Мсціслаўская берасцяная грамата — фрагмент берасцяной граматы XIII ст., знойдзены ў 1980 годзе археолагам Л. В. Аляксеевым пры раскопках гарадзішча Замкавая гара ў Мсціславе. Першая берасцяная грамата, выяўленая на тэрыторыі Беларусі пры археалагічных раскопках. Мсціслаў — шосты горад (пасля Вялікага Ноўгарада, Пскова, Смаленска, Старой Русы і Віцебска), дзе знойдзены берасцяныя граматы, ён быў самым паўднёвым пунктам іх распаўсюджвання да выяўлення грамат у Звянігарадзе (Украіна). Зберагаецца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава.

Выяўлена пры раскопках сядзібы 20—30-х гг. XIII стагоддзя. Стратыграфія залягання і асаблівасць палеаграфіі граматы дазваляюць датаваць яе 1219—1220 гг. На тэрыторыі гэтай жа сядзібы ў 1979 годзе быў выяўлены круг з ружовага сланцу з надпісам НТАЖ.

Апісанне У верхнім радку берасцяной граматы тэкст: «Нце полупять грнвN», у ніжнім — слаба разборлівае слова «Осмьнад/цать». На падставе таго, што ў грамаце ідзе гаворка пра закупку вельмі вялікай партыі пшаніцы, на цэлыя чатыры з паловай грыўні, Леанід Аляксееў лічыць, што гэта была сядзіба князя або значнага феадала. Параўнанне запісанай у грамаце сумы з тымі, што належала заплаціць таму ці іншаму гораду, дазволіла выказаць меркаванне, што ў грамаце прыведзены памер закупкі збожжа ў маштабах цэлага горада. Улічваючы неўрадлівыя гады ў Мсціславе, якія былі ўстаноўлены па дэндрахраналагічных спілах, а таксама той факт, што знойдзена грамата была ніжэй маставой, датаванай 1249 г., Л. В. Аляксееў прыйшоў да высновы, што грамата была напісана ў 1219—1220 гг. Гэтыя гады былі неўрадлівымі для Мсціслава, таму і спатрэбілася закупіць так многа збожжа.

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Мсціслава Катэгорыя:Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава Катэгорыя:Берасцяныя граматы Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты Мсціслаўскага раёна Катэгорыя:1980 год у Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў XIII стагоддзі Катэгорыя:XIII стагоддзе ў Беларусі