Гра́фства Тулу́за () — сярэдневяковае графства ў Паўднёвай Францыі, якое размяшчалася на тэрыторыі сучаснага рэгіёна Аксітанія. Сталіцай графства быў горад Тулуза.
Гісторыя
Перадгісторыя У час рымскага валадарства тэрыторыя, якая пазней атрымала назву Лангедок, уваходзіла ў склад рымскай правінцыі Нарбонская Галія. Пазней большая частка ўвайшла ў склад Тулузскага каралеўства вестготаў, сталіца якога была ў горадзе Тулуза. У першай палове VI стагоддзя гэтая тэрыторыя была заваявана франкамі і ўвайшла ў склад Франкскага каралеўства. Пазней тэрыторыя ўваходзіла ў склад першага Аквітанскага каралеўства, пазней у склад напаўнезалежнага Аквітанскага герцагства.
Утварэнне графства Яшчэ Меравінгі для кіравання Тулузай і яе наваколлямі пачалі прызначаць графаў. Але згадкі пра іх надзвычай скупыя і няпоўныя. Толькі пры Каралінгах пра графы Тулузы з’яўляюцца больш поўныя звесткі.
Пасля падпарадкавання Аквітанскага герцагства Карл Вялікі ўтварыў для абароны ад баскаў у 778 годзе новае Аквітанскае каралеўства, кіраўніком якога зрабіў свайго нованароджанага сына Людовіка (будучага імператара Людовіка Набожнага). Пры гэтым графам Тулузы і герцагам Аквітаніі Карл прызначыў графа Карсона, які быў захоплены баскамі ў 787 годзе.
Наступным графам Тулузы ў 790 годзе стаў Гільём Жэлонскі. Ён здолеў пашырыць свае ўладанні.
thumb|300px|left|Графства пры Берэнгеры I Мудрым у 832—835 гадах
Пры пераемніках Гільёма была ўтворана Тулузская маркаУ некаторых крыніцах кіраўнікоў Тулузы называюць герцагамі., кіраўніка якой прызначаў імператар.
Пасля смерці Людовіка Набожнага па Вердэнскім дагаворы Тулуза і Аквітанія павінна была дастацца Карлу Лысаму. Гэтаму запрацівіліся аквітанцы, якія баранілі правы яго пляменніка Піпіна II, пакуль кіраўнік Тулузы, Фрэдэлон, не дапамог Карлу Лысаму авалодаць горадам, за што і быў прызначаны графам Тулузы ў 850 годзе.
Брат Фрэдэлона, Раймунд I (852—865), які акрамя Тулузы валодаў графствамі Руэрг і Керсі, і сыны апошняга Бернар II (865—875) і Эд (875—918) заклалі падмурак магутнасці свайго дому.
Каля 878 года да Тулузскага графства была далучана вобласць Альбіжуа, якая стала пасля графствам Альбі. Значэнне графаў Тулузы ўзрастала па меры таго, як улада Каралінгаў у Францыі прыходзіла да заняпаду. Вельмі хутка графам Тулузы ўдалося дамагчыся амаль поўнай незалежнасціТэарэтычна графы Тулузы былі васаламі караля Францыі, але на справе былі цалкам незалежныя. і ператварыць пасаду графа ў спадчынны тытул, які замацаваўся ў сям’і графаў Руэрга.
Графства ў X — XII стагоддзях thumb|Графства Тулуза ў 1154 г. У пачатку X стагоддзя ў васальнай залежнасці ад графаў Тулузы знаходзіліся іншыя бароны Лангедока. У той жа час графы Тулузы паспяхова змагаліся супраць нарманаў, над якімі ў 923 годзе Раймунд II (918—923) у саюзе з герцагам Аквітаніі Гільёмам II атрымаў бліскучую перамогу.
Сын Раймунда II, Раймунд III (923—950), выгнаў венграў з Праванса (924) і павялічыў свае ўладанні, далучыўшы да іх графства Авернь, Гоцкую марку і герцагства Аквітанія. Але за ўладанне Аквітаніяй і Аверню Раймунду III, а затым і яго сыну, прыйшлося змагацца з графамі Пуацье, якія з гэтай барацьбы выйшлі пераможцамі.
Гільём III Тайлефер (950—1037), парадніўся з новай каралеўскай дынастыяй Капетынгаў, прызнаўшы апошніх сваімі сюзерэнамі. Ён доўга змагаўся з графамі Барселоны за графства Праванс, у выніку чаго змог далучыць да сваіх уладанняў частку Праванса і атрымаць тытул маркіза Праванса.
Яго сын Понс (1037—1060) насіў таксама і тытул палаціна Аквітанскага.
