«Прывід пяра» () — палітычны трылер 2010 года рэжысёра і сцэнарыста Рамана Паланскага. Экранізацыя рамана «» англійскага пісьменніка Роберта Харыса, які стаў суаўтарам сцэнарыя. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Юэн Мак-Грэгар, Пірс Броснан, Кім Кэтрал і Алівія Уільямс.

«Прывідамі пяра» ў выдавецкіх колах называюць літаратурных наймітаў, творчыя пакуты якіх нікому не вядомыя, але вынікі працы якіх робяцца лідарамі продажаў. Адзін з іх гіне, не паспеўшы выканаць заказ — мемуары былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Адама Ланга. Каб скончыць кнігу, выдавецтва наймае новага «прывіда», які яшчэ не здагадваецца, што гэтая праца можа аказацца смяротна небяспечнай, бо біяграфія прэм’ера закранае і дзяржаўныя таямніцы .

Прэм’ера фільма адбылася 12 лютага 2010 года ў межах конкурснай праграмы 60-га Берлінскага кінафестывалю. У шырокі пракат карціна ўпершыню выйшла ў Германіі 18 лютага 2010 года. Беларускі пракат фільма пачаўся 5 жніўня 2010 года .

Фільм быў высока ацэнены кінакрытыкамі і адзначаны мноствам прэстыжных кінаўзнагарод, у тым ліку «Сярэбраным мядзведзем» за найлепшую рэжысуру на Берлінскім кінафестывалі, шасцю «Еўрапейскімі кінапрэміямі», у тым ліку за найлепшы фільм, а таксама чатырма прэміямі «Сезар» .

Сюжэт Галоўны герой фільма — «прывід пяра», літаратурны найміт (Юэн Мак-Грэгар). Яго імя застаецца невядомым. Пра яго мінулае амаль нічога не вядома. Ён халасцяк з Лондана, які зарабляе на жыццё напісаннем мемуараў для знакамітасцяў, мае вялікі пісьменніцкі досвед, віртуозна валодае пяром, але вядомы толькі ў самых вузкіх колах. Такое рэзюмэ ідэальна падыходзіць для працы, якую яму прапанавала выдавецкая фірма «Райнхарт»: завяршыць мемуары былога брытанскага прэм’ер-міністра Адама Ланга (Пірс Броснан). Папярэднік «прывіда» — памочнік Ланга Майк Мак-Ара — нядаўна ўтапіўся.

Пісьменнік неадкладна вылятае ў Злучаныя Штаты і на пароме дабіраецца да вострава, дзе зараз жыве Адам Ланг са сваёй жонкай Рут (Алівія Уільямс), сакратаркай Амеліяй Блай (Кім Кэтрал) і іншымі набліжанымі. Ва ўльтрасучасным асабняку экс-прэм’ера са шклянымі сценамі і халодным абстрактным дызайнам ён пачынае працу над рукапісамі, якія патрабуюць істотнай дапрацоўкі. Амелія забараняе пісьменніку выносіць рукапісы Мак-Ары з катэджа, падкрэсліваючы, што яны ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Прыбыццё «прывіда» на востраў супадае з пачаткам палітычнага скандалу. Былы міністр замежных спраў Рычард Райкарт (Роберт П’ю) публічна абвінавачвае Ланга ў тым, што ён санкцыянаваў незаконны захоп падазраваных у тэрарызме і іх перадачу ЦРУ, дзе яны падвяргаліся катаванням, што з’яўляецца ваенным злачынствам. Цяпер за межамі ЗША Лангу пагражае пераслед Міжнароднага крымінальнага суда, юрысдыкцыя якога прызнана практычна ўсімі краінамі свету. Ужо на наступны дзень натоўпы пратэстоўцаў і рэпарцёраў апанавалі востраў. Насуперак парадам сваёй жонкі, Ланг з сакратаркай адпраўляецца з візітам у Вашынгтон. Тым часам «прывід», каб не стаць ахвярай пераследу пратэстоўцаў, змушаны пераехаць у асабняк Ланга і заняць пакой свайго папярэдніка па напісанні мемуараў. У пакоі Мак-Ары ён выпадкова знаходзіць схаваныя рэчы, якія ўказваюць на існаванне нейкай таямніцы. Сярод іх ёсць канверт з фотаздымкамі маладога Ланга. На адным з іх запісаны нумар тэлефона; «прывід» тэлефануе і, даведаўшыся, што гэта тэлефон Райкарта, не ўступае ў размову.

