Сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра або сімфанічны аркестр Белрадыёкамітэта — сімфанічны аркестр 1928—1937 гадоў у Мінску. Створаны на аснове сімфанічных аркестраў БДТ-1 і Беларускага дзяржаўнага музычнага тэхнікума.

У 1928 годзе ў складзе 50 чалавек. У розныя часы ў склад аркестра ўваходзілі музыканты С. Жыў (1-я скрыпка), Ю. Дрэйзін (2-я скрыпка), К. Бянеўскі (альт), М. Арлоў (віяланчэль), М. Славачэўскі (кантрабас), Б. Трызна (флейта), Б. Паграбняк (габой), Г. Эльтэрман (кларнет), М. Паграбняк (фагот), Я. Сцягенны (валторна), М. Штэйман (труба), І. Рыбкін (трамбон), М. Казакоў (туба), С. Маркоўскі (літаўры); дырыжоры А. Бяссмертны, І. Гітгарц, М. Міхайлаў (выпускнік Ленінградскай кансерваторыі па класе Э. Купера), К. Арлоў, Л. Штэйнберг.

Рэпертуар складалі творы кампазітараў розных эпох і кірункаў. Быў папулярызатарам беларускага музычнага мастацтва: праводзіў творчыя радыёвечары, справаздачныя канцэрты беларускіх кампазітараў. У яго выкананні гучалі творы М. Аладава, В. Залатарова, Р. Пукста, А. Туранкова, М. Чуркіна, А. Багатырова, М. Крошнера, Р. Самохіна, П. Падкавырава. З 1937 года ў складзе Беларускай філармоніі.

Крыніцы

Літаратура

Загородний Г. Н. Музыки высокое призвание. 2 изд. Мн., 1988; Загородний Г. Н. Белорусская государственная филармония Мн., 1981.

Катэгорыя:Сімфанічныя аркестры Беларусі Катэгорыя:Культура Мінска Катэгорыя:1928 год у Мінску Катэгорыя:З’явіліся ў 1928 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1937 годзе