго з даваенных афіцэраў польскай разведкі, выказваў меркаванне, што Сільвестр Ваявудзкі насамрэч выкарыстоўваўся польскімі спецслужбамі для глыбокага ўкаранення ў камуністычны рух, а яго радыкальныя пракамуністычныя заявы былі толькі прыкрыццём, каб заслужыць давер у колах КПП і Камінтэрна.

Узнагароды Крыж Адважных (двойчы, 1922) — за дзейнасць у Польскай вайсковай арганізацыі. Памятны знак Першай кадравай кампаніі — за службу ў Польскіх легіёнах. Крыж Польскай вайсковай арганізацыі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1892 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Пскове Катэгорыя:Памерлі 25 красавіка Катэгорыя:Памерлі ў 1938 годзе Катэгорыя:Расстраляныя і пахаваныя на палігоне «Камунарка» Катэгорыя:Палітыкі Польшчы Катэгорыя:Беларусы ў Польшчы Катэгорыя:Афіцэры Другой Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Кавалеры Крыжа Адважных (Польшча) Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў СССР Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Расстраляныя Катэгорыя:Палітыкі Польшчы Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Польшчы Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польскай Рэспублікі (1918—1939) 1 склікання Катэгорыя:Члены Камуністычнай партыі Польшчы