Да пачатку крыжовых паходаў тулузскія графы былі самымі магутнымі феадаламі Паўднёвай Францыі. Уладанні іх распасціраліся ад Луары да Пірэнеяў і ад Гароны да Міжземнага мора. Як члены вышэйшай феадальнай іерархіі, графы тулузскія называліся пэрамі Францыі. Гільём IV Набожны (1060—1088), які адрозніваўся рэлігійным запалам, пачаў паломніцтва ў Палесціну, у час якога памёр, пакінуўшы спадчыннікам брата свайго Раймунда IV Сен-Жыля (1088—1105), які стаў адным з правадыроў Першага крыжовага паходу. Яму была прапанавана іерусалімская карона, але ён ад яе адмовіўся. Раймунд IV, як і яго сыны Бертран (1105—1112) і Альфонс Іардан (1112—1148), скончылі сваё жыццё ў Палесціне, дзе ім належала княства Трыпалі.
Альбігойскія войны і далучэнне да Францыі
thumb|400px|Лангедок напярэдадні Альбігойскага крыжовага паходу (1209)
У канцы XII стагоддзя Тулузскае графства дасягнула вышэйшай ступені дабрабыту і культуры. Часы кіравання Раймунда V (1148—1194) былі залатым векам правансальскай літаратуры. Бліскучы двор тулузскіх графаў стаў інтэлектуальным цэнтрам Еўропы.
У той жа час у графстве атрымала развіццё ерась альбігойцаў. Раймунд VI (1194—1222), які бараніў іх ад праследаванняў папы Інакенція III, быў адлучаны ад царквы. У 1209 годзе супраць альбігойцаў і графа Тулузы быў абвешчаны крыжовы паход пад камадваннем Сімона дэ Манфор, які авалодаў усёй краінай і ў 1215 годзе атрымаў яе ў дар ад Папы. Раймунд VI не адмаўляўся, аднак, ад сваіх правоў. У 1218 годзе Сімон дэ Манфор быў забіты пры аблозе горада Тулузы, і графства зноў перайшло да Раймунда VI, яго спадчыннікам стаў сын Раймунд VII, таксама адлучаны ад царквы. У 1226 годзе супраць яго пачаў вайну кароль Францыі Людовік VIII, якому спадчыннік Сімона, Амары, саступіў свае правы на Тулузскае графства. У 1229 годзе па Парыжскім дагаворы Раймунд VII адмовіўся на карысць французскага караля ад большай часткі сваіх уладанняў і публічна адрокся ад ерасі. Для праследавання ератыкоў у Тулузскім графстве былі заснаваны інквізіцыйныя трыбуналы, якімі кіравалі пераважна дамініканскія манахі.
Адзіная дачка і спадчынніца Раймунда, Жанна была ў 1241 годзе выдадзена замуж за сына Людовіка VIII, Альфонса дэ Пуацье, які атрымаў тытул графа Тулузы. Пасля смерці Жанны і Альфонса ў 1271 годзе і астатняя частка графства Тулузскага перайшла да французскай кароны.
Гл. таксама Спіс графаў Тулузскіх
Літаратура René Poupardin, «Ludovico il Pio», cap. XVIII, vol. II (L’espansione islamica e la nascita dell’Europa feudale) della Storia del Mondo Medievale, pp. 558—582. René Poupardin, I regni carolingi (840—918), in «Storia del mondo medievale», vol. II, 1999, pp. 583—635 Louis Halphen, Francia: Gli ultimi Carolingi e l’ascesa di Ugo Capeto (888—987), in «Storia del mondo medievale», vol. II, 1999, pp. 636—661 Louis Halphen, La Francia nell’XI secolo, in «Storia del mondo medievale», vol. II, 1999, pp. 770—806 William B. Stevenson, La prima crociata, in «Storia del mondo medievale», vol. IV, 1999, pp. 718—756 Charles Lethbridge Kingsford, Il regno di Gerusalemme, 1099—1291, in «Storia del mondo medievale», vol. IV, 1999, pp. 757—782 E. F. Jacob, Innocenzo III, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 5-53 A. S. Tuberville, Le eresie e l’Inquisizione nel medioevo: 1000—1305 ca., in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 568—598 Hastings Rashdall, Le università medioevali, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 657—704 Louis Halphen, La Francia: Luigi VI e Luigi VII (1108—1180), in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 705—739 Frederik Maurice Powike, I regni di Filippo Augusto e Luigi VIII di Francia, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 776—828 Charles Petit-Dutaillis, Luigi IX il Santo, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 829—864 Rafael Altamira, La Spagna (1031—1248), in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 865—896 Doris M. Stenton, Inghilterra: Enrico II, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 99-142 Frederick Maurice Powicke, Riccardo I e Giovanni, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 143—197 Hilda Johnstone, Francia: gli ultimi Capetingi, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 569—607 Hilda Johnstone, Inghilterra: Edoardo I e Edoardo II, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 673—717 Paul Fournier, Il regno di Borgogna o di Arles dall’XI al XV secolo, in «Storia del mondo medievale», vol. VII, 1999, pp. 383—410
Спасылкі
Сайт Foundation for Medieval: графы Тулузы FOIXSTORY : Généalogie : les Comtes de Toulouse Lewis, Archibald R. The Development of Southern French and Catalan Society, 718—1050. University of Texas Press: Austin, 1965.
Катэгорыя:Графствы Францыі