Падчас паездкі на ровары, «прывід» выпадкова сутыкаецца з мясцовым старажылам (Ілай Уолак), які пераканаўча даводзіць, што цячэнне ні ў якім разе не магло выкінуць цела Мак-Ары ў тым месцы, дзе яго знайшлі. Між іншым, ён сцвярджае, што яго суседка бачыла святло ліхтароў на пляжы ў ноч, калі загінуў Мак-Ара, але потым звалілася з лесвіцы і цяпер ляжыць у коме. У той жа дзень падчас вячэры паміж «прывідам» і Рут заходзіць размова пра смерць Мак-Ары і пісьменнік вырашае падзяліцца з Рут гісторыяй, пачутай ад старога. Рут моцна ўсхвалявана, яна прызнаецца, што таксама мела падазрэнні наконт смерці Мак-Ары. Знянацку яна выбягае пад дождж «прачысціць мазгі», просячы пакінуць яе адну. Сярод ночы наскрозь прамоклая Рут прыходзіць да «прывіда» ў спальню і расказвае, што перад смерцю Мак-Ары ён моцна пасварыўся з Лангам, але прычыны ёй невядомы. Рут моцна ўсхвалявана і расстроена, і пісьменнік дазваляе ёй застацца з ім. Яны праводзяць ноч разам.

Наступнай раніцай «прывід» бярэ машыну для гасцей, якой раней часта карыстаўся Мак-Ара, і адпраўляецца назад у гатэль, але спадарожнікавы навігатар настойліва рэкамендуе ехаць у іншае месца. Здагадваючыся, што навігатар можа ўказаць апошні маршрут, па якім ездзіў Мак-Ара, «прывід» вырашае ехаць, як кажа навігатар. Так ён трапляе на паром, перапраўляецца на «вялікую зямлю» і, прыбыўшы да нейкага асабняка, высвятляе, што гэта дом прафесара Пола Эмета (Том Уілкінсан). Гэта імя знаёмае пісьменніку: Эмет фігуруе ў рукапісе мемуараў, а на двух фотаздымках з тайніка Мак-Ары Ланг і Эмет разам. Нягледзячы на фотаздымкі, Эмет не прызнае блізкага знаёмства з Лангам. Калі пісьменнік выказвае здагадку, што Мак-Ара прыязджаў да Эмета ў ноч перад гібеллю, Эмет адмаўляе сустрэчу з Мак-Арам і дае зразумець пісьменніку, што не збіраецца размаўляць на гэту тэму. «Прывід» пакідае асабняк Эмета і выпраўляецца ў зваротны шлях, знячэўку ў пагоню за ім пускаецца невядомы чорны аўтамабіль. Літаратару ўдаецца адарвацца ад «хваста» і паспець на апошні паром. Аднак перад самым адплыццём на паром прыязджаюць і яго пераследнікі. «Прывід» ратуецца бегствам і, пакінуўшы машыну на пароме, сыходзіць на бераг і спыняецца на ноч у невялікім матэлі на паромнай прыстані.

