Чэслаў Сэнюх або Сенюх (псеўд.: Чэслаў Любча; , Любча, гміна Любча, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польшча — ) — польскі літаратар, перакладчык, публіцыст.

Біяграфічныя звесткі Нарадзіўся Чэслаў Сенюх у мястэчку Любча ў 1930 годзе ў простай сям’і беларускіх сялян: ягоная маці Стэфанія была беларускай і паходзіла з вёскі Воўкаразі, што недалёка ад Любчы, а бацька Станіслаў быў родам з Украіны. Бацькі Чэслава пераехалі туды з Кіева ў 1920-я, ратуючыся ад бальшавікоў. Паводле сямейнай легенды, род Чэслава Сэнюха ўзыходзіць да літоўскага гетмана Міколы Сэняўскага.

Бацькі Чэслава добра ведалі польскую, украінскую і беларускую мовы, таму ў сям’і дзеці свабодна валодалі і размаўлялі на беларускай і на польскай мовах. Вучыўся Чэслаў у беларускай сямігадовай школе ў Любчы.

У 1941 годзе бацька памёр у турэмным лагеры пад Новасібірскам, куды быў вывезены перад вайной у 1940 годзе як «вораг народа», і сям’я засталася без бацькі і гаспадара. Падчас вайны Чэслаў Сэнюх быў у Саюзе беларускай моладзі.

У 1945 годзе сям’я Сэнюхаў пераехала ў Польшчу — спачатку ў Беласток, дзе ў 1950 годзе Чэслаў скончыў Беластоцкі ліцэй імя Жыгімонта Аўгуста, а потым ён паехаў у Варшаву, дзе паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, якое скончыў у 1954 годзе.

Працаваць пачаў адразу дыктарам і рэдактарам на польскім радыё. У час работы ў польскай рэдакцыі радыё «Масква» займаўся перакладамі з усходнеславянскіх моў. Рэдагаваў рускамоўны дадатак да польскага штотыднё­віка «Przyjazn» з урокамі польскай мовы для рускіх чытачоў, працаваў у рэдакцыі Варшаўскай кінастудыі дакументальных фільмаў.

Пэўны час Чэслаў Сенюх быў галоўным рэдактарам часопіса «Tlumacz» пры таварыстве польскіх перакладчыкаў.

З пачаткам перакладніцкай дзейнасці пачаў выступаць з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі на беларускія тэмы на старонках перыядычных выданняў «Gazeta Polska», «Oboz», «Czasopis», «Magazyn Literacki», «Наша слова», «Ніва», «Літаратура і мастацтва» і інш.

У верасні 1998 года Чэслаў Сэнюх напісаў заяву з просьбай лічыць сябе грамадзянінам БНР.

У 2009 годзе выйшаў дакументальны фільм «Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941—1944», дзе Чэслаў Сэнюх здымаўся як сведка тых падзей. Гэтак жа Чэслаў працаваў у беларускай службе Польскага Радыё.

Перакладніцтва Беларускай культурай Чэслаў Сэнюх пачаў актыўна займацца ў 1970-я гады. Працаваў над перакладамі беларускай паэзіі і прозы для часопіса «Literatura radziecka», які выдаваўся ў Маскве. Сярод ягоных першых перакладаў — верш Я. Купалы «Прарок» (1982), апавяданне Я. Брыля «Хуткі Нёман» (1989). Чэслаў Сэнюх таксама перакладаў раман У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1989), аповесць В. Быкава «Аблава» (1991), паэмы С. Законнікава (1996), а таксама вершы М. Танка, В. Зуёнка, У. Арлова, С. Адамовіча, Р. Барадуліна, У. Някляева.

Таксама Чэслаў Сэнюх цягам 10 гадоў (1991—2001) займаўся перакладам «Новай зямлі» Якуба Коласа, на што яго зматываваў Янка Брыль. Гэта найбольш грунтоўная праца аўтара.

Нацыянальнасць Пра сваё самавызначэнне Чэслаў Сэнюх распавёў:Па крыві я належу напалову Беларусі, напалову — Польшчы. разам з тым, нацыянальнасць мая — як у Адама Міцкевіча, калі трымацца ў гэтым пытанні таго падыходу, што вызначаецца яна свядомасцю і ёю ж ствараецца.

Узнагароды Узнагарода імя Вітальда Гулевіча (2015)

Спасылкі

Інтэрв’ю

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Навагрудскім павеце (1921—1940) Катэгорыя:Перакладчыкі з беларускай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на польскую мову Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Перакладчыкі Польшчы Катэгорыя:Члены Саюза беларускай моладзі