Анто́кальскія мо́гілкі, часам Антакальніскія могілкі () — могілкі ў віленскім раёне Антокаль. Уключаюць тры некропалі: рэшткі прыкасцёльнага цвінтара на тэрыторыі касцёла Святых Пятра і Паўла, могілкі парафіі пад такой самай назвай і былыя вайсковыя могілкі.
Прыкасцёльны цвінтар
Цвінтар пры касцёле Свв. Пятра і Паўла на Антокалі з’яўляецца набольшым па захаванасці сярод прыкасцёльных некропаляў. На мурах касцёла, адной з капліц і агароджы знаходзяцца 14 эпітафій з мармуру і чыгуну. Ля ўваходу ў касцёл размешчаная таблічка ў памяць пра фундатара святыні, гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Паца.
Сярод знакамітых асоб, пахаваных тут, прадстаўнікі роду Агінскіх і Завішаў.
Парафіяльныя могілкі
Могілкі парафіі касцёла Свв. Пятра і Паўла, заснаваныя ў 1830 годзе, з’яўляюцца адным з трох каталіцкіх некропаляў у Вільні, якія захаваліся да нашага часу, такім чынам таксама займаючы месца сярод помнікаў нацыянальнай культуры. На ім знаходзяцца старажытныя пахавальныя капліцы Завішаў, Агінскіх, Сідаровічаў і Мяйштовічаў. Гэтыя могілкі не з’яўляюцца ахоўнай тэрыторыяй і надалей актыўна выкарыстоўваюцца са шкодай для старажытных помнікаў. Ахове падлягаюць толькі некалькі магіл, сярод якіх і грабніца Юзафа Завадскага, заснавальніка віленскай дынастыі выдаўцоў.
Вайсковыя могілкі Антокальскія вайсковыя могілкі займаюць плошчу больш за 15 гектараў на жывапісных Сапегаўскіх ровах. Яны былі заснаваны ў 1809 годзе як шпітальныя могілкі на плошчы 3,94 га, у 1844 годзе пашыраны на 2,18 га.
Па прапанове віленскага біскупа ў 1850 годзе тэрыторыя павялічана яшчэ на 2,42 га для каталіцкіх пахаванняў. У 1905 годзе пабудаваная першая невялікая праваслаўная царква па праекце архітэктара Уладзіміра Быкоўскага.
У 1918 годзе X нямецкая армія заклала ў паўночнай частцы вайсковыя нямецкія і рускія могілкі. У 1919—1921 гадах узніклі польскія вайсковыя могілкі для салдат, якія загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне. У 1939 годзе тут хавалі польскіх салдат, якія загінулі ў баях з немцамі. Пасля Другой сусветнай вайны ўзведзены маўзалей савецкім салдатам і збудаваная ганаровая алея. У 1991 годзе тут былі пахаваны літоўцы, забітыя ў сутычках з расійскімі ваеннымі пры абароне тэлевізійнай вежы і на мытным пераходзе ў Медніках. У 2003 годзе тут былі перазахаваны знойдзеныя рэшткі больш як 3000 салдат напалеонаўскага войска.
Асобы, пахаваныя на могілках
Ёнас Авіжус (1922—1999) — літоўскі пісьменнік. Народны пісьменнік Літвы. Мікалай Міхайлавіч Альшэўскі (1919—1944) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Герой Савецкага Саюза. Ніёле Амбразайціце (1939—2016) — савецкая літоўская оперная і камерная спявачка. Народная артыстка СССР. Юозас Балтушыс (1909—1991) — літоўскі савецкі пісьменнік і сцэнарыст, публіцыст, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Эдуардас Коста Бальсіс (1919—1984) — савецкі літоўскі кампазітар, педагог, грамадскі дзеяч. Народны артыст СССР. Данатас Банёніс (1924—2014) — літоўскі акцёр, тэатральны рэжысёр; Народны артыст Літвы, Народны артыст СССР. Альгірдас Бразаўскас (1932—2010) — першы прэзідэнт Літвы. Тэадор Буйніцкі (1907—1944) — польскі паэт. Хянрыкас Ванцавічус (1924—2014) — савецкі літоўскі акцёр, тэатральны рэжысёр, педагог. Народны артыст СССР. Антанас Венцлава (1906—1979) — літоўскі савецкі палітык. Рычардас Гавяліс (1950—2002) — літоўскі пісьменнік. Віктар Якаўлевіч Галаўчынер (1905—1961) — беларускі рэжысёр, акцёр, драматург. Канстанцін Галкоўскі (1875—1963) — беларускі дырыжор, кампазітар. Аляксандрас Гудайціс-Гузявічус (1908—1969) — літоўскі пісьменнік. Народны пісьменнік Літвы. Мячысловас Гядвілас (1901—1981) — літоўскі і савецкі палітык і дзяржаўны дзеяч. Вацлавас Даўнарас (1937—2020) — літоўскі оперны спявак, педагог. Народны артыст СССР. Уладас Дрэма (1910—1995) — літоўскі мастак і музейны супрацоўнік, мастацтвазнаўца, гісторык культуры, педагог.
Вінцэнціна Завадская з Жалтоўскіх (1824—1894) — аўтар папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская кухарка». Юзаф Завадскі (1781—1838) — віленскі друкар і выдавец. Мар’ян Здзяхоўскі (1861—1938) — польскі гісторык і філосаф. Костас Корсакас (1909—1986) — літоўскі савецкі паэт, крытык, літаратуразнавец і грамадскі дзеяч. Вітаўтас Кярнагіс (1951—2008) — спявак, складальнік песень. Юстынас Марцінкявічус (1930—2011) — літоўскі паэт, драматург. Вітаўтас Мацкявічус (1911—1991) — літоўскі жывапісец. Народны мастак Літвы. Віргіліюс Нарэйка (1935—2018) — літоўскі оперны спявак, педагог. Рамуальдас Озалас (1939—2015) — літоўскі палітык і публіцыст. Вітаўтас Пяткявічус (1930—2008) — літоўскі пісьменнік, палітычны і грамадскі дзеяч. Юстас Паляцкіс (1899—1980) — літоўскі журналіст, савецкі палітычны дзеяч. Саўлюс Сандзяцкіс (1928—2016) — літоўскі скрыпач, дырыжор, педагог. Народны артыст СССР. Пётр Сергіевіч (1900—1984) — беларускі мастак. Ева Сіманайціце (1897—1978) — літоўская пісьменніца. Аляксандр Штурман (1869—1944) — польскі мастак.
Гл. таксама Мемарыяльны ансамбль у памяць аб савецкіх воінах Вялікай Айчыннай вайны на Антакальнісе
Літаратура
Спасылкі
Галерэя фотаздымкаў на «Радзіме майго духу» Галерэя фотаздымкаў
Катэгорыя:Могілкі Вільні Катэгорыя:Могілкі паводле алфавіта Катэгорыя:З’явіліся ў 1809 годзе Катэгорыя:1809 год у Еўропе