«Прывіду» няма да каго звярнуцца па дапамогу, і ён вырашае набраць нумар Райкарта. Той згаджаецца на сустрэчу. Чакаючы Райкарта, пісьменнік шукае даныя на Эмета ў інтэрнэце і трапляе на інфармацыю, якая звязвае яго з ЦРУ. Падчас сустрэчы Райкарт сцвярджае, што менавіта Мак-Ара даў яму дакументы, што злучаюць Ланга з «катавальнымі палётамі». Акрамя іншага Райкарт сцвярджае, што Мак-Ара перад самай смерцю знайшоў нешта надзвычай важнае і зашыфраваў у «пачатку» рукапісаў. Райкарт праглядвае пачатак рукапісу, які атрымаў ад «прывіда», але нічога асаблівага не знаходзіць. У сваю чаргу пісьменнік дзеліцца інфармацыяй пра магчымую сувязь Эмета і Ланга, а Райкарт тлумачыць, як рашэнні Ланга ў часы, калі той быў прэм’ерам, былі на карысць ЗША. Тым часам «прывіду» тэлефануе сам Ланг і прапануе падабраць яго на прыватным самалёце. Падчас палёту пісьменнік абвінавачвае Ланга ў тым, што ён завербаваны Эметам агент ЦРУ. Ланг высмейвае гэтыя падазрэнні і прапануе працягнуць гэтую размову па вяртанні. Аднак пры выхадзе з самалёта Ланга забівае адзін з пратэстуючых.

Тым не менш, пісьменніку прапануюць скончыць кнігу для пасмяротнага выдання, якое цяпер бясспрэчна стане бестселерам. Амелія запрашае «прывіда» на прэзентацыю кнігі ў Лондане, дзе ў гутарцы прыгадвае, што амерыканцы сапраўды лічылі кнігу пагрозай нацыянальнай бяспекі, і што гэта неяк тычылася «пачаткаў». Пісьменнік заўважае, што на прэзентацыі прысутнічае Пол Эмет, і Амелія тлумачыць, што ён быў выкладчыкам Рут у Гарвардзе. Знянацку «прывід» робіць адкрыццё: таямніца была зашыфравана першымі словамі кожнага раздзела ў рукапісе. Склаўшы словы ў сказ, «прывід» чытае: «Жонка Ланга Рут была завербавана ў якасці агента ЦРУ прафесарам Полам Эметам з Гарвардскага ўніверсітэта». Ён прыходзіць да высновы, што Рут з’яўлялася сувязным звяном паміж ЦРУ і прэм’ерам.

«Прывід» перадае запіску Рут, дэманструючы сваё адкрыццё. Калі яна разгортвае запіску і бачыць пісьменніка, той падымае келіх, каб паказаць, што ўсё ведае. Рут імгненна перагаворвае з Эметам і іншымі сваімі памочнікамі. Пісьменнік выходзіць з будынку і спрабуе ўзяць таксі, але беспаспяхова. Калі ён перасякае вуліцу, чорны аўтамабіль на поўным хаду збівае яго. Старонкі рукапісу разлятаюцца па вуліцы.

Акцёрскі склад

Гісторыя стварэння Перадгісторыя Першапачаткова рэжысёр Раман Паланскі і пісьменнік Роберт Харыс разам працавалі над фільмам па рамане Харыса «Пампеі».

Кніга была ўпершыню апублікавана ў 2003 годзе і стала бестселерам. У ёй расказваецца гісторыю вывяржэння вулкана Везувій, якое адбылося ў 79 годзе нашай эры. Маладога інжынера Марка Атылія адпраўляюць рамантаваць вялізарны акведук, які забяспечвае вадой 250 тысяч чалавек вакол Неапалітанскага заліва. Атылій аказваецца ўцягнутым у палітыку і адначасова трапляе ў рамантычныя адносіны. Але неўзабаве яму даводзіцца змагацца не толькі з карумпаванымі сіламі, якія кіруюць горадам Пампеі, але, у рэшце рэшт, і з неадольнай сілай самой прыроды.

Раман быў адаптаваны для кіно ў 2007 годзе самім Харысам, а ў крэсла рэжысёра быў запрошаны Раман Паланскі. У шматлікіх інтэрв’ю Харыс прызнаваўся, што сюжэт яго рамана быў натхнёны фільмам Паланскага «Кітайскі квартал», і Паланскі ў сваю чаргу адзначаў, што менавіта гэтае падабенства прываблівала яго ў «Пампеях».

