Аналена Шарлота Альма Бербак (; нар. , , ФРГ) — нямецкі палітык з Партыі зялёных. З 27 студзеня 2018 года разам з Робертам Хабекам узначальвае Саюз 90/Зялёныя.

З’яўляецца дэпутатам Бундэстага з 2013 года. З 2012 па 2015 год уваходзіла ў партыйны савет Саюза 90 / Зялёныя, а з 2009 па 2013 год — старшыня зямельнага камітэта партыі ў Брандэнбургу. Належыць да палітычнага крыла «Realo».

Біяграфія Вырасла разам з двума сёстрамі і кузінамі на старой ферме ў сяле Шуленбург недалёка ад Гановера. Вучылася ў школе імя Гумбальдта ў Гановеры. У юнацтве займалася скокамі на батуце. У 16-гадовым узросце на працягу года знаходзілася па абмене ў школе ў штаце Фларыда ў ЗША.

З 2000 да 2004 года вывучала паліталогію і публічнае права ў Гамбургскім універсітэце і з 2004 да 2005 года міжнароднае права ў Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук. Скончыла навучанне, атрымаўшы ступень магістра па міжнароднаму публічнаму праву.

З 2005 па 2008 год была супрацоўніцай дэпутата Еўрапейскага парламента Элізабэт Шрэдтэр і з 2008 па 2009 год рэферэнтам франкцыі Саюз 90 / Зялёныя па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі. У 2009 годзе пачала працу над дысертацыяй «Прыродныя катастрофы і гуманітарная дапамога» па міжнародным праве ў Свабодным універсітэце Берліна.

Для праходжання практыкі пераехала ў Брандэнбург, дзе пазнаёмілася са сваім мужам. Замужам за Даніэлем Голефляйшам, мае дзвюх дачок 2011 і 2015 года нараджэння і пражывае ў Патсдаме.

Погляды Лічыць немэтазгодным на сёняшні дзень сяброўства Украіны ў НАТА з-за яе нявырашанага канфлікту з Расіяй. У той жа час выказалася за тое, што на фоне цяперашняй напружанасці паміж Расіяй і Украінай варта ўзмацніць ціск на Расію, у прыватнасці, лічыць, што ўраду Германіі варта адмовіцца ад падтрымкі расійскага газаправода «Паўночны паток-2».

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Члены Саюза 90 — Партыі зялёных Катэгорыя:Члены бундэстага Германіі Катэгорыя:Міністры замежных спраў Германіі Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Германіі