Яніна Канстанцінаўна Дзямі́дчык (у дзявоцтве Скурато́віч; нар. , в. Слабада, Смалявіцкі раён, Мінская вобласць) — беларускі работнік сельскай гаспадаркі (кіраўнік ільнаводчага звяна), Герой Сацыялістычнай Працы (1966).

Біяграфія З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны засталася на часова акупіраванай тэрыторыі, працавала ў бацькоўскай гаспадарцы. Пасля вызвалення раёна працягнула вучобу і скончыла пяць класаў школы.

У 1946 годзе пачала працаваць у мясцовым калгасе імя С. М. Будзёнага (з 1958 калгас «1 Мая»). Актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні гаспадаркі, разбуранай у перыяд нямецкай акупацыі. Была занята на розных работах у паляводстве, затым перайшла ў адно з ільнаводчых звёнаў, якія былі створаны ў калгасе.

Ініцыятыўная і адказная працаўніца, добры арганізатар, у 1960 годзе узначаліла льнаводчае звяно. Каб як мага лепш авалодаць прафесіяй мэтанакіравана занялася самаадукацыяй. Па вечарах наведвала заняткі ў агранамічным гуртку, знаёмілася з публікацыямі вядомых ільнаводаў, навукоўцаў-аграномаў. У кароткі тэрмін ільнаводы звяна на чале з Я. К. Скуратовіч здолелі дасканала авалодаць майстэрствам вырошчвання гэтай селькагаспадарчай культуры. Неаднаразова выходзілі прызёрамі альбо пераможцамі штогадовага сацыялістычнага раённага спаборніцтва. У завяршальным годзе сямігодкі імі было сабрана па 6 цэнтнераў валакна і 8 цэнтнераў насення льну з кожнага гектара.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 красавіка 1966 года за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак ільну, было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

Неаднаразова прымала ўдзел у працы Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, была ўзнагароджана дыпломамі Галоўнага выставачнага камітэта. З 1978 года загадвала пунктам па водпуску кармоў на жывёлагадоўчай ферме. У 1994 годзе выйшла на заслужаны адпачынак.

Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1967—1971), Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных, была ўзнагароджана ордэнам Леніна, медалямі. У 2007 годзе стала Ганаровым грамадзянінам Смалявіцкага раёна.

Літаратура Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. — Мінск, 1981. — Т. 5. — С. 561. Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. — Минск, 1982. — Т. 5. — С. 581—582. Минская область : энциклопедия : [в 2 т.]. — Минск, 2007. — Т. 2. — С. 12. Мінская праўда. — 1979. — 18 лістапада (№ 221). — С. 2. Памяць : Смалявіцкі раён. Жодзіна : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [уклад.: Ю. Я. Гіндзін, Г. У. Разумаў; рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск, 2000. — С. 574—575. Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2016. — Т. 5. кн. 1 : Минская область. — С. 300. Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. — Минск, 2014. — С. 202. Труд, талант, доблесть : [документально-художественные очерки] : в 2 ч. / [составители: Е. Э. Павлюць, Б. И. Сушкевич, В. В. Шарпило]. — Минск : Беларусь, 1981. — Ч. 2. — С. 195—198.

Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 7-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Смалявіцкага раёна Катэгорыя:Раслінаводы СССР Катэгорыя:Раслінаводы Беларусі