На фільм быў выдзелены бюджэт у 130 млн долараў, а прадзюсарамі карціны выступілі і , з якімі Паланскі раней працаваў над фільмамі «Піяніст» і «Олівер Твіст». Здымкі фільма павінны былі пачацца летам 2007 года ў Італіі. Аднак у верасні 2007 года праект прыйшлося звярнуць з-за пагрозы забастоўкі акцёраў. На той момант праца над фільмам вялася ўжо на працягу васямнаццаці месяцаў.

Праца над сцэнарыем Пасля спынення працы над «Пампеямі» Паланскі і Харыс вырашылі працягнуць супрацоўніцтва. На гэты раз гаворка ішла пра экранізацыю новага рамана Харыса пад назвай «». У цэнтры сюжэту гэтага рамана — гісторыя літаратурнага найміта, «прывіда пяра», якому даручана напісаць мемуары адстаўнога брытанскага прэм’ер-міністра. Многія рэцэнзенты разглядаюць гэты твор, як рэакцыю Харыса на дзейнасць Тоні Блэра, якому Харыс сімпатызаваў і ў якім моцна расчараваўся пасля вайны ў Іраку. Тым не менш, сам пісьменнік не раз адзначаў, што ідэя кнігі ўзнікла ў яго задоўга да абрання Блэра на пасаду прэм’ера. Асноўваючыся на размове з Харысам, Юэн Мак-Грэгар, выканаўца ролі «прывіда» ў фільме, так каментуе асноўную адпраўную кропку рамана:

Кніга была апублікавана ў верасні 2007 года, а ўжо ў лістападзе таго ж года Паланскі абвясціў, што плануе пачаць здымкі наступнай восенню. Тлумачачы выбар матэрыялу для новага фільма, Паланскі адзначаў: «Нейкі час я шукаў палітычны трылер, каб заняцца яго пастаноўкай, і „Прывід“ наўрад ці мог аказацца больш дасканалым. Роберт стварыў раман з такім узроўнем саспенсу, што ад яго не магчыма было адмовіцца». Усхваляючы кнігу Харыса, Паланскі таксама заявіў, што па ўзроўні саспенсу яна не саступае раманам .

Роберт Харыс узгадвае, што падчас здымкаў Паланскі вельмі блізка трымаўся да сцэнарыя і неахвотна ўносіў праўкі. Адной з істотных змен стала змена галоўнай лакацыі. У першапачатковай версіі сцэнарыя, як і ў рамане, падзеі адбываліся ў Нью-Ёрку. Аднак з-за абмежаванняў бюджэту ад гэтага прыйшлося адмовіцца. Дзеянне большай часткі фільма было перанесена на востраў у Атлантычным акіяне.

Адзінае, што ў сюжэце заставалася нявызначаным нават калі пачаліся здымкі — гэта канцоўка. Паводле сцэнарыя, у канцы «прывід» мусіў знікнуць, проста растаць у натоўпе. Але пазней Паланскі вырашыў, што ў фільма павінен быць больш рашучы фінал.

Падбор акцёраў Першапачаткова на галоўныя ролі ў фільме былі зацверджаны Нікалас Кейдж, Пірс Броснан і Цільда Суінтан. Аднак пасля таго, як здымкі былі адтэрмінаваны на некалькі месяцаў, у акцёрскім складзе адбыўся шэраг змен. Нікалас Кейдж адмовіўся ад ролі «прывіда», а на яго месца быў запрошаны Юэн Мак-Грэгар. Яшчэ адной заўважнай зменай у акцёрскім складзе стала прызначэнне Алівіі Уільямс на ролю жонкі экс-прэм’ера замест абвешчанай раней Цільды Суінтан. Роля сакратаркі прэм’ера была аддадзена актрысе Кім Кэтрал. У студзені 2009 года да акцёрскага складу далучыліся Том Уілкінсан і Джэймс Белушы.